У Слоніме яшчэ не збудавалі вуліцы, каб назваць яе імем Івана Шэгі

Іван Шэга, архіўнае фота

Слонімскія актывісты атрымалі адказ з раённага Савету дэпутатаў на запыт надаць адной з вуліц у Слоніме імя Івана Шэгі (такой вуліцы пакуль няма).

У адказе з райсавету гаворыцца, што «ў цяперашні час на тэрыторыі гораду Слоніму ня маецца новых элемэнтаў вулічна-дарожнай сеткі для наданьня ім найменьняў».

Аднак, як паведамляецца, пры зьяўленьні такога элемэнту тапанімічная камісія разгледзіць прапанову разам зь іншымі прапановамі грамадзян у адпаведнасьці з дзейным заканадаўствам.

Слонімскі актывіст Віктар Марчык сказаў Свабодзе, што не зусім задаволены адказам з райвыканкаму.

Віктар Марчык

— Яны даволі хітра адказалі, маўляў, пакуль няма новых вуліц. Але ж дамы ў новым мікрараёне будуюцца, а значыць, будуць новыя вуліцы. Дык чаму не напісаць нам пра пляны, якімі імёнамі зьбіраюцца іх назваць? Слонімцы паставілі каля 400 подпісаў за тое, каб назваць адну зь іх у гонар Івана Шэгі. Ня думаю, што за нейкую іншую назву вуліцы ў Слоніме нехта зьбіраў подпісы грамадзян. Усё ў гэтым адказе неканкрэтна, хоць, паўтаруся, яны адказваюць ня толькі сябрам апазыцыйных партый ці грамадзкіх арганізацый, пад лістом падпісалася каля 400 грамадзян Слоніму.

Марчык кажа, што лекар Іван Шэга быў шанаваным найперш сярод звычайных людзей, якія прыходзілі да яго ў шпіталь на прыём, якія зьвярталіся са сваім болем і ў непрацоўны час, але ён нікому і ніколі не адмаўляў у дапамозе.

Доктар Іван Шэга быў сябрам сойму Партыі БНФ, спэцыялістам вышэйшай катэгорыі, які адпрацаваў траўматолягам у Слонімскай раённай бальніцы 30 гадоў.

Улетку 2013 году Шэга быў звольнены, як меркавалі яго аднапартыйцы, з палітычных матываў, хоць кіраўніцтва бальніцы гэта адмаўляла. Пасьля звальненьня заснаваў недзяржаўную ўстанову «Шэгамэдкансульт».

Іван Шэга памёр 4 кастрычніка 2016 году ў Слоніме ад цяжкага анкалягічнага захворваньня. Яму было 63 гады.