Гурт выступаў у касьцюмах белага колеру, а іхнае выкананьне песьні суправаджалася адмысловымі малюнкамі, якія адлюстроўваюць сэнс іхнай песьні — «Гісторыя майго жыцьця». У дэкарацыях таксама былі выкарыстаны малюнкі беларускага арнамэнту і белага колеру на сінім фоне. Пра свае касьцюмы выканаўцы распавялі ў адмысловым відэароліку.
Сустрэчу з журналістамі Арцём Лук’яненка і Ксенія Жук распачалі на беларускай мове, а потым перайшлі на ангельскую. Яны распавялі, што падчас цяперашняга прыезду пасьпелі наведаць традыцыйныя для замежных турыстаў месцы — Пэйзажную алею да Андрэеўскі спуск — нягледзячы на тое, што часта бываюць у Кіеве.
«Нам абаім тут усё падабаецца. Мы любім гэты цудоўны горад і людзей. Дзякуй, Кіеў, за гэтае сьвята!», — сказаў Арцём Лук’яненка.
Паводле выканаўцаў, для іх асабіста было вельмі важна прасьпяваць песьню на беларускай мове. «Па-першае, на „Эўравізіі“ песьня на беларускай мове прагучыць упершыню, а па-другое, беларуская мова, паводле ЮНЭСКА, мае статус мовы пад пагрозай выміраньня, і мы павінны яе падтрымаць у нашай краіне», — падкрэсьліў Арцём.
Адзін з расейскіх журналістаў пацікавіўся, якую першую кнігу на беларускай мове прачытала Ксенія, а таксама папрасіў сьпявачку адказаць на ягоныя пытаньні па-беларуску і яна пагадзілася: «Ёсьць такая прыгожая кніга Ўладзімера Караткевіча — „Дзікае паляваньне караля Стаха“. Гэта мая любімая кніга».
Удзельнікі гурту распавядалі журналістам пра сваю творчасьць і як у ёй спалучаюць розныя музычныя жанры, шмат імправізавалі і выконвалі фрагмэнты зь іншых сваіх і чужых твораў.
Сёньня ж касьцюміраваныя рэпэтыцыі на сцэне правялі прадстаўнікі Сан-Марына, Харватыі, Нарвэгіі, Швэйцарыі, Баўгарыі, Літвы, Эстоніі і Ізраіля. У Кіеве ўжо знаходзяцца нацыянальныя дэлегацыі з 40 краін.
Сьпеўны конкурс «Эўравізія-2017» будзе праходзіць з 9 да 14 траўня ў Міжнародным выставачным цэнтры Кіева. Удзел у 62-м конкурсе «Эўравізія» пацьвердзілі 42 краіны.