Жыхар Пінску Руслан Гусейнаў нядаўна даведаўся пра тое, што атрымаў штраф за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі 26 сакавіка.
Гусейнава ў красавіку выклікалі ў міліцыю на працягу некалькіх тыдняў: участковы міліцыянт тэлефанаваў на прыватны нумар Руслана і запрашаў яго ў РАУС на размову. Нагодай, як тлумачыў міліцыянт, зьяўлялася нібыта тое, што ягоны аўтамабіль быў прыпаркаваны на зялёнай зоне, што парушае артыкул Адміністрацыйнага кодэксу, таму ўчастковаму неабходна было правесьці размову з Русланам. Але на патрабаваньні праз тэлефон Гусейнаў вырашыў не зьяўляцца:
«Мне ў адной з размоў міліцыянт паведаміў, што знойдзе мяне і сілком прывядзе ва ўчастак. Мяне гэта абурыла, таму я апублікаваў у сацыяльных сетках размову з тым міліцыянтам. Пасьля гэтага ўсе тэлефанаваньні спыніліся.
Але вось нядаўна я даведаўся, што мяне асудзілі за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. У паштовай скрыні я знайшоў ліст. Цікава, што гэта заказны ліст, але ж ён мусіць выдавацца на рукі толькі пасьля ўласнаручнага подпісу. Я ж нічога не падпісваў, мне проста канвэрт закінулі ў скрыню. А ў гэтым канвэрце я знайшоў пастанову суду.
Там паведамляецца, што судзьдзя прыняў рашэньне аштрафаваць мяне на 20 базавых велічыняў. Таксама зь ліста я даведаўся, што суд нада мною распачаўся 13 красавіка, а канчатковае рашэньне было прынятае толькі 20 красавіка. Цікава, што суд нада мною адбываўся без маёй прысутнасьці».
Руслан Гусейнаў кажа, што мае намер абскарджваць прысуд. Ён пацьвярджае, што быў на плошчы 26 сакавіка, але ня ведаў, што там мітынг — маўляў, ніхто ж не паведамляў і не заклікаў зьявіцца ў цэнтар гораду. Да таго ж там не было выступоўцаў, ніхто не прамаўляў. Проста людзі сабраліся і празь некаторы час разышліся, што паводле Гусейнава, ня ёсьць правапарушэньнем.