МУС Украіны дапытае аўтараў расьсьледаваньня аб забойстве Шарамета

Павел Шарамет

Украінская паліцыя дапытае аўтараў фільму-расьсьледаваньня пра забойства Паўла Шарамета. На допыт таксама выкліканы супрацоўнік Службы бясьпекі Ўкраіны (СБУ) Ігар Усьціменка, які, як мяркуецца, сачыў за журналістам у ноч перад яго сьмерцю. Пра гэта заявіў кіраўнік МУС Украіны Арсен Авакаў.

Шарамет загінуў 20 ліпеня летась у цэнтры Кіева. У аўтамабілі, якім ён кіраваў, спрацавала самаробнае выбуховае прыстасаваньне. Праваахоўныя органы Украіны лічаць, што журналіста забілі за яго прафэсійную і апазыцыйную дзейнасьць у Расеі і Беларусі. Да гібелі журналіста могуць быць датычныя расейскія спэцслужбы, заяўляе Кіеў.

Напярэдадні Цэнтар даследаваньня карупцыі і арганізаванай злачыннасьці супольна з журналістамі ўкраінскага парталу slidstvo.info прадставілі фільм «Забойства Паўла». У ім сьцьвярджаецца, што супрацоўнік СБУ Усьціменка мог бачыць, як злачынцы мініравалі аўтамабіль Шарамета.

У Службе бясьпекі Ўкраіны сьцьвярджаюць, што Усьціменка на момант сачэньня за журналістам ужо быў звольнены. Праверыць гэтую інфармацыю па адкрытых або незалежных крыніцах не ўяўляецца магчымым.