Ад 15 траўня зьмяняецца мэханізм абслугоўваньня пасажыраў, якія ляцяць з Беларусі ў Расею. Пра гэта паведамляе сайт Нацыянальнага аэрапорту Менска.
Галоўная адметнасьць новаўводзінаў у тым, што ўсе беларускія рэйсы з унутраных тэрміналаў пераводзяцца ў міжнародныя сэктары расейскіх аэрапортаў. Адпаведна, будзе ажыцьцяўляцца памежны кантроль паветраных судоў і пасажыраў. Дагэтуль рэйсы зь Беларусі не даглядаліся і былі прыраўнаныя да ўнутраных маршрутаў.
Беларускі бок контарзахадаў уводзіць не зьбіраецца, менскі аэрапорт будзе працаваць у ранейшым рэжыме — памежны кантроль у дачыненьні да пасажыраў, якія ляцяць з Расеі, ажыцьцяўляць не плянуецца.
Выключэньнем — пасажыры, якія ляцяць у Расею транзытам праз Нацыянальны аэрапорт «Менск»: ад іх патрабуецца прадʼявіць дакумэнт, які сьведчыць асобу, а таксама міграцыйную карту, якую неабходна запоўніць па прыбыцьці ў Беларусь.
Больш падрабязнае тлумачэньне наступстваў пераводу рэйсаў зь Беларусі ў міжнародныя тэрміналы расейскіх аэрапортаў будзе дадзены пасьля маніторынгу новай тэхналёгіі абслугоўваньня пасажыраў", — адзначаюць у адміністрацыі менскага аэрапорту.