У сераду, 3 мая ў Слоніме пахавалі скульптара Леаніда Богдана і ягоную жонку Тамару. Яны былі забітыя 30 красавіка ва ўласным доме. Ва ўчыненьні злачынства падазраецца іх 16-гадовы ўнук Аляксандар, ён узяты пад варту.
Як расказала Радыё Свабода прадстаўніца Сьледчага камітэту Юлія Ганчарова, малады чалавек пачаў даваць паказаньні. Абвінавачаньне яму пакуль не прадʼяўлена, рыхтуецца псыхоляга-псыхіятрычная экспэртыза:
«Цяпер ён знаходзіцца ў статусе падазраванага, сьледчыя працуюць па зборы доказаў па дадзенай справе, вывучаюць усе акалічнасьці здарэньня. Таксама рыхтуюцца матэрыялы для правядзеньня комплекснай псыхоляга-псыхіятрычнай экспэртызы. Дзеля таго каб правесьці такую складаную экспэртызу, неабходна валодаць усімі абставінамі, усімі характарызуючымі матэрыяламі. Усё як прадугледжвае Крымінальна-працэсуальны кодэкс».
Сьледзтва адпрацоўвае ўсе вэрсіі злачынства, прыярытэтная — непрыязныя адносіны паміж унукам і бабуляй зь дзядулем. Ёсьць зьвесткі, што старэйшыя зрабілі яму заўвагу за электронную цыгарэту, маладому чалавеку гэта не спадабалася. Крымінальную справу завялі паводле артыкула «Забойства» Крымінальнага кодэксу. Санкцыя для непаўналетніх — да 15 гадоў пазбаўленьня волі.
Прадстаўніца Сьледчага камітэту Юлія Ганчарова тлумачыць:
«Мы орган папярэдняга сьледзтва, наша задача — сабраць доказы віны або невінаватасьці. А ўжо пытаньні пакараньня вырашае суд. Калі абстрагавацца, зь юрыдычнага гледзішча дзейнічаюць нормы агульнай часткі Крымінальнага кодэксу — супраць непаўналетняга ня можа быць ужытая такая мера. Аднак пакуль рана казаць пра нейкія тэрміны пакараньня. Сьледзтва толькі пачалося, высьвятляюцца ўсе вэрсіі. Прыярытэтная — тая, якая агучана, але ў любым выпадку працуем па ўсіх кірунках, усё вывучаем. Зразумела, што пытаньне з прадʼяўленьнем абвінавачаньня будзе залежаць ад таго, наколькі і калі сьледчыя будуць да гэтага гатовыя з улікам атрыманых доказаў. Ужо праведзена праверка паказаньняў на месцы, шматлікія агляды, допыты. Агучым, як толькі будуць такія працэсуальныя рашэньні».