Карбалевіч: 21 красавіка МЗС Расеі перадаў беларускаму боку ноту, у якой паведамляецца, што з 15 траўня ўсе авіярэйсы, якія выконваюцца паміж Беларусьсю і Расеяй, пераводзяцца ў міжнародныя сэктары расійскіх аэрапортаў. Гэта значыць, што будзе ажыцьцяўляцца памежны кантроль паветраных судоў і пасажыраў, якія прылятаюць зь Беларусі і ляцяць у Беларусь. Раней рэйсы зь Беларусі ў Расею прыбывалі ва ўнутраны сэктар аэрапортаў, то бок пашпарты не правяралі. І цяпер пашпарты ў грамадзянаў Беларусі правяраць ня будуць, толькі ў грамадзянаў трэціх краінаў. Дарэчы, Беларусь у адказ ня будзе праводзіць кантроль авіярэйсаў з Расеі.
У памежнай службе РФ зьвязваюць гэтае рашэньне з увядзеньнем Беларусьсю бязьвізавага рэжыму для турыстаў з 80 краінаў. Дарэчы, Расея раней за Беларусь і без каардынацыі зь ёй увяла бязьвізавы рэжым з многімі краінамі. Тое самае можна казаць і пра Казахстан, які мае больш ільготны бязьвізавы рэжым.
То бок, цяпер у межах «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі, у межах Эўразійскага эканамічнага саюзу ўводзяцца больш жорсткія правілы кантролю, чым у ЭЗ. Бо ў ЭЗ памежны кантроль ажыцьцяўляецца толькі у краіне ўезду. Потым можна езьдзіць па ўсёй Эўропе, дакладней, па краінах шэнгенскай зоны без праверак. А вось у саюзнай дзяржаве замежнік сутыкнецца з двайной праверкай — спачатку яго правяраюць пры ўезьдзе ў Беларусь, а потым яшчэ раз, пры ўезьдзе ў Расею. Праўда, рабіцца гэта будзе толькі ў аэрапортах і пры падарожжы аўтамабільным транспартам. На чыгунцы пакуль праверка расейскіх памежнікаў ня ўведзеная.
Праблема ў тым, што ня ўсе расейскія аэрапорты, куды лётаюць самалёты Белавія, маюць міжнародныя тэрміналы. І пакуль незразумела, што будзе з гэтымі рэйсамі.
Варта адзначыць, што ў кампаніі Белавія доля транзытных пасажыраў у 2015 годзе складала 34% ад агульнага пасажырапатоку, а ў 2016 — пасьля забароны прамых авіярэйсаў паміж Расеяй і Ўкраінай, гэта доля дасягнула 49%, то бок паловы. І гэта ўвогуле па ўсіх рэйсах авіякампаніі. А вось калі браць толькі палёты ў Расею і назад, то тут доля транзытнікаў яшчэ вышэйшая. За мінулы год з 870 тыс пасажыраў каля 500 тыс. — транзытнікі. Таму рашэньне Расеі можа ўдарыць па гэтым паказчыку, зьнізіць долю транзытных пасажыраў, якія не захочуць два разы праходзіць памежны кантроль. Можа гэты эканамічны чыньнік таксама адыграў сваю ролю, то бок жаданьне РФ зьнізіць магчымасьці канкурэнта.
Дракахруст: На мой погляд, цяперашняе рашэньне расейскіх уладаў цалкам ляжыць у тым рэчышчы, у якім у лютым сёлета Расеяй было прынятае рашэньне пра ўсталяваньне памежнага рэжыму на мяжы зь Беларусьсю. Беларусь тады гэтаму пярэчыла, Расея пярэчаньні не прыняла пад увагу і цяпер яна працягвае сваю лінію.
На мой погляд, тут нельга казаць, што Расея ў дадзеным пытаньні ня мае абсалютна ніякай рацыі. Пэўная рацыя, лёгіка ў яе паводзінах ёсьць. Мае месца пэўная дылема.
