18 рэчаў, якія Матолька забраў бы з Прагі ў Менск. І тры праскія заганы

Антон Матолька, Прага

Менскі фатограф і гарадзкі актывіст Антон Матолька падчас гадзіннага шпацыру па Празе зьбіраў ідэі для Менску.

Вандроўку па чэскай сталіцы мы пачалі ў раёне Жыжкаў. Яшчэ 100 гадоў таму гэта быў асобны горад, названы ў гонар гусіцкага правадыра Яна Жыжкі. Сёньня большая частка Жыжкава знаходзіцца ў муніцыпалітэце Прага-3.

1. У Празе вельмі зручная сыстэма грамадзкага транспарту. Я не заўважыў, каб была праблема трапіць у патрэбную частку гораду мэтро ці трамваем. І ўсё за 15-20 хвілін, нават у вячэрні час. Чэхі накіравалі вялікія сродкі на разьвіцьцё грамадзкага транспарту і людзі ім актыўна карыстаюцца. Каб трапіць кудысьці з цэнтру Менску, то трэба плюс-мінус 30 хвілінаў на машыне. У гадзіну пік нават больш.

2. У мэтро і трамваях няма натоўпаў. Заўсёды шмат вольных месцаў. Пры гэтым у мэтро можна ўзяць ровар. Магчыма, у Празе проста пісьменна разьмеркавана нагрузка на горад. У Менску ёсьць цэнтар, дзе сканцэнтравана проста ўсё. Зранку ўсе туды едуць, а ўвечары вяртаюцца. А ўдзень ўсе праз цэнтар праяжджаюць. У Празе цэнтар пераважна турыстычны. Гарадзкія плыні ў Празе магчыма і ня роўныя, але яны разьмеркаваныя па горадзе. Адпаведна няма патрэбы ўсім зранку ехаць у Прагу-1. Тут не будуюць тысячы бізнэс-цэнтраў у адным месцы, як у нас на Нямізе, якая сама па сабе не шырокая.

3. Доступ да Wi-Fi. Каб падключыцца да інтэрнэту, ня трэба высылаць смсаў. Гэтая сыстэма дзіка мяне раздражняе ў Беларусі. Гэта 60 указ, які рэгулюе карыстаньне інтэрнэтам. У нас увогуле не хапае інтэрнэту ў ключавых месцах для турыстаў. Чаму б не зрабіць бясплатны Wi-Fi у месцах, дзе зьбіраецца шмат турыстаў. Ня толькі ў Менску, але і каля Косаўскага, ці Ружанскага палацаў. Людзі б сфоткаліся, падключыліся да сеціва і запосьцілі ў сацыяльныя сеткі свае здымкі, распавялі б іншым пра Беларусь.

4. Паркоўка. Заторы ў цэнтры гораду складаюцца з 7 машын. Магчыма таму, што ня ўсе сунуцца ў цэнтар. А магчыма прычына ў добрай сыстэме рэзыдэнцкай паркоўкі. Калі ты жывеш у цэнтры, то маеш права паркавацца ў канкрэтным месцы, і плоціш за гэта каля 50 даляраў у год. Пэнсіянэры плоцяць у тры разы менш. А па-за цэнтрам паркоўка бясплатная. Гэта самы слушны варыянт. Па-іншаму варышыць пытаньне з паркоўкай — немагчыма. Колькі б шмат ты іх не будаваў.

5. Разьметка. Здаецца, што гэта драбяза, але яна дапамагае людзям правільна паркавацца. У нас рэдка яе пабачыш. А калі ЖЭС яе і робіць, то ўсё выглядае зусім іканш.

Пасьля заўвагі пра разьметку мы вырашаем выпіць кавы. Бліжэйшая кавярня — праз дарогу. Антон ідзе на чырвонае сьвятло:

«Добра мець лёгіку. Навошта стаяць на пустой дарозе пасярод ночы, калі на сьветлафоры чырвонае сьвятло, а побаx ні душы? Дзіўнавата».

