Расейскі тэлевядоўца Уладзімір Познэр папрасіў прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна і патрыярха Кірыла растлумачыць, ці прадугледжана ў Расеі крымінальная адказнасьць за атэізм.
15 траўня Познэр, камэнтуючы працэс над відэаблогерам Русланам Сакалоўскім, пацікавіўся ў эфіры сваёй праграмы на «Першым канале», ці не чакае яго самога суд і «мяккі прысуд» за тое, што ён ня верыць у існаваньне Бога.
Напярэдадні міжнародная праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch заклікала расейскія ўлады адмяніць абвінаваўчы прысуд Сакалоўскаму, арыштаванаму пасьля публікацыі відэароліка пра «лоўлю пакемонаў» у храме.
11 траўня блогер зь Екацярынбургу быў прысуджаны да трох з паловай гадоў умоўна па артыкулах аб абразе пачуцьцяў вернікаў і ўзбуджэньні нянавісьці. У заключэньні суду, у прыватнасьці, гаварылася, што Руслан Сакалоўскі адмаўляе існаваньне Ісуса Хрыста і прарока Мухамеда.