Амбасадар Беларусі ў Кітаі абяцае, што замежныя інвэстары перагледзяць свае «фобіі Беларусі»

Амбасадар Беларусі ў Кітаі, колішні эканамічны дарадца ў прэзыдэнцкай адміністрацыі Кірыл Руды ў эфіры тэлеканалу АНТ пракамэнтаваў указ Аляксандра Лукашэнкі, які спрашчае ўмовы працы ў Кітайска-беларускім індустрыяльным парку «Вялікі камень» для яго рэзыдэнтаў.

Дакумэнт быў падпісаны напярэдадні візыту беларускай дэлегацыі ў Кітай.

Па словах Рудага, асноўныя зьмены тычыліся трох фобіяў, якія ёсьць у замежных бізнэсоўцаў адносна інвэстыцыйнага клімату ў Беларусі.

У першую чаргу, адзначыў ён, значна спрошчана рэгістрацыя — цяпер усе адміністрацыйныя працэдуры можна праходзіць у індустрыяльным парку.

Па-другое, уведзены мараторый на праверкі рэзыдэнтаў-інвэстараў «Вялікага каменю».

Па-трэцяе, падвышаны экалягічныя нормы да вышэйшай адзнакі па аналёгіі з Эўразьвязам.

Дыплямат удакладніў, што ўказ распрацаваны сумесна беларускімі і кітайскімі экспэртамі, у тым ліку пры ўдзеле патэнцыйных рэзыдэнтаў міждзяржаўнага індустрыяльнага парку.