Часам гаворыцца — а вось у Эўразьвязе інакш. Так, у Эўразьвязе інакш. Але ў Эўразьвязе ёсьць адзіная, унівэрсальная на ўвесь Зьвяз віза. Мы ведаем, што такое Шэнген — вы ідзяце ў пасольства любой краіны ЭЗ і атрымліваеце там візу на усе краіны ЭЗ. Гэтаму адпавядае тое, што вы ўяжджаеце ў першую краіну ЭЗ і далей на вашым шляху ў любую іншую краіну Зьвязу ўжо ніякіх межаў.
У міжнародных аэрапортах усіх краінаў Зьвязу ёсьць два тэрміналы — Шэнген і не-Шэнген. Вы прылятаеце ў тэрмінал Шэнген і далей падарожнічаеце праз такія самыя тэрміналы ў іншых краінах ЭЗ. Але гэта калі ў адпаведным саюзе ёсьць адзіная віза.
Расейцы настойвалі на тым, каб Беларусь пагадзілася на такую самую адзіную візу саюзнай дзяржавы. Беларускі бок ад гэтага адмовіўся. Тады, адказалі расейцы, у нас з вамі ня будзе, як у ЭЗ. Лёгіка такая: чалавек, скажам, з Варшавы ляціць у Менск, а адтуль — у Маскву. Калі ў Расеі на рэйсах Менск-Масква няма памежнага, пашпартнага кантролю, як было да апошняга часу, гэта значыць, што беларускі памежнік вызначае, сапраўдная або несапраўдная расейская віза ў замежніка, які ляціць празь Менск у Маскву.
Па ідэі, гэта павінен вызначаць расейскі памежнік. Раней з пэўнай двухсэнсоўнасьцю сытуацыі мірыліся. А цяпер вырашылі не мірыцца.
І я б не сказаў, што гэта так кепска, што Расея такое рашэньне прыняла. У прынцыпе гэта ўмацаваньне беларускага сувэрэнітэту. Ранейшая сытуацыя была непразрыстай, няўцямнай — мы як бы і адна дзяржава, але як бы і розныя, з адзінай візавай прасторай, але і без супольнай візы. Цяпер гэтая сытуацыя сыходзіць.
Цяпер высьвятляецца, што мы — розныя дзяржавы. Сталая, «чыстая» альтэрнатыва гэтаму — як мінімум адзіная віза саюзнай дзяржавы або Эўразійскага саюзу. Я ня думаю, што так ужо многія людзі будуць журыцца з нагоды адсутнасьці такой супольнай, агульнай візы. Прынамсі, афіцыйны Менск ня журыцца. Прынамсі, ён на такі варыянт не ідзе.
Цыганкоў: У гэтым пытаньні ў мяне нават ёсьць асабісты досьвед. Неяк арганізатары аднаго журналісцкага сэмінару ў Нямеччыне, у якім я ўдзельнічаў, купілі мне білет у Менск праз Маскву. І калі я выйшаў з самалёта ў Маскве і спытаўся, куды мне ісьці, каб выйсьці ў горад, супрацоўніца аэрапорту адказала мне кароткай фразай:
Беларусь — гэта Расея. Што??? Беларусь — гэта ўнутраныя рэйсы, таму выходзіць у горад нельга, ідзіце вось туды.
Цяпер у расейскіх аэрапортах беларускія грамадзяне, спадзяюся, гэтую фразу больш не пачуюць. Бо беларускія рэйсы будуць такімі самымі міжнароднымі, як усе астатнія. І гэты эпізод вельмі паказальны для цяперашняга стану беларуска-расейскай альбо цяпер эўразійскай «інтэграцыі».
З аднаго боку, нібыта інтэграцыя ідзе. Але з другога, краіны, якія ў ёй удзельнічаюць, не пагаджаюцца мець агульную візу, агульную валюту. Ці вось Беларусь гадамі дамагаецца ад Расеі унутраных цэнаў на газ і нафту. На што Расея можа лягічна адказаць — калі вы хочаце ўнутрырасейскія цэны, чаму вы не пагаджаецеся на агульную візу і агульную валюту?
Сытуацыя з авіялініямі дэманструе, што ў беларускім сувэрэнітэце, магчыма, не наўмысна, аднак зьявіўся яшчэ адзін доказ. Цяпер беларускія авіярэйсы будуць міжнароднымі, як і рэйсы зь любых іншых краінаў.