Канапацкая прасоўвае ў Палату прадстаўнікоў зьмены Выбарчага кодэксу

Ганна Канапацкая

Канфэрэнцыя па пытаньнях выбарчага заканадаўства з удзелам прадстаўнікоў улады, міжнародных арганізацый, парлямэнтароў з суседніх краін пройдзе ў другой палове траўня ў Менску.

Пра гэта сёньня Свабодзе сказала дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая:

«Мы плянуем правесьці шырокую дыскусію з удзелам апазыцыі, грамадзянскай супольнасьці, улады, міжнародных арганізацый. Такая сустрэча стане адным з крокаў на шляху прасоўваньня ў парадак дня веснавой сэсіі Палаты прадстаўнікоў паправак, зьмяненьняў і дапаўненьняў у Выбарчы кодэкс», — сказала палітык.

Дэпутатка Канапацкая таксама сказала, што яна дагэтуль не атрымала ад старшыні Цэнтравыбаркаму Лідзіі Ярмошынай праекту зьменаў заканадаўства, хоць тая, са слоў Канапацкай, і паабяцала ёй пераслаць дакумэнт. Сама ж Ярмошына, як ужо паведамляла Свабода, да 6 траўня ў адпачынку.

Пасьля выбарчай парлямэнцкай кампаніі 2016 году ўлады зрабілі некалькі гучных заяў пра сваю гатоўнасьць унесьці папраўкі ў выбарчае заканадаўства. Іх распрацоўвала адмысловая міжведамасная працоўная група на чале з сакратаром ЦВК Аленай Дзьмухайлай. 1 лютага гэтыя прапановы накіравалі Аляксандру Лукашэнку. Плянавалася, што ў сакавіку ў Лукашэнкі пройдзе вялікая нарада па пытаньнях выбарчага заканадаўства, аднак яна дагэтуль не адбылася.

Праект зьменаў Выбарчага заканадаўства ў Палату прадстаўнікоў таксама не паступаў.

Лідзія Ярмошына раней заявіла, што міжведамасная група ўлічыла каля паловы рэкамэндацый Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЭ.