Былы генэральны пракурор (і міністар юстыцыі) ЗША Салі Ейтс паведаміла, што ў студзені яна папярэдзіла адміністрацыю аб небясьпечнай сытуацыі, у якой апынуўся тагачасны дарадца прэзыдэнта па нацыянальнай бясьпецы Майкл Флін. Ён мог стаць аб’ектам шантажу праз свае кантакты з расейскім амбасадарам Сяргеем Кісьляком.
Даючы паказаньні на слуханьнях у юрыдычным падкамітэце Сэнату ЗША, Ейтс распавяла, што паведаміла пра Фліна юрыдычнаму кансультанту Белага дому двойчы: адзін раз асабіста, другі — па тэлефоне.
У той момант віцэ-прэзыдэнт Майкл Пэнс публічна абараняў Фліна пасьля таго, як у СМІ зьявілася інфармацыя аб гутарках дарадцы з амбасадарам Расеі — яшчэ да інаўгурацыі прэзыдэнта Дональда Трампа. Праз гэты скандал 13 лютага Флін сышоў у адстаўку.
Паказаньні ў Сэнаце даваў і былы кіраўнік Нацыянальнай выведкі ЗША Джэймс Клэпэр.
І Ейтс, і Клэпэр выказалі перакананьне, што расейскія ўлады ўмешваліся ў выбарчую кампанію ў ЗША, але адмовіліся вызначыць, наколькі гэта паўплывала на вынік выбараў.
Сэнатары дамовіліся працягнуць слуханьні ў закрытым рэжыме. Расьсьледаваньне магчымага расейскага ўмяшаньня ў выбары праводзіць і ФБР.