«Рыхтаваліся да бамбаваньня штабу, правяралі Тэтчэр, атрымалі разнос за Руста», — вайсковыя таямніцы менскай тэлеграфісткі

17-гадовая тэлеграфістка Ніна Пракоф’ева (Менск, 1949 год)

85-гадовая Ніна Шаталава зь Менску не залічвае сябе да вэтэранак вайны, хоць у час Другой сусьветнай яна пачала службу ў якасьці курсанткі-тэлеграфісткі. Напярэдадні Дня Перамогі Ніна Шаталава ўпершыню падзялілася са Свабодай таямніцамі за 50 гадоў сваёй службы ў штабе Беларускай вайсковай акругі.

Ніна Шаталава прызнаецца, што ў дзіцячых марах пераспрабавала сябе ў розных прафэсіях. Не было там толькі сакрэтных шыфраў, кодаў, пароляў ды мудрагелістых тэхнічных прыстасаваньняў. Стаць дарослай раней за каляндарны тэрмін прымусіла вайна.

У 12 гадоў Ніна засвоіла ўсе магчымыя сродкі сувязі і наступныя амаль паўстагодзьдзя адпрацавала тэлеграфісткай у самым засакрэчаным падразьдзяленьні пры штабе Беларускай вайсковай акругі — на вузьле сувязі.

Палонныя немцы будавалі штаб і спалі пад адкрытым небам

Да 10 гадоў Ніна з бацькамі жыла ў казацкай станіцы Есіпава, якую раз-пораз перападпарадкоўвалі то Варонежу, то Саратаву, то Сталінграду. Потым грымнула мабілізацыя, гібель бацькі, раньняе сіроцтва. Як сям’і загінулага маці прапанавалі аддаць дачку на апякунства дзяржаве. Так у 1944 годзе дзяўчынка апынулася ў Барысаглебску, у спэцыяльнай рамеснай вучэльні сувязі № 15:

Ніна Рыгораўна Шаталава (Пракоф’ева)

«Я вучылася ў вучэльні сувязі пры авіяцыйнай частцы. Адтуль самалёты выляталі на заданьні ці да Сталінграду (цяпер Валгаград), ці да Варонежу. Барысаглебск якраз паміж імі. Мой тата, сьветлая яму памяць, загінуў на Курскай дузе. Яны з мамай абое з казацкага роду, захаваўся нават здымак, дзе ён стаіць з шабляй. Да вайны быў цывільным чалавекам, працаваў інспэктарам варонескага трэсту мясакамбінатаў. Калі забіралі, прапановалі пайсьці на афіцэрскія курсы, але адмовіўся, хацеў адразу ў бой. Ну і вось чым усё скончылася. Пад Курскам пахаваны, помнік стаіць... Тата быў прыгожы, пад два мэтры ростам. Па ягонай лініі ўсе высокія, станістыя — і я, і мой сын, і ўнук. Дачка толькі ў мужа ўдалася...»

Шаталавай яна стала пазьней, ужо ў Беларусі. У вучнёўскіх журналах барысаглебскай вучэльні значылася як Пракоф’ева. Навука, недаступная іншым, давалася лёгка; настаўнікі не сумняваліся, што Ніна — прыроджаная тэлеграфістка:

Казак Рыгор Пракоф’еў (зьлева) (Барысаглебскі павет, 1924 год)

«Засвоіла практычна ўсе тэлеграфныя апараты таго часу: „Клопфер“, „Морзэ“, „Бадо“, „Юза“ ды іншыя. На ўсіх умела працаваць, як той казаў, усьляпую. Вучылася сумленна, была круглай выдатніцай. Усяго ў вучэльні было 300 чалавек, а ўжо зь іх выбіралі 20 найлепшых — тэлефаністаў, радыстаў, тэлеграфістаў. Ну і сярод іх я аказалася самая малая. Я нарадзілася ў 1932 годзе — калі вайна пачалася, пайшла ў 4-ю клясу. А ў вучэбныя групы камплектавалі ўжо не паводле ўзросту, а як папала — у каго бацькі загінулі, у каго забілі. Таму былі дзеці старэйшыя — з 1930-га, 1929-га, нават з 1927-га. Але паколькі я выдатніца і працавала на ўсёй апаратуры, пачалі рыхтаваць да адказнай службы — працаваць на перамовах з Масквой».

