Глод: Сёньня ў Парыжы пачынаецца чарговы чэмпіянат сьвету па хакеі. Літаральна за два дні да старту нацыянальная каманда Беларусі адчула на сабе, паводле міністра спорту і турызму Беларусі Аляксандра Шамко, «перадузятае стаўленьне ці нават змову». Сытуацыя, на думку беларускіх чыноўнікаў, склалася настолькі трывожная, што Міністэрства замежных спраў з гэтай нагоды выказала афіцыйны пратэст і выклікала да сябе амбасадара Францыі ў Беларусі.
Дык што ж здарылася зь беларускімі спартоўцамі ў Францыі? Хакеісты ехалі цягніком з Бардо, дзе яны раней правялі два таварыскія матчы з французамі, у Парыж. На чыгуначнай станцыі «Монпарнас» паліцыя правяла пільны агляд багажу галоўнага трэнэра зборнай Беларусі, двух ягоных памочнікаў і двух хакеістаў. Нічога не знайшоўшы, прыкладна праз 20 хвілін паліцыя ўсіх адпусьціла.
Гэта вельмі не спадабалася беларускім афіцыйным спартовым асобам. Згаданы ўжо міністар спорту ацаніў дзеяньні французаў як «заказ з боку пакуль невядомых нам асобаў, якія спрабуюць актыўна і нахабна ўзьдзейнічаць на прадстаўнікоў Беларусі».
Але ці сапраўды гэта так? Так атрымалася, што чэмпіянат сьвету супаў з другім турам прэзыдэнцкіх выбараў у Францыі. Да таго ж французы — і, як мне падаецца, гэта павінен разумець кожны замежнік — цяпер пад уражаньнем нядаўніх тэрактаў у іхняй краіне. Гэтыя абставіны і наклалі свой адбітак на сытуацыю з тымі, хто прыяжджае ў гэтыя дні ў Францыю. Незалежна ад таго, хто ты — турыст, падарожнік ці спартовец. Я думаю, нашмат прасьцей і правільней было б з паразуменьнем паставіцца да патрабаваньняў і правілаў, якія тычацца знаходжаньня ў чужой краіне.
Францыя — адна з тых краін сьвету, дзе паліцыя часта праводзіць нечаканыя рэйды па спартовых базах.
І яшчэ, Францыя — адна з тых краін сьвету, дзе паліцыя часта праводзіць нечаканыя рэйды па спартовых базах. Робіцца гэта дзеля барацьбы з допінгам. Пад такі ператрус незадоўга да апошніх летніх Алімпійскіх гульняў у Рыё-дэ-Жанэйра трапіла нацыянальная каманда Беларусі па веславаньні на байдарках і каноэ, якая праводзіла трэніровачны збор у Францыі. Тады яе, на падставе вынікаў ператрусу францускай паліцыі, адхілілі ад удзелу ў Алімпіядзе. Пазьней, праўда, беларускі бок выйграў суд і быў апраўданы.
Цяпер беларускі бок у гэтай сытуацыі найперш напірае на тое, што французы «прашманалі» не звычайных беларусаў, а гульцоў нацыянальнай каманды. Але ж нідзе не пазначана, што спартоўцы, нават высокай клясы, вызваляюцца ад агляду. І вось тут, як я бачу сытуацыю, мы сустракаемся з падвойнымі стандартамі, паводле якіх усталявалі жыцьцё ў Беларусі. Адных, як апазыцыянэраў, правяраюць на мяжы на поўную катушку, другіх — чыноўнікаў — не аглядаюць наагул. І калі ў чужой краіне спартовую дэлегацыю прыраўнялі да звычайных падарожнікаў, пачаўся гэты вэрхал.
Дык чаму ж тады ўзьнік гэты скандал? Мая вэрсія — беларускія спартовыя ўлады скарысталіся сытуацыяй, каб падрыхтаваць для сябе апраўданьне на выпадак дрэнных вынікаў. Усе цудоўна ведаюць, як сочыць за хакеем галоўны заўзятар краіны. Чарговыя паразы могуць выклікаць адстаўкі некаторых функцыянэраў. Зразумела, што яны гэтага баяцца. Таму выпадак з хакеістамі на вакзале «Монпарнас» міністар Шамко і старшыня фэдэрацыі хакею Беларусі Ігар Рачкоўскі абыгралі на сваю карысьць. «У залік» ім пойдзе і тое, што за інцыдэнт выбачаліся аргкамітэт чэмпіянату сьвету і прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі хакею.
Карбалевіч: У мяне трохі іншы погляд на гэтую сытуацыю. Думаю, што беларускія ўлады, і на ўзроўні Міністэрства спорту, і МЗС, абсалютна правільна выступілі ў абарону хакеістаў. Тым больш што, як высьветлілася, ператрус ня меў пад сабой падстаў, нічога забароненага не знайшлі. На тое і існуе МЗС, каб абараняць сваіх грамадзян за мяжой.
У абарону беларускіх хакеістаў выступіла і Міжнародная фэдэрацыя хакею, і аргкамітэт па правядзеньні чэмпіянату сьвету па хакеі.
Дарэчы, мінулагодняя гісторыя зь ператрусам францускай паліцыі ў весьляроў, на падставе якога беларускую зборную пазбавілі права ўдзельнічаць у Алімпіядзе ў Бразыліі — як потым высьветліліся, незаконна, — сьведчыць пра магчымасьць несправядлівага стаўленьня да беларускіх спартоўцаў.
І глядзіце, у абарону беларускіх хакеістаў выступіла і Міжнародная фэдэрацыя хакею, і аргкамітэт па правядзеньні чэмпіянату сьвету па хакеі.
Іншая справа, што на форумах дзеяньні францускай паліцыі адразу ж пачалі параўноўваць з паводзінамі беларускай міліцыі падчас вулічных акцый. І гэтае параўнаньне зусім не на карысьць беларускіх праваахоўнікаў.
Цыганкоў: Я больш згодны з пазыцыяй Уладзімера Глода. Беларускі бок зрабіў вялікую праблему зь нічога.
Чаму гэта адбылося? Кіравалі матывы, каб на фоне такога скандалу потым гэтым перадузятым стаўленьнем да беларускіх хакеістаў можна было апраўдаць тыя няўдачы, якія, магчыма, будуць у беларусаў цягам гэтага чэмпіянату сьвету? Але мы ведаем шмат гісторый, калі спартоўцы розных краін абураюцца нейкім асаблівым стаўленьнем да сябе.
Спартоўцы нават у нацыянальных зборных не павінны нічым адрозьнівацца ад звычайных грамадзян.
Зь іншага боку, гэтыя дыскусіі вядуцца часта. Звычайна людзі кажуць, што спартоўцы нават у нацыянальных зборных не павінны нічым адрозьнівацца ад звычайных грамадзян. І калі няма ніякіх спэцыяльных распараджэньняў, павінны праходзіць звычайную працэдуру. У прынцыпе, інцыдэнт не настолькі значны, каб даходзіла ажно да выкліку амбасадзе і г. д.
Тут, можа, згуляла пакрыўджаная годнасьць беларускай дэлегацыі, калі кожны нязначны інцыдэнт узвышаецца да маштабаў міжнароднага скандалу.