Пачынаючы з 1998 году, я стараюся кожны год пабываць на Міжнародным кніжным кірмашы ў Празе «Svět knihy». Сёлетні «Svět knihy 2017» — гэта ўжо 23-ці такі кірмаш.
Арганізатары кажуць, што ў Прагу прыяжджаюць штогод каля 300 выдаўцоў з 30 краінаў. На працягу чатырох дзён кірмаш наведваюць у сярэднім 40 тысяч чалавек. Гэта — голая статыстыка, і яна ня надта ўражальная, калі параўнаць праскі кірмаш з гіганцкімі кніжнымі выставамі ў Франкфурце-на-Майне або ў Ляйпцыгу. Але праскае мерапрыемства мае свой шарм — менавіта з прычыны сваёй «сярэднеэўрапейскай утульнасьці».
Наведнікаў у Празе менш, чым на нямецкіх кірмашах, але гэта адначасова азначае, што тут менш цісканіны ды нэрвовасьці. Людзі нікуды не сьпяшаюцца, практычна за паўгадзіны можна прайсьці ўвесь асноўны арэал выставы, паглядзець стэнды ўсіх выдавецтваў і потым засяродзіцца на тых, якія вас асабліва зацікавілі.
Міжнародных выдаўцоў і аўтараў на праскім кірмашы наогул няшмат. «Сьвет кнігі» — найважнейшая штогадовая нагода паказацца якраз чэскім выдаўцам і аўтарам. Праграма аўтарскіх сустрэчаў і аўтограф-сэсіяў шчыльна запакаваная на працягу ўсіх дзён кніжнай выставы.
Сёлета мы з жонкай вырашылі, што пойдзем на дзьве аўтарскія сустрэчы, у суботу 13 траўня. Мне хацелася паслухаць Здэнька Сьверака, выдатнага чэскага актора, сцэнарыста і пісьменьніка (творцы «міталягічна-архетыпнага» вобразу чэха — Яры Цымрмана), які апошнім часам выдаў некалькі кнігаў са сваімі апавяданьнямі і кінасцэнарамі. У Сьверака — своеасаблівае пісьменьніцкае пачуцьцё гумару, якое адразу асацыюецца з найлепшымі ўзорамі творчасьці Яраслава Гашэка і Карэла Чапэка.
А мая жонка конча захацела атрымаць аўтограф Галіны Паўлоўскай, яе ўлюбёнай чэскай пісьменьніцы, на кніжках якой яна вывучыла чэскую літаратурную мову. Галіна Паўлоўска — дачка русіна і чэшкі — першаклясная celebrity (пішу гэта бязь ценю іроніі) чэскай літаратурнай і тэлевізійнай сцэны. Гэта, калі можна так сказаць, «жаноча-бабскае» ўвасабленьне згаданых Гашэка і Чапэка. Для мяне яе літаратура — «занадта жаночая», але мая жонка кажа, што дзьве кніжкі Паўлоўскай варта перакласьці на падляскую. І што яна гэта зробіць…
Вядучай тэмай сёлетняга кніжнага кірмашу ў Празе была «Genius loci ў літаратуры». Арганізатары запрасілі пісьменьнікаў і літаратуразнаўцаў зь дзевяці эўрапейскіх гарадоў (гэтак званых Крэатыўных местаў літаратуры ЮНЭСКА) — Барсэлёны, Дубліну, Эдынбургу, Гайдэльбэргу, Любляны, Львова, Нотынгаму і Обідасу — зь якімі праводзілі сустрэчы, гутаркі і чытаньні. Паколькі я не знайшоў у праграме ніводнага знаёмага мне прозьвішча, гэты аспэкт кірмашу я прапусьціў па-за ўвагай. Але не магу не адзначыць — стала крыўдна за Менск. Чым не крэатыўнае места (і месца) літаратуры? Праўда, на кірмашы быў невялікі стэнд Books from Belarus, на якім было трохі кнігаў менскіх дзяржаўных выдавецтваў. Не было аднак ні «Логвінава», ні «Галіяфаў». Але на адным з чэскіх стэндаў кірмашу можна было набыць кнігу Паўла Севярынца «Люблю Беларусь» у чэскім перакладзе Сьвятланы Ўранавай, адной з аўтарак Свабоды.
У нашай хаце няма ўжо ні адной свабоднай паліцы, дзе можна паставіць кнігу, тым ня менш у выдавецтве «Slovart» я набыў дзьве дыхтоўныя кнігі-альбомы пра Клёда Манэ і Густава Клімта. А жонцы захацелася мець клясычную «Гісторыю строяў» Агюста Расінэ ў ангельскім перакладзе…
Ходзячы па кірмашы, мы з жонкай запісалі сваімі тэлефончыкамі некалькі відэаназіраньняў. Зь іх маёй рэдакцыйнай калезе, якая сьціпла пажадала застацца ананімнай, удалося зьляпіць вось такі відэаролік. Калі ласка:
Your browser doesn’t support HTML5