Бізнэсовец прапанаваў кантэйнэры для сьмецьця ў нацыянальным стылі

Новыя кантэйнэры для разьдзельнага зьбіраньня сьмецьця прапануюць усталяваць у Менску. Бізнэсовец і палітык Зьміцер Кучук лічыць, што людзі будуць больш ахвотна сартаваць сьмецьце, калі займеюць зручныя пляцоўкі і прывабныя кантэйнэры.

Бамжы больш сартуюць сьмецьце, чым звычайныя гараджане

Чатырнаццаты год Зьміцер Кучук зьбірае і сартуе другасныя адкіды. Ён узначальвае сьмецьцесартавальную станцыю «Заходняя», а таксама займае пасаду першага намесьніка старшыні беларускай партыі «Зялёных».

Учора ў сваім фэйсбуку ён апублікаваў ілюстрацыі кантэйнэраў для разьдзельнага зьбіраньня сьмецьця. Гэта шэсьць мэталічных скрыняў пад адным дахам. Корпус абшыты дрэвам і ўпрыгожаны нацыянальным арнамэнтам.

Зьміцер Кучук

«Мы хочам перафарматаваць зьбіраньне сьмецьця праз прыёмныя пункты, — патлумачыў Свабодзе Кучук ідэю новых кантэйнэраў. — Каб жыхарам горада было прыемна выносіць другасную сыравіну».

Сёньня сьмецьцесартавальная станцыя «Заходняя» працуе наўпрост з арганізацыямі і прадпрыемствамі, ад якіх забірае сьмецьце. А вось рынак збору другаснай сыравіны ад гараджан, лічыць Кучук, яшчэ мае вялікую пэрспэктыву.

«У нас бамжы больш зьбіраюць другасныя рэсурсы, чым людзі самі сартуюць свае адкіды дома, — кажа Кучук. — І наша ідэя — зрабіць гэтыя пункты прывабнымі, каб уцягнуць як мага больш людзей сярэдняй клясы».

Прадпрыемства зьвярнулася да дызайнэраў, каб распрацаваць новы выгляд пляцоўкі з кантэйнэрамі. Яны прыйшлі да таго, што варта было б зрабіць яе у беларускіх матывах, каб яна была аздобленая дрэвам і ўпрыгожаная нацыянальным арнамэнтам.

«Прыёмныя пункты застаюцца непрэзэнтабэльнымі, — кажа Кучук. — Калі гэта зьмяніць, да сартаваньня будуць ставіцца па-іншаму. У нас атрымаўся такі эскіз прыёмнага пункту».

Гэта як супрацьстаяньне савецкіх крамаў і гіпэрмаркетаў

Кучук прадстаўляе ня толькі новы выгляд кантэйнэраў, але і ўсю канцэпцыю сартаваньня сьмецьця ў горадзе. Сёньня ў многіх дварах стаяць кантэйнэры для разьдзельнага зьбіраньня сьмецьця. Звычайна там можна асобна выкінуць шкло, плястык і паперу. Адначасова, у некаторых раёнах працуюць пункты прыёму другасных матэрыялаў. Дзесьці — асобна прымаюць мэталічныя вырабы, дзесьці — паперу, дзесьці — шкло.

Зьміцер Кучук прапануе рабіць новыя пляцоўкі, якія былі б адначасова звычайнымі кантэйнэрамі, куды людзі штодня выносяць рассартаванае сьмецьце, і пунктамі нарыхтоўкі, дзе здаюць паперу ці мэталялом за грошы.

Кантэйнэр для разьдзельнага зьбіраньня сьмецьця

«Ідэя рэальная, — кажа Кучук. — Ня бачу асаблівых перашкодаў. Калі гэта пройдзе ўзгадненьне ўсіх службаў, думаю, мы зможам разьвіваць гэты праект у Менску».

Пакуль ён апублікаваў эскіз новых кантэйнэраў. У найбліжэйшы час кампанія замовіць першы ўзорны прыёмны пункт, каб у кастрычніку прэзэнтаваць яго на экалягічнай выставе ў Менску.

Калі сьмецьцесартавальная станцыя «Заходняя» зможа выйсьці на рынак, іхныя пляцоўкі стануць канкурэнтамі традыцыйных нарыхтоўчых пунктаў. Гэта мусіць пайсьці на карысьць усёй галіне, лічыць Зьміцер Кучук.

«Былі ж старыя савецкія крамы, потым зьявіліся новыя гіпэрмаркеты зь якасным абслугоўваньнем. Гэта дало штуршок разьвіцьцю новага накірунку, — кажа Кучук. — Тое самае мусіць быць з пунктамі прыёму другасных матэрыялаў».

Бізнэс з адкідамі заўжды прыбытковы

На сьмецьці ў Беларусі можна добра зарабляць, лічыць Зьміцер Кучук. Кошты шкла і плястыку ў нас часам нават вышэйшыя, чым у суседніх краінах.

«Бізнэс з адкідамі заўжды вельмі прыбытковы, — кажа бізнэсовец. — Калі не разьдзімаць штат, як гэта робяць дзяржпрадпрыемствы, на гэтым можна зарабляць».

У прыклад ён прыводзіць Варшаву, дзе сьмецьце вывозяць некалькі сотняў кампаній. У двухмільённым Менску пакуль працуе 4-5 апэратараў.

«Ня так цесна ў нас, як магло б быць, — кажа Кучук. — Але канкурэнцыя з кожным годам узрастае».

Канкурэнцыі спрыяе тое, што людзі ўсё часьцей сартуюць сьмецьце дома. Такая культура разьвіваецца, адзначае Кучук. У 2003 годзе, калі адкрывалася сьмецьцесартавальная станцыя «Заходняя», амаль анідзе не было кантэйнэраў для разьдзельнага збору сьмецьця. Сёньня яны стаяць ня толькі ў Менску, але ў большасьці гарадоў.

«Я бачу, што кантэйнэры напаўняюцца, — кажа Кучук. — Таму што беларусы заўжды законапаслухмяныя, як мне кажуць немцы. Таму тут добрыя пэрспэктывы для сярэдняга і дробнага прадпрымальніцтва».