Як расказаў Свабодзе галоўны рэдактар выданьня Васіль Зданюк, з другога паўгодзьдзя 2017 году газэта зьявіцца ў каталёгу «Белпошты».
Паводле Зданюка, такой магчымасьці рэдакцыя была пазбаўленая апошнія 14 гадоў, і ён спадзяецца, што падпісная кампанія будзе ўдалай.
Васіль Зданюк тлумачыць вяртаньне ў сыстэму «Белпошты» невялікім лібэральным ухілам уладаў. Некалькі гадоў таму тыднёвіку дазволілі прадавацца ў шапіках «Белсаюздруку».
«Падпіска для нас вельмі важная, — гаворыць Васіль Зданюк. — Сёньня асноўны спажывец друкаваных СМІ жыве ў сельскай мясцовасьці і невялікіх гарадах, у Менску ды абласных цэнтрах людзі больш карыстаюцца інтэрнэтам. А ў вёсцы няма шапікаў, купіць газэту немагчыма. Адпаведна, спадзеў толькі на падпіску. Таму разьлічваем, што цяпер да вясковага жыхара „Свободные новости плюс“ дойдуць безь перашкод.
Увесь наш наклад — звыш 27 тысяч — цалкам у шапіках прадаецца. Спадзяёмся, што цяпер да гэтай лічбы нешта дадасьць падпіска. Нават заклікаем: хай дзеці падпішуць сваіх бацькоў па вёсках. Хто там будзе гэтым займацца? А дзеці ў гарадах парупяцца, старым будзе прыемна. Яна недарагая: на месяц меней за 3 рублі, на тры месяцы — 8 рублёў з капейкамі».
Аляксандар Лукашэнка, сустракаючыся сёлета ў лютым з галоўным рэдактарам газэты «Народная воля» Ёсіфам Сярэдзічам, паабяцаў, што праблемы з распаўсюдам незалежных і рэгіянальных газэт праз пошту і шапікі «Белсаюздруку» больш ня будзе. Сярод выданьняў, якім быў вернуты доступ у шапікі і пошту — «Борисовские новости», «Вольнае Глыбокае», «Газета Слонімская», «Ганцавіцкі час», Intex-press, «Новы час», «Свободные новости плюс», «Рэгіянальная газета» і «ARCHE. Пачатак».
Сваім днём нараджэньня «Свободные новости» лічаць люты 1991 году. Пэўны час абмяжоўваліся фарматам альманаху (раз на два тыдні), а ў 1994-м, са зьменай формы ўласнасьці, атрымалі статус тыднёвіка.
Наклад выданьня ў свой час перавышаў 100 тысяч асобнікаў.
У 2003-м «Свободные новости» былі выкрасьленыя з каталёгу «Белпошты».