Беларускія хакеісты паехалі па мэдалі, але ўсім прайграюць

Архіўнае фота

Зборная Беларусі па хакеі паказвае найгоршую гульню сярод усіх удзельнікаў чэмпіянату сьвету, які праходзіць у Кёльне і Парыжы. Беларусы прайгралі тры першыя сустрэчы ў сваёй групе — фінам, чэхам і канадцам.

Перад ад’ездам на спаборніцтвы трэнэр беларускай каманды Дэйв Льюіс паабяцаў, што ягоныя выхаванцы будуць «змагацца за мэдалі». Аднак пры такой гульні, перакананыя адмыслоўцы, сёлетні чэмпіянат можа стаць для канадца апошнім на цяперашняй пасадзе.

Вынікі хакеістаў жорстка крытыкаваў падчас звароту да дэпутатаў і народу Аляксандар Лукашэнка, які прыгразіў пакараць усіх датычных да «развалу» беларускага хакею. Кіраўнік краіны сам гуляе ў хакей, ягоную каманду афіцыйная прапаганда называе «самым моцным аматарскім калектывам сьвету».