Напярэдадні Дня Волі праваахоўныя органы забралі ў актывіста Віталя Амяльковіча ноўтбук, сыстэмны блёк і тэлефон. Да гэтага часу аргтэхніка знаходзіцца ў міліцыі.
24 сакавіка ў Слуцку людзі ў цывільным затрымалі Амяльковіча і абвінавацілі ў закліку на несанкцыянаванае мерапрыемства. Падставай стала разьмяшчэньне ў сацыяльнай сетцы «УКантакце» выявы і тэксту пра Дзень Волі. Для «дасьледаваньня з выкарыстаньнем спэцыяльных ведаў» падчас ператрусу была канфіскаваная тэхніка.
Суд аштрафаваў Амяльковіча на 15 базавых велічыняў. А вярнуць маёмасьць актывісту пакуль не ўдалося.
«Па радыёэлектронных прыладах у той жа дзень была прызначаная экспэртыза, правядзеньне якой даручана экспэртам Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртызаў Рэспублікі Беларусь», — адзначыў у заяве Амяльковіч. Ад таго часу прайшло ўжо больш за месяц, і заяўнік лічыць, што для экспэртызы гэтага цалкам дастаткова.
Акрамя таго, Амяльковіч абскардзіў парушэньні пры затрыманьні: фактычны час адрозьніваўся ад адлюстраванага ў пратаколе на тры гадзіны. Абласны каардынатар руху запатрабаваў прызнаць затрыманьне «незаконным і несувымерным» і даць прававую ацэнку дзеяньням супрацоўнікам міліцыі, якія дапусьцілі парушэньні пры афармленьні пратаколу.