За выдатныя посьпехі Ніну Пракоф’еву прыкамандзіравалі да ўпраўленьня Беларускай вайсковай акругі. Спачатку ў якасьці стажоркі, а неўзабаве ў працоўнай кніжцы зьявіўся і запіс аб прыёме на службу тэлеграфісткай вузла сувязі штабу:

Выкладчыкі і вучні 9-й групы спецрамвучэльні, Барысаглебск

«Спачатку штаб акругі быў у Бабруйску, у Менск пераехаў пасьля вайны. Яшчэ застала, як палонныя немцы на Камуністычнай узводзілі будынак, цяпер там Міністэрства абароны. Спалі пад адкрытым небам, ніхто зь імі не цырымоніўся... Неяк капітан скардзіцца: няма каму працаваць. Салдатаў прывялі — нічога ня ўмеюць. А праца адказная, патрабуе канцэнтрацыі. Аж з Масквы потым ехалі генэралы, палкоўнікі, выбіралі кандыдатаў. Адзін паглядзеў, як упраўляюся з „Бадо“ — невялікі такі апарацік з клявішамі на пяць пальцаў — і гаворыць: табе не на клявіятуры, а на піяніна граць. Піяніна, кажу, не па мне... Карацей, узялі, неўзабаве прыняла „ўрачыстае і клятвеннае абавязаньне“, атрымала пасьведчаньне. Рэжым сакрэтнасьці ў штабе быў такі, каб нікому ні слова, ні паўслова».

Маршал Цімашэнка загадаў зрабіць пашпарт за два дні

Канчатковае рашэньне наконт кандыдата на працу ў сакрэтным падразьдзяленьні было за камандзерам Беларускай вайсковай акругай маршалам Сямёнам Цімашэнкам. Ніна яшчэ падлетак, занадта малая ня толькі, каб ёй давяраць дзяржаўныя таямніцы, а нават каб прапісацца ў інтэрнаце. Але пэрсанальна для яе было зроблена маршальскае выключэньне:

Выпускная 9-я група, пераможца сацыялістычнага спаборніцтва. Барысаглебск

«Неўзабаве выклікае камандзер акругі Цімашэнка: „Ну паказвай, што ўмееш...“ Адпрацавала на ўсім: „Клопфер“, „Бадо“, „Морзэ“ зь пераказам на памяць табліцы. Ён пахваліў, а я кажу: няма пашпарта, не дапускаюць да дакумэнтаў, прапісацца немагчыма. А сялілі тады на Першамайскай (трохпавярховы будынак, мабыць, і сёньня стаіць). На першым паверсе гатэль, на другім-трэцім — маладыя афіцэры, прыкамандзіраваныя да штабу. Ну і я там жыла, пакуль замуж за Васіля ня выйшла. Цімашэнка кажа: не хвалюйся, дачка (потым увесь час так называў), праз два дні вось тут будзе ляжаць твой пашпарт — і па стале кулаком! Сапраўды, праз два дні пазвалі забраць. Праўда, каб не было пытаньняў, давялося крыху прыбавіць узросту».

У 17 гадоў Ніна ўжо была азнаёмленая з усімі сакрэтамі і стала галоўнай сувязной штабу акругі ня толькі з арміямі па ўсім Савецкім Саюзе, а і краінамі арганізацыі Варшаўскай дамовы:

Пачатак службы тэлеграфісткай (Менск, 1949 год)

«Фактычна я была старшай на сакрэтнай сувязі. Адпаведна, мусіла ведаць пазыўныя арміяў, вайсковых злучэньняў ды іхных камандзераў па ўсёй Беларускай вайсковай акрузе. Абавязаная была ў апэратыўным парадку злучыць зь любым камандным пунктам у СССР, а таксама з Польшчай, ГДР, Чэхаславаччынай, з усімі краінамі Варшаўскай дамовы. Усё трэба было трымаць у галаве — часткі, прозьвішчы. У Саюзе на такой сувязі працавалі лічаныя людзі, выходзілі праз паролі, нават ня ведаючы, дзе хто знаходзіцца. Вядома, цікаўнасьць брала сваё, аднойчы салдацік-радыст запытаў, адкуль я. Кажу, зь Беларусі, зь Менску. Ён узрадаваўся: калі ёсьць перад вачыма карта, знайдзі за палярным кругам выспачку, я тут адзін...»

