Маскоўскі суд Менску не задаволіў пазоў актывіста БХД Дзяніса Садоўскага да Менгарвыканкаму адносна вулічнай акцыі на Дзень Волі. Дзяніс Садоўскі назваў рашэньне суду незаконным і заявіў, што будзе яго абскарджваць у Менскім гарадзкім судзе.
Адзін з 5 заяўнікаў акцыі Дзяніс Садоўскі прасіў суд Маскоўскага раёну сталіцы прызнаць незаконным тое, што Менгарвыканкам у вызначаны законам аб масавых мерапрыемствах тэрмін не адказаў на пададзеную заяўку аб шэсьці 25 сакавіка па праспэкце Незалежнасьці ад Акадэміі навук да сквэру Янкі Купалы і правядзеньні там мітынгу.
Таксама спадар Садоўскі настойваў, каб прызналі незаконнай зьмену месца і часу акцыі — бо гэта было зроблена без узгадненьня з заяўнікамі.
Паводле Дзяніса Садоўскага, наступствам ігнараваньня Менгарвыканкамам нормаў закону аб масавых мерапрыемствах сталі шматлікія затрыманьні людзей на вуліцах Менску на Дзень Волі.
«Нас, заяўнікаў, зрабілі закладнікамі сытуацыі, калі зацягнулі з адказам. Мусілі за 5 дзён да акцыі даць адказ, але нічога не паведамілі да 24 сакавіка. У выніку заяўнікі зьнялі зь сябе адказнасьць за акцыю, якая адбылася стыхійна. Таму гэта гарадзкія ўлады вінаватыя, што сотні людзей 25 сакавіка затрымлівала і зьбівалі міліцыя, нібыта парушальнікаў», — абураўся ў судзе Дзяніс Садоўскі і казаў, што далей мае намер дамагчыся пакараньня для менскіх чыноўнікаў праз пракуратуру.
Гарадзкія ўлады, кажа Дзяніс Садоўскі, часта мяняюць месца і час заяўленых вулічных акцый без узгадненьня з заяўнікамі, і гэта прыводзіць да канфліктаў.
У сваім выступе ў судзе актывіст скрытыкаваў і практыку, паводле якой шэсьці і мітынгі, якія праводзяць дзяржаўныя органы ці праўладныя арганізацыі, не патрабуюць адмысловага дазволу, а вось да прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацый іншыя патрабаваньні.
«Менгарвыканкам паводзіць сябе як цар, які адным дазваляе маршыраваць каля ўваходу ў мэтро, а другім — не. Гэта ўзаконеная дыскрымінацыя», — мяркуе Дзяніс Садоўскі.
На пастанову Менгарвыканкаму аб забароне шэсьцяў і мітынгаў паблізу ад падземных пераходаў і станцый мэтро спаслаўся загадчык аддзелу грамадзка-масавай працы Менгарвыканкаму Юры Ўральскі, які ў судзе прадстаўляў адказьніка. Гэтак гарадзкі чыноўнік абгрунтаваў тое, што заяўка да Дня Волі, пададзеная яшчэ ў лютым, адразу ня мела шанцаў на задавальненьне. Такую пазыцыю Дзяніс Садоўскі назваў незаконнай.
Спрэчка ў судзе ўзьнікла і пра тэрміны адказу на заяўку. Паводле Дзяніса Садоўскага, скрайнім быў дзень 20 сакавіка, бо адказваць трэба за 5 дзён да акцыі. «Назавіце ваш скрайні тэрмін», — казаў Дзяніс Садоўскі. Але чыноўнік дакладнымі падлікамі займацца ня стаў.
Ад пытаньня пра прычыну, дзеля якой адказ тэрмінова не далі, Юры Ўральскі таксама адмахнуўся: «Не гатовы даць адказ». Не патлумачыў прадстаўнік гарадзкіх уладаў і тое, чаму Менгарвыканкам не ўзгадніў з заяўнікамі Дня Волі месца і час акцыі, як таго патрабуе закон.
«Дык яны ж адмовіліся ад сваіх заяваў», — сказаў Юры Ўральскі.
Ці гэта так? Дзяніс Садоўскі патлумачыў, што гэтае рашэньне заяўнікі былі вымушаны прыняць у апошнія дні перад акцыяй. Да гэтага яны чакалі адказу і рабілі спробы яго прысьпешыць, аднак перамовы сарваліся.
Дзяніс Садоўскі нагадаў, як яму двойчы прызначалі, а потым адкладалі сустрэчы «паводле пададзенай заяўкі».
«Рабіў гэта якраз Юры Ўральскі: спачатку сказаў прыходзіць 20 сакавіка, потым перанёс сустрэчу на 22-га, а потым на 24-га. Толькі тады аднаму з нас, Аляксандру Макаву, у Менгарвыканкаме паведамілі пра дазвол на мітынг на Бангалоры. Але і Макаў, як мы ўсе, падаў заяву на адмову ад заяўкі, бо мы ўжо не маглі папярэдзіць людзей. Мяне ж на той час ужо „ўзялі ў аблогу“ ў хаце міліцыянты, і на сустрэчу я фізычна ня мог трапіць», — сказаў Дзяніс Садоўскі.
На наступны дзень, 25 сакавіка, актывіста затрымалі, пасьля чаго ён адбыў два дні пад вартай і быў аштрафаваны на 80 базавых велічынь.
Пазоў Дзяніса Садоўскага разглядала судзьдзя Маскоўскага суду Алена Рудніцкая. Адхіліўшы пазоў, судзьдзя дадала, што «Менгарвыканкам прыняў рашэньне ў межах сваёй кампэтэнцыі» і, паводле яе, не парушыў закон.
Адметна, што на працэсе прадстаўнік Менгарвыканкаму Юры Ўральскі прызнаў, што адказ заяўнікам за 5 дзён да акцыі ня быў дасланы. Пры гэтым судзьдзя не спрабавала высьветліць у прадстаўніка Менгарвыканкаму, чаму гэтае патрабаваньне закону не было выканана.
«Як пракамэнтаваць такое рашэньне суду? Яно паказвае, што і ўлады ў Беларусі, як сталічныя, гэтак і ўсёй краіны, а таксама і суды могуць ігнараваць любы закон. Закон патрабуе роўнасьці для ўсіх і выкананьня нормаў, у тым ліку нормы пра абавязковы адказ за 5 дзён да акцыі. Але Менгарвыканкам можа гэтага не прытрымлівацца. Цяпер такое рашэньне суду дазваляе гэтак жа рабіць іншым мясцовым уладам. Але я задаволены, што ўдалося гэта зноў прадэманстраваць, што калі ад 25 адняць 5, дык будзе 20, а ня нешта іншае, што б яны ні прыдумлялі».
25 сакавіка ў Менску, паводле праваабаронцаў, было затрымана больш за 400 чалавек, некалькі дзясяткаў чалавек пазьней былі аштрафаваныя ці асуджаныя да адміністрацыйных арыштаў. Беларускія праваабаронцы і міжнародныя назіральнікі заявілі, што на Дзень Волі ўлады парушылі правы грамадзян Беларусі на мірныя сходы.