Пэнтагон кажа, што будзе бамбаваць ісламістаў у Сырыі і ў «зонах дээскаляцыі»

Пэнтагон даў зразумець, што будзе ажыцьцяўляць паветраныя ўдары па баевіках «ісламскай дзяржавы» ў Сырыі ў гэтак званых «зонах дээскаляцыі», нягледзячы на заяву Расеі аб тым, што зоны будуць закрытыя для вайсковых самалётаў кааліцыі пад кіраўніцтвам ЗША.

Прадстаўнік Пэнтагону Эдрыян Рэнкін-Галаўэй заявіў 5 траўня, за некалькі гадзін да пачатку ўвядзеньня ў дзеяньне расейскага пляну стварэньня бясьпечных зонаў у Сырыі, што «кааліцыя будзе працягваць удары [па баевіках ісламскай дзяржавы], дзе б яны ні знаходзіліся, каб пазбавіць іх прыстанішча».

Рэнкін-Галаўэй адзначыў, што ўрад ЗША не зьяўляецца ўдзельнікам пагадненьня аб бясьпечных зонах, якое была падпісанае Расеяй, Турэччынай і Іранам на мірных перамовах аб Сырыі 4 траўня ў Астане.

Пагадненьне аб «зонах дээскаляцыі» у Сырыі павінна ўступіць у дзеяньне апоўначы 6 траўня.

5 траўня галоўны прадстаўнік Расеі на мірных перамовах у Астане заявіў, што «зоны дээскаляцыі» будуць закрытыя для баявых самалётаў кааліцыі пад кіраўніцтвам ЗША.

«У зонах дээскаляцыі авіяцыйныя апэрацыі — асабліва з боку сілаў міжнароднай кааліцыі — зусім не прадугледжваюцца, ні з папярэднім паведамленьнем, ні безь яго. Гэтае пытаньне закрытае», — сказаў прадстаўнік Расеі Аляксандр Лаўрэнцьеў.