МУС ня хоча плаціць кампэнсацыю сям’і Ігара Пцічкіна, які памёр у СІЗА

Ігар Пцічкін

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі зьвярнулася з касацыйнай скаргай у калегію грамадзянскіх спраў Менскага гарадзкога суду ў справе выплаты кампэнсацыі маці і сястры Ігара Пцічкіна.

МУС Беларусі не пагаджаецца з рашэньнем суду Заводзкага раёну Менску ад 23 сакавіка. Тады суд ухваліў рашэньне аб кампэнсацыі сваякам матэрыяльнай і маральнай шкоды за сьмерць Ігара Пцічкіна, які памёр 4 жніўня 2013 году ў менскім СІЗА № 1.

Яго маці Жанна Пцічкіна і сястра Ірына былі прызнаныя пацярпелымі з выплатай ім матэрыяльнага ўрону (з улікам інфляцыі і маральнай шкоды — 20 000 рублёў для Жанны Пцічкінай і 10 000 рублёў для Ірыны Пцічкінай). Абавязак выплаціць быў ускладзены на МУС, але ведамства падало касацыйную скаргу, каб ня сплочваць матэрыяльную і маральную шкоду.

МУС просіць Менскі гарадзкі суд адмяніць рашэньне раённага суду і перакласьці абавязак выплаты кампэнсацыі на Міністэрства фінансаў. З аднаго боку, МУС прызнае, што шкода прычынена дзяржаўным органам (СІЗА № 1 гораду Менску, дзе праходзіў службу фэльчар Аляксандар Крылоў); зь другога боку, сьцьвярджае, што адказнасьць у кампэнсацыі шкоды мусіць несьці дзяржаўная казна.

У касацыйнай скарзе МУС даводзіць, што ў ходзе судовых слуханьняў не было прад’яўлена належных доказаў, якія б сьведчылі пра фізычныя і маральныя пакуты маці і сястры, а вызначаны памер маральнай шкоды завышаны і «не адпавядае патрабаваньням разумнасьці і справядлівасьці з улікам віны».

МУС — Жанне Пцічкінай: «Ня трэба было ставіць такі дарагі помнік»

МУС таксама не пагаджаецца з сумай выплаты, зьвязанай з пахаваньнем памерлага: яшчэ падчас слуханьняў прадстаўніца ведамства заяўляла Жанне Пцічкінай, што «ня трэба было ставіць такі дарагі помнік».

Не пагадзіўся МУС і з тым, што суд Заводзкага раёну прыняў рашэньне праіндэксаваць суму матэрыяльных выдаткаў у сувязі з інфляцый — маўляў, прысуджаная Жанне Пцічкінай выплата не прадугледжаная ў якасьці аб’екта індэксацыі.

Цяпер юрысты праваабарончага цэнтру «Вясна», якія дапамагаюць сям’і Пцічкіных, рыхтуюць пярэчаньне на касацыйную скаргу міліцэйскага ведамства:

«Чаго вартыя адны толькі аргумэнты МУС, што маці недастаткова даказала маральныя пакуты, — кажа Свабодзе юрыст цэнтру Валянцін Стэфановіч. — А як гэта даказаць — сьведак прывесьці, якія бачылі, што яна недзе плакала? Сьмерць блізкага чалавека цягне за сабой маральныя пакуты, прынамсі ў абсалютнай бальшыні выпадкаў. А тут яшчэ пікантнасьць сытуацыі ў тым, што Беларусь нядаўна выступала са справаздачай у Камітэце правоў чалавека ААН. І адно з прынцыповых пытаньняў якраз тычылася справы Пцічкіна. Яны адпісалі, што прыцягнулі да адказнасьці фэльчара-міліцыянта, яшчэ нешта, а як плаціць кампэнсацыю, дык пачынаюцца выкрутасы».

Больш за тры гады спатрэбілася Жанне Пцічкінай, каб дамагчыся крымінальнай справы за неналежнае выкананьне прафэсійных абавязкаў фэльчарам мэдчасткі «Валадаркі» Аляксандрам Крыловым, якое пацягнула сьмерць ейнага сына празь неасьцярожнасьць.

Ігар Пцічкін памёр 4 жніўня 2013 году, калі адбываў 3 месяцы арышту за тое, што кіраваў аўтамабілем, ня маючы правоў. Там да яго былі ўжытыя «меры фізычнага стрымліваньня ў выглядзе фіксацыі рамянямі», у такім стане малады чалавек знаходзіўся больш за 20 гадзін да моманту сьмерці.

Адміністрацыя ізалятару заявіла, што Пцічкін памёр ад сардэчнай хваробы, але сваякі выявілі на целе сінякі і сьляды пашкоджаньняў.