Лінк заявіў, што прымяненьне сьмяротнай кары «зусім недапушчальнае» у Эўропе, дзе «большасьць краін прызнае гэта пакараньне жорсткім і бесчалавечным».
Беларусь — адзіная эўрапейская краіна, дзе ўжываецца сьмяротнае пакараньне. Нядаўна ў Беларусі выканалі прысуд жыхару Гомеля Сяргею Вострыкаву. Яго прызналі вінаватым у жорсткіх забойствах і згвалтаваньнях. Вострыкаў стаў першым пакараным у 2017 годзе.
Amnesty International адзначае, што ў 2016 годзе пасьля 17-месячнага перапынку ў Беларусі пакаралі сьмерцю як мінімум чатырох чалавек. Паводле зьвестак праваабаронцаў, у цяперашні час у краіне ёсьць яшчэ двое зьняволеных, асуджаных да вышэйшай меры.
З 1991 года ў Беларусі пакараныя больш за 400 чалавек. Толькі ў адным выпадку ўлады замянілі сьмяротны прысуд на пажыцьцёвае зьняволеньне.