Эўразьвяз у бліжэйшыя дні зацьвердзіць бязьвізавы рэжым з Украінай

Эўрапейскі зьвяз у бліжэйшыя дні зацьвердзіць бязьвізавы рэжым з Украінай. Пра гэта 9 траўня заявіла вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу па замежных справах і палітыцы бясьпекі Фэдэрыка Магерыні на пасяджэньні Рады Бясьпекі ААН.

Паводле яе слоў, рашэньне будзе прынятае ў рамках падтрымкі ўсходніх партнэраў, умацаваньня іх эканомікі і дзяржаўных органаў.

У пачатку красавіка Эўрапейскі парлямэнт падтрымаў адмену візавага рэжыму краінаў Эўразьвязу з Украінай. У канцы месяца Рада Эўразьвязу ўхваліла гэтае рашэньне. Паведамлялася, што канчатковае падпісаньне дакумэнту заплянаванае на 17 траўня ў Страсбургу.

Усе ўкраінскія грамадзяне, якія валодаюць біямэтрычнымі пашпартамі, змогуць праводзіць на тэрыторыі краінаў Эўразьвязу па 90 дзён кожныя паўгода.

28 сакавіка пачаў дзейнічаць аналягічны парадак для грамадзян Грузіі.