Як паведамляе «Хартыя-97», у Менску 3 траўня быў затрыманы каардынатар «Эўрапейскай Беларусі» Яўген Афнагель. Цяпер ён знаходзіцца ў турме на Акрэсьціна, суд мае прайсьці 4 траўня, сьцьвярджае выданьне.
З чым зьвязанае затрыманьне, не паведамляецца, але «Хартыя-97» адзначае, што Афнагель браў удзел у несанкцыянаваным «Першамаі» ў Менску.
На старонцы Афнагеля на Facebook ад ягонага імя таксама паведамляецца, што Яўген на Акрэсьціна, што судзіць яго будуць, магчыма, у Цэнтральным судзе Менску. Раней у выпадку затрыманьня Яўгена праз гэты акаўнт пісала ягоная жонка Кацярына.
Напярэдадні Дня Волі Афнагель быў затрыманы і абвінавачаны ў «непадпарадкаваньні міліцыі», асуджаны на 15 сутак арышту, у яго дома прайшоў ператрус — канфіскавалі два ноўтбукі, налепкі, майку з «Пагоняй» і кнігу Саньнікава.