«Рассельгаснагляд» вырашыць, ці можна «амніставаць» беларускія прадпрыемствы 


15 траўня ў Маскве пройдзе сустрэча прадстаўнікоў аграрных ведамстваў Беларусі і Расеі. Пра гэта паведаміў дырэктар Дэпартамэнту вэтэрынарнага і харчовага нагляду Аляксандар Субоцін.


Падчас нарады вырашыцца лёс беларускай прадукцыі, пастаўкі якой забароненыя на спажывецкі рынак суседняй дзяржавы. Прычынамі абмежаваньняў на ўвоз — неадпаведная якасьць і выкарыстаньне «санкцыйнай сыравіны» з трэціх краінаў.


Пры канцы тыдня ў Беларусі завяршылі працу экспэрты «Рассельгаснагляду», якія правяралі беларускія прадпрыемствы. Папярэднія вынікі інспэкцыі пакуль не агалошваюцца, але, як удакладніў чыноўнік, у панядзелак ён зьбіраецца ў Міністэрства сельскай гаспадаркі Расеі, дзе заплянаваная працоўная сустрэча з намесьнікам міністра Яўгенам Непаклонавым.


«Падчас сустрэчы будзе абмяркоўвацца цэлы шэраг пытаньняў, у тым ліку і вынікі інспэкцыі супрацоўнікаў «Рассельгаснагляду», — сказаў Субоцін.


Паводле афіцыйных дадзеных, за два тыдні прадстаўнікі расейскага ведамства наведалі 13 прадпрыемстваў, якія спэцыялізуюцца на перапрацоўцы малака, мяса і рыбы. У красавіку пяць групаў спэцыялістаў правярылі 18 прадпрыемстваў, толькі два былі «амніставаныя».