Нягледзячы на агульную перамогу над нямецкім нацызмам, былыя саюзьнікі па антыгітлераўскай кааліцыі імкліва разыходзіліся ў бачаньні шляхоў далейшага разьвіцьця — «гарачая» вайна зьмянілася «халоднай». Як кажа Ніна Рыгораўна, адчуваньне трывогі не пакідала ніколі:

Першыя запісы ў працоўнай кніжцы

«Ня тое каб рыхтаваліся да новай вайны, але кожны тыдзень па 2-3 разы былі трывогі. Як той казаў, трымалі ў напрузе, стан гатоўнасьці найвышэйшы. Першымі выклікалі сувязістаў — пра сыгналь трывогі трэба было ўсім паведаміць. Адпаведна, падымалі рана, ня спалі начамі. Потым пару гадзінак на перадых: стаяць лежакі, на адным сьпіць палкоўнік, на другім — я. І, трэба сказаць, ніхто не хваляваўся, ніякага гвалту. Каб цяперашнія норавы ды на той час, напэўна, дзяўчаты нацярпеліся б. А так баяліся нават дакрануцца. Цімашэнка так і сказаў: паспрабуйце толькі павысіць голас на маю дачку! Ого, якая была дысцыпліна. Дзяжурылі па 9 гадзінаў і начныя зьмены па 12 гадзінаў (потым дазволілі 2 гадзіны спаць), дык хадзілі афіцэры па апаратных, сачылі, каб салдат грубае слова не сказаў».

«Жалезная лэдзі» выклікала пярэпалах у беларускіх вайскоўцаў

Суразмоўца прыгадвае, што хоць ускосна, але давялося быць у эпіцэнтры гучных міжнародных падзеяў. У канцы 1970-х брытанскі ўрад узначаліла Маргарэт Тэтчэр, стаўшы такім чынам першай жанчынай — кіраўніцай эўрапейскай дзяржавы. Будучая «жалезная лэдзі» нарабіла нямала пярэпалаху — мужчыны ў пагонах ня ведалі, чаго ад яе чакаць:

Зь сяброўкай па працы (Менск, 1952 год)

«Безумоўна, сачылі і за NАТО, і за асобнымі дзяржавамі. Напрыклад, калі стала зразумела, што Маргарэт Тэтчэр будзе прэм’ер-міністрам Вялікай Брытаніі, нам прывезьлі некалькі мяхоў з дакумэнтамі, усю ноч іх перабіралі, вывучалі. Не магу сказаць, напраўду баяліся Тэтчэр ці былі нейкія іншыя матывы, але, відаць, яе проста ня ведалі. Значыць, не разумелі, чаго ад яе чакаць. Пры тым яшчэ і жанчына (сьмяецца). Да таго ж на чале такой важнай, уплывовай дзяржавы. Вой як яе правяралі — бясконца ганялі розныя тэлеграмы, данясеньні! Канкрэтна „шарсьцілі“. Потым нават казалі, што ўрад Тэтчэр паспрыяў прыходу да ўлады ў СССР Міхаіла Гарбачова — маўляў, зьявы ўзаемазьвязаныя, аднаго парадку».

З мужам Васілём Шаталавым (Менск, 1956 год)

Іншы скандал зацьміў усе астатнія праколы. 30 гадоў таму, 27 траўня 1987-га (па іроніі — у Дзень пагранічніка) лёгкаматорны самалёт «Сэсна» даляцеў з боку Фінскага заліву да цэнтра Масквы, прызямліўся на Маскварэцкім мосьце і накатам даехаў да Краснай плошчы. За штурвалам быў 19-гадовы немец Маціяс Руст. Такога пярэпалаху, кажа Ніна Шаталава, у штабе не было ад Карыбскага крызісу — пра інцыдэнт стала вядома задоўга да таго, як ён стаў набыткам галоснасьці. У выніку сваіх пасадаў пазбавіліся тры маршалы Савецкага Саюзу, тры сотні генэралаў і афіцэраў, некалькі былі асуджаныя:

«Якія газэты, тэлебачаньне? У першую чаргу такія навіны паведамлялі нам. Паступіў сыгналь, усіх падымаюць па трывозе. „Тэрмінова“ значыць штосьці надзвычайнае. Пярэпалах быў неймаверны, што тут казаць. Было зразумела, што паляцяць галовы... Праўда, былі сытуацыі і больш напружаныя. Паводле агентурных зьвестак, нібыта зьбіраліся бамбіць штаб Беларускай вайсковай акругі. Я тады якраз была на начным дзяжурстве, ужо эвакуявалі ў сховішча, але потым сказалі, што самалёты з бомбамі разьвярнулі... Усе засакрэчаныя паведамленьні шлі праз каналы сувязі. Наша апаратная займала ўвесь першы паверх, быў толькі спэцыяльны доступ для камандзера і начальніка штабу. Там заўсёды стаяў узброены пост».

