Пад ціскам нацыстаў у 1941 годзе ў краіне быў абвешчаны набор жаўнераў у Добраахвотніцкі корпус СС «Данмарк». Адзін зь ягоных навучальных лягераў працаваў у Беларусі.
Другая перадача цыклю «Беларусь пад нямецкай акупацыяй: скандынаўскі сьлед», прысьвечаная лягеру СС «Waldlager» пад Бабруйскам.
Першая перадача цыклю распавядала пра пляны нарвэскай калянізацыі Беларусі.
За год празь яго прайшлі каля тысячы дацкіх эсэсаўцаў з 6-тысячнага корпусу. Распавядае гісторык Андрэй Катлярчук, дацэнт унівэрсытэту Сэдэртэрна (Södertörn University) у Швэцыі.
Школа гвалту
З гістарычных крыніцаў пра дзейнасьць СС «Данмарк» у Беларусі ўвогуле нічога невядома. Іх быццам тут і не было. Гэтае тэмы няма ў масавай сьвядомасьці Беларусі. Да нядаўняга часу пра дацкі сьлед у Беларусі ня ведалі і датчане. Упершыню пра лягер СС «Данмарк» пад Бабруйскам напісалі двое дацкіх гісторыкаў Дэніс Лярсэн і Тэркель Стрэдэ. У перакладзе на беларускую кніга называецца «Школа гвалту. Добраахвотніцкі корпус „Данмарк“ і нямецкая акупацыя Беларусі» (En skole i vold — Bobruisk 1941-44 — Frikorps Danmark og det tyske besættelsesherredømme i Hviderusland).
«Кніга выйшла ў 2014 годзе, яна грунтаецца на дацкіх крыніцах. Гісторыкі працавалі над судовымі пратаколамі жаўнераў, якіх судзілі пасьля вайны. Лярсэн і Страдэ працавалі зь лістамі, якія дацкія жаўнеры слалі дадому. Ім нават удалося трошкі папрацаваць у архіве КДБ Беларусі. Яны, напрыклад, знайшлі там дакумэнты 1972 году, у якіх двое беларускіх сьведкаў апавядаюць, як прымусова працавалі ў лягеры. Яны і распавялі пра парадкі ў лягеры», — гаворыць Андрэй Катлярчук.
Лягер пад Бабруйскам быў навучальна-падрыхтоўчым. У войсках Вафэн-СС была ратацыя. Зьвязы корпусу «Данмарк» здымаліся з Усходняга фронту і праходзілі тут ідэалягічную (нацысцкую) і баявую падрыхтоўку. Адначасова база служыла для адпачынку ў Бабруйску. Салдаты Чырвонай арміі здымаліся з фронту толькі тады, калі былі вялікія страты. У нацыстаў была іншая сыстэма. Датчане набіраліся новых сілаў для барацьбы менавіта ў Бабруйску. Першыя 250 жаўнераў пад камандаваньнем Кая Ісьліна Гансэна прыехалі ў Бабруйск 24 лістапада 1942 году.
«Гэтая навучальная база СС была досыць сакрэтная. Яе будавалі беларускія габрэі і ваеннапалонныя. Менавіта з прычыны сакрэтнасьці ўсіх іх потым зьнішчылі. Яна лічылася нібыта базай адпачынку, але кожны, хто служыў у войску, ведае, што жаўнер ніколі не адпачывае. Там была моцная палітычная падрыхтоўка. Вафэн-СС — гэта ідэалягічны падразьдзел СС, ім прамывалі мазгі наконт арыйскай расы, антысэмітызму. Там жаўнеры ніколі не адпачывалі цалкам. Яны заступалі ў варту, іх высылалі на заданьні, яны хадзілі ў звальненьні, у самаволкі. Прысутнасьць дацкіх ССаўцаў у Беларусі не была бяскрыўднай. Калі гісторыкі ўзьнялі матэрыялы, то выявілася, што жаўнеры хадзілі вартаваць тых, хто будаваў лягер і абслугоўваў яго. Гэта былі беларускія і польскія габрэі з Варшавы, зь якімі вельмі жорстка абыходзіліся. Некаторых забівалі. Дацкія жаўнеры таксама ўдзельнічалі ў антыпартызанскіх акцыях у Беларусі. Яны апісвалі гэтыя акцыі ў лістах. Адзін, напрыклад, піша, што «забілі шмат партызанаў, я забраў партызанскага каня, добры мне дастаўся трафэй», — цытуе ліст Катлярчук.
Навучальна-трэнавальная база СС Waldlager была каля вёскі Кісялевічы. Калі фронт пачаў набліжацца, яе зачынілі. Сяньня гэта ўскраіна Бабруйску з занядбанымі савецкімі казармамі.
Датчане і Галакост у Бабруйску
Чаму для лягеру абралі Бабруйск? Перад вайной гэта быў буйны горад, у якім жыло 100 тысяч чалавек. Традыцыйны цэнтар габрэйскага насельніцтва. У 1939 годзе там налічвалася каля 30 тысячаў габрэяў.
«Частка пасьпела эвакуявацца, але з прыходам нацыстаў было створанае вялікае гета. У 1942 годзе ідзе яго ліквідацыя. З 1500 габрэяў у гета жывымі засталіся толькі 42 чалавекі. Гэта былі рамесьнікі, краўцы, цесьляры, шаўцы. Акурат іх і накіроўваюць працаваць у лягер СС. Гэтых рамесьнікаў не хапае, таму недзе ў 1942 годзе туды прывозяць групу з 50 габрэяў зь Бярозы-Картускай. У 1943 годзе прывезьлі 1500 габрэяў з Варшавы. Там для іх былі жудасныя ўмовы. Голад, цяжкая праца, гвалт. На момант ліквідацыі базы і лягеру ў верасьні 1943 у жывых засталіся толькі 90 габрэяў. „Габрэйскі лягер“ меў сталую варту зь нямецкіх ССаўцаў. Дацкія жаўнеры там несьлі час ад часу варту, калі сталая варта (нямецкая) мела адпачынак. Стасункі ў лягеры былі брутальнымі і садысцкімі. Людзей за ўсякую правіну забівалі. Але толькі адзін выпадак забойства датчанамі быў даказаны дацкім судом».
