Намесьнік старшыні Абʼяднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў, арыштаваны на 15 сутак Савецкім раённым судом Гомля, абвясьціў галадоўку ў ізалятары часовага ўтрыманьня.
Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Леанід Судаленка, такім чынам палітык пратэстуе супраць несправядлівага, на яго думку, арышту, а таксама тайнага разгляду справы.
На судовае паседжаньне, якое адбылося 2 траўня, нікога не пусьцілі, а міліцыянты ў залі суду замкнуліся знутры на ключ. Рашэньне вынесла судзьдзя Алена Шайн, якая і раней асуджала і Васіля Палякова, і блогера Максіма Філіповіча на суткі.
4 траўня палітыка ў ІЧУ наведаў адвакат, каб падпісаць скаргу на незаконнае рашэньне суду. Палякаў сказаў адвакату, што пасьля затрыманьня 1 траўня на яго склалі пратакол нібыта за заклікі да правядзеньня несанкцыянаванага шэсьця, хоць шэсьця 1 траўня ў Гомлі не было, а быў дазволены гарвыканкамам мітынг, пасьля якога і быў затрыманы намесьнік старшыні АГП. На мітынгу Палякоў трымаў бел-чырвона-белы сьцяг.
Другі пратакол — за нібыта непадпарадкаваньне міліцыі — быў складзены 2 траўня. Палякова везьлі з ІЧУ ў суд, і міліцыянты прымушалі яго сесьці ў клетку службовага аўтамабіля. Калі палітык адмовіўся, на яго склалі пратакол. У выніку суд пакараў палітыка 15-суткавым арыштам.
15 траўня сына Васіля Палякова Аляксандра забіраюць на тэрміновую службу. Палітык вызваляецца толькі 16 траўня і ня зможа праводзіць сына ў войска.
У сацыяльных сетках праходзіць акцыя салідарнасьці з арыштаваным «Я такі, як Васіль Палякоў». Карыстальнікі фатаграфуюцца зь бел-чырвона-белым сьцягам і «Пагоняй» на знак падтрымкі намесьніка старшыні АГП.