У падвалах пад першым паверхам разьмяшчалася абсталяваньне, якое забясьпечвала бесперабойную сувязь з цэнтрам. Там ужо было больш людзей у форме, чым цывільных. Да іх прафэсійнай падрыхтоўкі прыклала руку і Ніна Шаталава:

З новымі сяброўкамі ў Менску

«Я дзьве сотні салдат навучыла. Неяк далі ў апаратную адразу пяць чалавек — усе як адзін генэральскія сынкі. Зразумела, бацькі хацелі, каб дзеці працавалі ў штабе, былі ў полі бачнасьці. У мяне потым ад столі да падлогі граматы віселі, падпісаныя тымі генэраламі. А яны такія нахабныя! „У мяне тата ведаеш хто?“ А я ў адказ: „Замаўчы“. Хоць насамрэч ён нават старэйшы за мяне: мне яшчэ і 16 няма, а яму 17-18. А хочацца ж пакамандаваць, так навучаныя. Я вой была строгая, бо ведала: з сакрэтнымі дакумэнтамі інакш нельга, ня тое што слова, літара нідзе не павінна ўсплыць. І вучыла. Адкуль ён што ведае? Тлумачу: тое, што табе даю, запомні, і каб нічога далей ня выйшла да спэцыяльнага распараджэньня. Строга, але такія былі рэаліі».

Прапаршчыца з цыгарэтай як новая генэрацыя сувязістак

Як кажа былая тэлеграфістка, строгія патрабаваньні распаўсюджваліся на ўвесь пэрсанал, незалежна ад таго, вайсковы чалавек ці цывільны. Асаблівы рэжым пачынаўся пры ўваходзе ў штаб:

Падчас працы ў штабе (1956 год)

«Шлі міма крамы ў доме пад шпілем, потым невялічкі пад’ём угору, і там быў галоўны ўваход. У нас і шукаць не было чаго, з усёй маёмасьці толькі пропуск (сьмяецца). Аднак яшчэ падчас першага інструктажу папярэдзілі: нават маленькую сумачку з сабой браць нельга, нічога абсалютна. Толькі пропуск. Як толькі нешта заўважаюць падазронае, тут жа спыняюць, заводзяць у бюро пропускаў і тады правяраюць, абшукваюць цалкам. Усё было вельмі строга, надзвычайна. Не ратавалі ніякія званьні, пасады. Памятаю, паставілі камандзерам Пятроўскага. Ад сілы месяц прабыў, потым нешта ўчыніў, у адзін момант прыбралі. Ня тое, што цяпер: што хочуць, тое і робяць. Тады была дысцыпліна — ні ў якое параўнаньне зь цяперашняй ня йдзе».

У штабным вузьле сувязі Ніна Шаталава адпрацавала да 60 гадоў, да пачатку 1990-х. Апошнім часам займалася перадусім падрыхтоўкай спэцыялістаў. Потым неаднаразова прапаноўвалі вярнуцца, але кажа, што ў новым пакаленьні вайскоўцаў расчаравалася:

На працоўным месцы, 1970-я

«Працавала б і далей, можа, і да 80 (сьмяецца). Пачалося скарачэньне Ўзброеных Сілаў, падпала пад „аптымізацыю“. Выклікаў начальнік вузла сувязі — пакуль так, але мы вас усё роўна вернем. Ну што ж, будзе відаць... Набралі маладых прапаршчыц. Мне ўжо было пад 70, званок: „Ніна Рыгораўна, павучыце хоць пару месяцаў. Ня ведаюць элемэнтарных азоў, працаваць на апаратах ня ўмеюць“. Пайшла. Там ужо рамонт, па калідорах дываны, хрустальныя люстры. Заходжу ў прыбіральню — стаіць прапаршчыца, гады 23-24. У зубах цыгарэта, на ракавіне пляшка піва. Сказаць, што я ў шоку, — ня тое слова. Прамаўчала — ёй жа тут працаваць. Кажу, тыдзень падумаю: як пагаджуся, то прыйду. Вядома, нават ня думала. Пачну камандаваць, а ў адказ што пачую? „Ты што, бабуля, рот разявіла?“ Ня будуць 20-гадовыя слухаць, а мне навошта абразы? Ну і не пагадзілася...»

Ніна Рыгораўна са знакам выдатніка сувязі

Кампутарная тэхніка і інтэрнэт-тэхналёгіі паступова выціснулі састарэлыя апараты кшталту «Клопфера», «Морзэ» ці «Бадо». А разам зь імі — і тэлеграфістаў старой школы.