Амбасадар Украіны пра вучэньні «Захад-2017»: «Я расейцам не давяраю»

Your browser doesn’t support HTML5

Новы амбасадар Украіны Ігар Кізім першае пасьля ўручэньня даверчых лістоў Аляксандру Лукашэнку інтэрвію даў Радыё Свабода.

У інтэрвію амбасадар Ігар Кізім распавёў пра вынікі сустрэч Пятра Парашэнкі і Аляксандра Лукашэнкі на ЧАЭС і ў Ляскавічах 26 красавіка; пра ўцекачоў і перамешчаных асобаў з Данбасу ў Беларусі; пра сваю рэакцыю на прапагандысцкія фільмы БТ «Званок сябру» і «Белы легіён чорных душаў», дзе Ўкраіну абвінавачваюць у падрыхтоўцы на сваёй тэрыторыі мітычных баевікоў для Беларусі; пра ўплыў Масквы на дачыненьні Менску і Кіева; пра спробу дэпартацыі зь Беларусі паэта Сяргея Жадана, якога расейцы ўнесьлі ў свае «чорныя сьпісы».

Сярод іншага амбасадар Кізім, які раней узначальваў дэпартамэнт міжнароднай бясьпекі Міністэрства замежных спраў Украіны, адказаў і на пытаньне аб плянаваных на восень гэтага году расейска-беларускіх вайсковых вучэньнях «Захад-2017»:

Карэспандэнт: «Ва Ўкраіне шмат выказваюцца пра пляны правядзеньня ў Беларусі расейска-беларускіх вучэньняў „Захад-2017“ з выкарыстаньнем больш як 4 тысяч вагонаў для перавозкі ўзбраеньняў і салдат. У прыватнасьці кіраўнік Рады нацыянальнай абароны і бясьпекі Ўкраіны Аляксандар Турчынаў казаў пра пагрозу расейскіх сілаў, які прыбудуць у Беларусь, для Ўкраіны. Пятро Парашэнка атрымаў запэўніваньні ад Аляксандра Лукашэнкі, што з тэрыторыі Беларусі вайсковай агрэсіі ў дачыненьні Ўкраіны ня будзе. Ці можна сказаць, што на гэтым тэма вычарпаная?»

Амбасадар Кізім: «Так, на гэтую тэму была зробленая заява падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі зь Пятром Парашэнкам на Чарнобыльскай АЭС. Відавочна, размова была там падчас першай часткі іхнай сустрэчы 26 красавіка; яны абмяркоўвалі гэтае пытаньне на Чарнобыльскай атамнай станцыі, калі гутарылі першы раз у такім фармаце.

Пытаньні бясьпекі сапраўды прысутнічалі на сустрэчы, і тыя запэўніваньні, якія даў прэзыдэнт Беларусі, відавочна, задаволілі нашага прэзыдэнта, і ён публічна пра гэта абвясьціў.

Калі ж хочаце маю асабістую думку наконт гэтага, то я скажу, што ад часу, калі прыехаў сюды, я гутарыў з многімі прадстаўнікамі дыпляматычнага корпусу, некаторымі экспэртамі пра тое, што гэта і для чаго тут будзе адбывацца. Маё ўражаньне, што, магчыма, гэта перш за ўсё пытаньне самой Беларусі. Мы верым таму, што сказаў Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка. Ім была дакладна абвешчаная пазыцыя, што ніколі беларуская зямля ня стане пляцдармам для агрэсіі супраць Украіны.

З майго пункту гледжаньня, праблема тут не ў Беларусі. Як спэцыяліст, які меў дачыненьне да першых падзеяў, зьвязаных з агрэсіяй Расеі супраць Украіны, я перакананы, што тут галоўнае пытаньне, наколькі Расея можа прытрымлівацца сваіх слоў. Калі Расея цяпер кажа, што яна прывязе сюды свае войскі і вывезе іх адсюль, то я скажу на гэта словамі Станіслаўскага, што я ў гэта, магчыма, ня веру. Гэта хутчэй пытаньне ў адрас Расеі. Калі ў беларускага боку ёсьць такое бачаньне, што Расея павядзе сябе карэктна ў гэтай сытуацыі (прывязе сюды войскі і вывезе іх), то я веру на слова прэзыдэнту Лукашэнку. Але я расейцам не давяраю. Бо з самага пачатку агрэсіі супраць Украіны зь іхнага боку была суцэльная хлусьня, дэзынфармацыя, і тое, што мы маем цяпер, — гэта сытуацыя, створаная абсалютна праз тое, што Расея паводзіла сябе некарэктна, няправільна».

Карэспандэнт: «Такім чынам, у вас няма да канца ўпэўненасьці ў тым, што пагрозы невяртаньня расейскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі і іхнай агрэсіі ў адрас Украіны няма?»

Амбасадар Кізім: «У мяне да канца ёсьць упэўненасьць, што ў гэтым запэўніў Аляксандар Лукашэнка».

Карэспандэнт: «А Пуцін?»

Амбасадар Кізім: «Наколькі Пуцін тут уплывовы, на беларускай зямлі, я ня буду пра гэта гаварыць. Гэта пытаньне бясьпекі; я ня ведаю мэханізмаў, якія існуюць. Ведаю, што ёсьць супольная групоўка войскаў Расеі і Беларусі, яна працуе. Хто ёй камандуе? Мабыць, два прэзыдэнты. Зь другога боку, калі разглядаць з вайсковага пункту гледжаньня, то я ня бачу неабходнасьці ў гэтым. Навошта фармаваць пляцдарм у Беларусі, калі каля межаў Украіны стаіць магутная расейская групоўка (у Бранскай вобласьці, напрыклад)? Пытаньне разгортваньня войскаў — гэта не пытаньне выкарыстаньня беларускай тэрыторыі, скажам так. Гэта любы вайсковец вам скажа. Гэта хутчэй пытаньне пра бясьпеку самой Беларусі».

Карэспандэнт: «Але калі б было жаданьне прадэманстраваць празрыстасьць, то мо Ўкраіну ўжо запрасілі б назіраць за гэтымі вучэньнямі?»

Амбасадар Кізім: «Тут беларускі бок і асабіста прэзыдэнт казалі пра поўную адкрытасьць вучэньняў, нават публічна запрасілі прадстаўнікоў NАТО. Наколькі я ведаю, запрашэньне Ўкраіне афіцыйна не дасланае, але ёсьць запэўніваньні беларускага боку нашым вайскоўцам, што яны змогуць быць назіральнікамі тут і што будзе запрошаны наш вайсковы аташэ з амбасады. Такім чынам дэманструецца поўная адкрытасьць у гэтым пляне. Дай Бог, каб яна была рэалізаваная і гэта было афіцыйна абвешчана.

Я не вайсковец. Але шмат працаваў з вайскоўцамі і разумею, што павінна быць абвешчаная стратэгія вучэньняў, мэта. У Беларусі ж будзе толькі частка гэтых вучэньняў. Але, як гаварылася, будуць задзейнічаныя войскі ажно да самага Кольскага паўвострава. Дарэчы, калі я тут у Беларусі ў свой час праходзіў тэрміновую службу у войску, то рыхтаваў вучэньні «Захад-81»; цяпер іх аднавілі і ўжо рыхтуюць «Захад-2017».

Цалкам інтэрвію з амбасадарам Украіны Ігарам Кізімам чытайце на нашым сайце пазьней.