Віцебскаму праваабаронцу 17-га красавіка прысудзілі адміністрацыйны арышт працягласьцю 15 сутак. Судзьдзя Кастрычніцкана райсуду Іна Грабоўская палічыла яго вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваных акцыях 25 і 26 сакавіка.
Павал Левінаў спрабаваў давесьці, што ён рабіў маніторынг гэтых акцый па накіраваньні грамадзкай арганізацыі «Беларускі Хэльсынскі Камітэт» як праваабаронца. Аднак і раённы суд, і сьледам за ім абласны не прыняў аргумэнтаў Левінава.
Павал Левінаў быў зьвярнуўся да судзьдзі Грабоўскай з просьбай падзяліць адбыцьцё арышту на этапы па некалькі дзён, бо ён даглядае нямоглую 80-гадовую маці. Але растэрміноўкі яму не далі.
Каля 19-й гадзіны Паўла Леваінава гвалтам затрымалі на лецішчы брата ў Сеньненскім раёне. Затрыманьне праводзілі супрацоўнікі мясцовага РАУСу. Праваабаронцу вязуць у Віцебскі ізалятар часовага ўтрыманьня.
Спадар Левінаў кажа, што мае накіраваньне ў шпіталь на 10-га траўня, і што 11-га мусіла б адбыцца плянавае хірургічнае ўмяшаньне, якога вымагае стан ягонага здароўя.
Але ці стане гэта аргумэнтам для тых, хто аддаў загад тэрмінова затрымаць праваабаронцу, невядома.