Суд Фрунзенскага раёну Менску пакараў сакратара Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Алеся Чахольскага штрафам у памеры 30 базавых велічыняў завочна (690 рублёў).
Суд прызнаў актывіста вінаватым ва ўдзеле ў мітынгу ў Курапатах 3 сакавіка. Пра гэта Свабодзе паведаміў сам Алесь Чахольскі:
«Пра тое, што на мяне быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні, што нада мной адбыўся суд яшчэ 28 сакавіка, што супраць мяне сьведчыў міліцыянт Вячаслаў Шкут і я быў пакараны штрафам, я даведаўся днямі, калі поштай атрымаў судовае рашэньне. У ім таксама паведамлялася, што нібыта я на судовае паседжаньне не зьявіўся. Але мне пра яго ніхто не паведамляў. Хлусьня сталася звыклай зьявай у практыцы праваахоўнай і судовай сыстэмы Беларусі», — пракамэнтаваў сваё пакараньне Алесь Чахольскі.
Ён паведаміў, што будзе абскарджваць судовае рашэньне.