Прадстаўнікі беларускіх палітычных партый і рухаў у рамках міжпартыйнай беларуска-швэдзкай праграмы «Паглыблены дыялёг» знаходзяцца ў Стакгольме.
Як паведаміў старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, беларускія палітыкі працуюць у трох напрамках:
- вывучаюць швэдзкае заканадаўства і функцыянаваньне суду, пракуратуры, паліцыі;
- дасьледуюць, як Швэцыя стварае эфэктыўныя працоўныя месцы;
- знаходзяць карыснае ў швэдзкім досьведзе зьніжэньня залежнасьці людзей ад алькаголю.
«Ня ўсё можна пераняць для Беларусі ў гатовым выглядзе, — кажа Лябедзька. — Але ня варта вынаходзіць ровар там, дзе на ім ужо пераадолелі не адну вярсту. У нас няма часу на экспэрымэнты. Час — гэта той рэсурс, якога ў Беларусі бракуе. Калі швэды мелі фору даўжынёй у 100 гадоў на стварэньне эфэктыўнай, канкурэнтаздольнай сыстэмы кіраваньня, то ў нас у лепшым выпадку было 5-10 гадоў».
Адносна практычных вынікаў рабочай паездкі Анатоль Лябедзька адзначыў, што вопыт Швэцыі дазволіць удасканаліць тыя праграмныя дакумэнты, якія ўжо ёсць у партфэлі прыхільнікаў пераменаў у Беларусі. Гэта і «Антыкарупцыйная плятформа», і праграма «Новыя працоўныя месцы», і праект судовай рэформы.
10 траўня ў Рыксдагу пройдзе сэмінар, прысьвечаны сытуацыі ў Беларусі. Паўдзельнічаць у дыскусіі выказалі жаданьне дэпутаты ад розных фракцый швэдзкага парлямэнту.