6. Танная кава. У нас кава там, дзе сапраўды імкнуцца зрабіць каву, будзе каштаваць ад 2 да 3 рублёў, калі мы кажам пра амэрыкана. Капучына ад 3 да 4 рублёў, плюс-мінус. У Менску эспрэса даражэйшае, чым у Італіі. Гэта не Оk.

7. Ровары. У нас раварыстам перашкаджае плітка. Тут праблема ў брукаванцы. Але ў Празе сьцежак на вока больш. Я ведаю, што чэхі выкарыстоўваюць ровар для адпачынку, менш для перасоўваньня. Як сродак транспарту ў Менску ровар амаль немагчымы. Усе веласьцежкі — для адпачынку. Нават у мэтро ня зойдзеш з роварам. У Празе можна. У Менску цяжка праехаць увесь горад на ровары. У Празе можна ехаць на праежджай частцы і цябе не затрубяць. Я катэгарычна за тое, каб раварысты ў нас езьдзілі па праежджай. Але трэба вучыць людзей правілам, і падрыхтаваць інфраструктуру. Дзякуючы чальца Менскага велатаварыства, з кожным годам жыцьцё раварыстаў у нас робіцца усё больш зручным.

8. Прага — зялёная. Мы ідзем па вуліцы і ўздоўж растуць дрэвы. Ты ідзеш у сонечны дзень і яны ствараюць цень над галавою, калі дождж — яны цябе прыкрываюць. За імі сочаць, яны квітнеюць. У Менску я не ўзгадаю квітнеючыя алеі. У іх старыя дрэвы растуць амаль на праежджай частцы. Некаторыя нават пранумараваныя. Відаць, яны вядуць улік і кантралююць іх.

9. Дзіцячыя пляцоўкі. Чэхі іх заўсёды рабілі крутымі. Яны былі і для дзяцей з абмежаванымі магчымасьцямі, і для тых, хто хоча займацца спортам, у тым ліку і для старэйшых. У нас паркавая інфраструктура ў Менску дзіўная. Яна быццам бы ёсьць, але яе насамрэч не адчуваеш.

10. Шмат лавак. Чэхі не сядзяць па хатах, іх заўсёды шмат на вуліцы. У нас раней бабулькі сядзелі на лаўках каля пад’ездаў, але ўжо і там няма. Старэйшыя людзі ў нас часьцей пачынаюць хадзіць у клюбы па інтраэсах, езьдзіць па Беларусі, займацца спартыўнай шпацырам. Было б файна, каб і мы праводзілі больш часу ў парках. Але там трэба прыдумаць нейкі цікавы занятак.

11. Размалёўка будынкаў. У Празе ўсё даволі калярова. У Менску ёсьць стандартная фарба і ёй фарбуюць усё.

12. Адсутнасьць пылу. Менск вельмі пыльны горад. У нас вельмі шмат участкаў з адкрытай зямлёй. У Празе выкарыстоўваюць гравій, траву, кару дрэва. Шмат кустоў. У нас яны зьніклі. І траву касіць не заўсёды трэба, як гэта ў нас робяць. У выніку ўзьнікае пыл. Гэта старыя савецкія нормы, якія не адпавядаюць рэаліям.

13. Сабачкі. З жывёламі і іх гаспадарамі трэба працаваць. З сабакамі ў Празе можна пайсьці ў кавярні, і ў грамадзкі транспарт. За тры дні я ня бачыў аніводнага канфлікту. У нас жа адразу пачынаюцца сваркі. У Празе была праведзеная кампанія і паўсюль ёсьць бясплатныя пакеты, каб прыбраць за сабакамі. У Менску гэта трэба абавязкова ўводзіць.

14. Эротыка. У Празе багата клюбаў з прыстаўкай Erotic. Я б пайшоў яшчэ далей і увогуле б легалізаваў у Менску прастытуцыю. Да мяне гэта прапанаваў старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька. І па гэтай частцы я зь ім згодны. Прапаную яму нават быць куратарам прастытуцыі ў Беларусі.