Пра драму габрэйскіх вязьняў і ваеннапалонных, якія прымусова працавалі ў дацкім лягеры, стала падрабязна вядома дзякуючы допытам жаўнераў пасьля вайны.
«Пасьля вайны пачаліся судовыя працэсы. Давалі па 5 гадоў. Частка супрацоўнічала са сьледзтвам і распавядала, што адбывалася ў Бабруйску. Пра зьдзекі і забойствы. Пра рэаліі ў лягеры вядома і з аповедаў 12-гадовага беларускага габрэя Барыса (Боруха) Флормана, які прыбыў зь Бярозы-Картускай. Яго лёс быў страшным. У 1944 годзе яго пераправілі ў Менск, потым у Майданэк, затым у Бэльзэн. Але ён выжыў. Ён даў паказаньні пра брутальную абстаноўку ў лягеры. У 1972 годзе паказаньні КГБ БССР наконт дацкага лягеру даў беларус з Магілёўшчыны Васіль Бондык, які быў там па нейкіх гаспадарчых справах».
Усім дацкім ССаўцам з корпусу «Данмарк» далі пасьля вайны невялікія тэрміны зьняволеньня. Калі вайна скончылася, то было абвешчана, што гэтыя добраахвотнікі — здраднікі радзімы. І грамадзкая думка была супраць іх.
«Нават па лістах можна прасачыць, як у 1942 годзе, калі нехта ехаў у адпачынак, то яго сустракалі кветкамі. А ўжо ў 1943 годзе, калі яны плылі караблямі з Рыгі ці зь Лібавы да Капэнгагену, то ў іх ужо кідалі памідоры. Але пра гэта ўсе хутка забыліся, пакуль двое гісторыкаў ня выдалі кнігу, якая стала бэстсэлерам у Даніі», — кажа Катлярчук.
Бабруйск як цэнтар расейскіх калябарантаў
Дзейнасьць лягеру СС «Данмарк» пад Бабруйскам зьвязаная з Крыстыянам Фрэдэрыкам фон Шальбургам. Ён жа Канстанцін Фёдаравіч Шальбрук, праваслаўны расеец дацкага паходжаньня, народжаны ў Расеі. Пасьля рэвалюцыі ён асеў у Капэнгагене, стаў афіцэрам гвардыі караля.
«Ён вельмі рана далучыўся да нацысцкага руху. Больш за тое, ён кіраваў маладзёвай арганізацыяй дацкіх нацыстаў. Гэта быў аналяг СБМ у Даніі. Ён быў антысэмітам і абагаўляў Гітлера. Ён узначаліў СС „Данмарк“, кіраваў гэтай дывізіяй і, думаю, нездарма. У гады акупацыі Бабруйск быў жудасным, але адначасова цікавым месцам. Калі нацысты ў Менску гуляюць у гульні зь беларускімі нацыяналістамі, ствараюць Раду даверу, БЦР і СБМ, то ў Бабруйску яны ствараюць расейскія нацыяналістычныя арганізацыі. Туды накіравалі расейскіх калябарантаў з Арла і Смаленску, туды пераехалі нацысцкія газэты „Новый путь“ і „Речь“. Там дзейнічаў адзін з галоўных нацысцкіх прапагандыстаў Міхаіл Актан. Ён стварыў там Саюз барацьбы супраць бальшавізму. Там жа быў створаны Саюз расейскай моладзі, куды рэкрутавалі і запрашалі беларускіх хлопцаў і дзяўчат. Ёсьць унікальныя кінакадры, на якіх відаць, як чальцы СМБ і СРМ разам ускладаюць кветкі ў Менску да мэмарыялу загінулым жаўнерам Райху. Гэта ўсё, што трэба ведаць пра стаўленьне нацыстаў да нацыяналістаў, пра тое, як яны разыгрывалі гэтую карту ў Беларусі».
«Рыцары ўсходняга фронту»
У Даніі кніга гісторыкаў Дэніса Лярсэна і Тэркеля Стрэдэ стала сэнсацыяй. Вэтэраны «Вафэн СС» доўгі час працавалі на імідж «рыцараў усходняга фронту», якія змагаліся з бальшавізмам і ня мелі ніякага дачыненьня да злачынстваў нацыстаў.
«І ўся гэтая прыгожая карцінка ляснулася. Адзін з жаўнераў Гэльмут Лейф Расмусэн, як трапіў на базу 17-гадовым шарагоўцам, даў у 2007 і 2010 гадах інтэрвію дацкай прэсе. Пасьля вайны менавіта ён даў паказаньні супраць сяржанцкага і афіцэрскага складу, датычнага да забойства габрэяў лягеру. Цікава, што яшчэ летась ён быў у сьпісе Цэнтру Сымона Візэнталя, які шукае нацысцкіх злачынцаў. Ён зьмяніў прозьвішча і жыў, прынамсі год таму, у Даніі. На Захадзе доўгі час панавала думка, што толькі немцы адказваюць за злачынствы падчас вайны, а іншыя народы, маўляў, былі толькі ахвярамі. Тым часам дацкія жаўнеры СС палілі вёскі, удзельнічалі ў антыпартызанскіх акцыях і Галакосьце ў Беларусі».