Я — за легалізацыю. Так прасьцей пазьбягаць больш глябальных праблем. У Беларусі і так прастытуцыя ёсьць, усе ведаюць дзе і як.

15. Крамы. У Празе заўважнае разьвіцьцё бізнэсу першых паверхаў. Так было ў Менску да СССР, калі габрэі трымалі цэнтар гораду. Але ў гэтым пляне Прага — не ідэальны прыклад. Бо можна скаціцца да папулярнага тут тайскага масажу за 9 эўра і пякельнай кіслотнай рэклямы. Цікава, як горад гэта дазволіў.

16. Прага — нізкая. Гэта правільна. У нас на плошчы Багушэвіча будуюць вялікія офіс-цэнтры, а потым узьнікаюць заторы. Людзкая плынь павялічваецца, а пытаньне транспарту не вырашаецца.

17. Памяць пра герояў гораду. У Празе яна пэрсаналізаваная. На будынках невялікія шыльды зь імёнамі загінулых падчас войнаў. Багата помнікаў. У Беларусі прынята казаць лічбамі: 100 тысяч расстраляных. Важна паказваць гісторыі людзей.

18. Чэхі адрадзілі мову. Гэта захапляе і ўзор для нас. Месяц я езьдзіў па Азіі з кампаніяй. Нас пастаянна пыталіся, адкуль мы. І нас пыталіся, чакайце, вы гаворыце па-расейску. Чаму? Праз аднаго тайца і інданэзійца было такое пытаньне. Я адзін з тых, хто лічыць, што ў Беларусі павінна быць дзьве афіцыйныя мовы: ангельская і беларуская. І, натуральна, пераход на лацінку.

Не спадабалася

1. Сьметнікі. У Празе яны мне не падабаюцца. Вялікія, непрыгожыя, яны псуюць горад. Дзе-нідзе ў Эўропе іх ужо хаваюць пад зямлю. У Менску, напрыклад, яны па дварах.

2. У Празе шмат графіці. Для мяне гэтыя надпісы на будынках — не Ок. Яны мне не падабаюцца. Але зь імі цяжка змагацца.

3. П’яныя. У Празе шмат п’яных, і бяздомнікаў. У Менску ты сябе адчуваеш камфортней, калі такія рэчы схаваныя з тваіх вачэй. Тут Менск выйграе.

У нас перакананыя, што мы такія разумныя і самі ўсё зробім. Не!

— Мне Чэхія спадабалася ў 1999 годзе, калі я ўпершыню сюды трапіў. А Прага — гэта казачны горад, — гаворыць напрыканцы нашага шпацыру Антон Матолька. — Дык магчыма варта запрасіць прадстаўнікоў праскага муніцыпалітэту ў Менск і параіцца, як многія пытаньні вырашыць у нас. У нас перакананыя, што мы такія разумныя і самі ўсё зробім. Не! Давайце карыстацца чужым досьведам, хто набіў гузакі і прыйшоў да эфэкту.

Павольнымі крокамі мы падыходзім да гатэлю Антона. На разьвітаньне яшчэ адно пытаньне: ці спраўджваецца тактыка малых крокаў у грамадзкай дзейнасьці, прыхільнікам якой Матолька зьяўляецца і да чаго намаўляе іншых.

— Я не бачу выніку ад працы палітычных актывістаў, таму я вырашыў пачаць ад малых справаў. Калі нехта гэта лічыць глупствам, і што трэба мяняць сыстэму цалкам, бо інакш, маўляў, усё гэта праца на карысьць сыстэмы, калі ласка. Мне нас...ць. Няхай апазыцыя пакажа свае посьпехі за апошнія 5 гадоў, акрамя бла бла бла. Улада моцна мяняецца. А калі яна зьменіцца, то на месцах усё роўна трэба будзе мяняць малыя рэчы. Хто іх будзе рабіць? Калі я навучуся гэта рабіць, гэта цудоўна. Я бачу, што я раблю, і як гэта мяняецца. Трэба паказаць людзям, як можна нешта рабіць.