Адэская паліцыя пераведзена на ўзмоцнены варыянт нясеньня службы. Дзьве тысячы яе супрацоўнікаў патрулююць цэнтральную частку гораду, тэрыторыю Кулікова поля і Саборнай плошчы. Тут праходзяць жалобныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да трэцяй гадавіны трагічных падзеяў у Адэсе. 2 траўня 2014 году на марш футбольных фанатаў і праўкраінскіх сілаў напалі прарасейскія актывісты з агнястрэльнай зброяй. Падчас сутыкненьняў прыхільнікаў Эўрамайдану і Антымайдану загінулі 48 чалавек, больш за 200 былі параненыя. Большасьць ахвяраў загінулі ў Доме прафсаюзаў. Дасьледаваньне Ўладзіміра Івахненкі.
Сьледзтва заяўляе, што масавыя беспарадкі былі арганізаваныя і спэцыяльна сплянаваныя. Па факце адэскіх падзеяў праваахоўныя органы Ўкраіны расьсьледуюць каля дзесяці крымінальных справаў. Да гэтага часу за гібель людзей ніхто не прыцягнуты да адказнасьці.
Празь дзесяць дзён пасьля трагедыі ў Адэсе мясцовыя журналісты і экспэрты стварылі «Групу 2 траўня» для правядзеньня незалежнага журналісцкага расьсьледаваньня. Сабраныя ёю доказы, уключаючы відэазапісы, інтэрвію са сьведкамі, аналіз экспэртыз, былі перададзеныя ў Галоўнае сьледчае ўпраўленьне МУС Украіны і ў Генэральную пракуратуру Ўкраіны.
Ці сапраўды, як заявіў напярэдадні начальнік Галоўнага ўпраўленьня Нацыянальнай паліцыі ў Адэскай вобласьці Дзьмітры Галавін, у расьсьледаваньні гэтай справы дасягнуты істотны прагрэс? Чаму так доўга не ўдаецца паставіць у ім кропку і ці быў у адэскіх падзеях расейскі сьлед? На гэтыя ды іншыя пытаньні адказвае сьведка трагедыі, удзельнік «Групы 2 траўня», адэскі журналіст Сяргей Дзіброў:
— За мінулы год сьледзтва, несумненна, прасунулася наперад. За гэты час былі дапытаныя ўдзельнікі нашай групы ў якасьці сьведкаў і спэцыялістаў, мы ўдзельнічалі ў сьледчых дзеяньнях, у прыватнасьці, у аглядзе месца здарэньня. Былі зафіксаваныя важныя доказы, якія маглі згубіцца ў любую хвіліну. Сьледзтва рэканструявала падзеі, якія папярэднічалі пажару ў Доме прафсаюзаў, былі выяўленыя асобы, якія ініцыявалі захоп будынка. Ім абвешчана падазрэньне. Двое з іх знаходзяцца ў Расеі, паколькі іх абмянялі ў 2014 годзе, затрымаўшы са зброяй зусім па іншай справе, і абмянялі на ўкраінскіх ваеннапалонных. Яшчэ адзін чалавек, на жаль, памёр ад атрыманых траўмаў 3 траўня 2014-га (дэпутат абласнога савету Вячаслаў Маркін. — РС), таксама лічыцца сьледзтвам адным з арганізатараў захопу Дому прафсаюзаў і фактычна вінаватым у тым, што адбывалася далей.
— У красавіку пракурор Адэскай вобласьці Алег Жучэнка заявіў, што ў справе аб арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках 2 траўня 2014 году зьявіліся двое новых падазраваных. Ім завочна выстаўлена абвінавачаньне. Адзін зь іх, паводле Жучэнкі, знаходзіцца на не кантраляванай Украінай тэрыторыі Данбасу, другі — у Расеі. Вы кажаце пра гэтых падазраваных?
— Так, гэта Юры Трафімаў (адзін з кіраўнікоў «Адэскай дружыны», які, паводле вэрсіі сьледзтва, завабіў актывістаў Антымайдану ў Дом прафсаюзаў. — РС), герой фільму расейскага тэлежурналіста Аркадзя Мамантава «Адэса. Тры гады». І яшчэ адзін герой гэтага самага фільму, грамадзянін Расеі Аляксандар Якіменка, які кіраваў рухам афіцэраў Адэсы «Гонар маю». Яны бываюць і ў Данбасе, і на тэрыторыі РФ.
— Нядаўна «Група 2 траўня» паведаміла, што яшчэ ў канцы красавіка 2014 году невядомыя пры пасярэдніцтве мясцовага кіраўніцтва міліцыі перадалі лідэрам баявой часткі адэскага Антымайдану каля 50 тысяч даляраў. Гэты факт усталяваны сьледзтвам? На якія мэты перадавалі грошы?
50 тысяч даляраў былі перададзеныя лідэрам Антымайдану, мы атрымалі пацьвярджэньне гэтага з самых розных крыніц
— Не магу сказаць, бо ня маю доступу да матэрыялаў сьледзтва. Ведаю, што былі дапытаныя людзі, якія могуць валодаць адпаведнай інфармацыяй. Мы не сумняваемся ў тым, што гэтыя грошы былі перададзеныя лідэрам Антымайдану, мы атрымалі пацьвярджэньне гэтага з самых розных крыніц. Гэтыя грошы — палова сумы, асігнаванай тады не найвышэйшым кіраўніцтвам краіны, а праўкраінскімі палітыкамі і прадпрымальнікамі на мірнае згортваньне намётавага мястэчка на Куліковым полі і перанос яго на ўскраіну гораду. Такім чынам хацелі вырашыць сытуацыю з намётавым лягерам, які нямала ўсім перашкаджаў. Частка намётавага мястэчка, якая ня мела стабільнага фінансаваньня, пагадзілася на гэтую ўмову, прыняла гэтыя грошы, і 1 траўня я ўжо не знайшоў іх намётаў на Куліковым полі. Для іх выканкам Адэсы вылучыў участак у зялёнай зоне, на ўскраіне гораду, там былі ўсталяваныя намёты, і ўвечары 1 траўня на гэтым месцы зладзілі супольны пікнік. На ім былі прадстаўнікі той самай «Адэскай дружыны» (радыкальнай арганізацыі, якая 2 траўня вывела прарасейскіх актывістаў на сутыкненьні з праўкраінскай групай. — РС), казацтва і некалькі лідэраў Эўрамайдану разам зь сем’ямі. Гэта значыць, нішто не прадвяшчала бяды і трагічнага разьвіцьця падзеяў. Меркавалася, што супрацьстаяньне ў цэнтры гораду пяройдзе ў нейкі фармат для супрацоўніцтва на ўскраіне Адэсы, на беразе мора.
— Сьледзтва заяўляе, што адэскія падзеі 2 траўня былі арганізаваныя і спэцыяльна сплянаваныя, але пры гэтым не называе кім.
Мы заходзілі ў будынак, але ня думалі, што будзем тут паміраць
— Няма ніякіх прыкметаў таго, што падзеі 2 траўня ў тым выглядзе, як яны адбыліся, з гібеллю людзей, пажарам і захопам будынка Дому прафсаюзаў, першапачаткова плянаваліся. Так, былі іншыя пляны, і сьведкі ў згаданым ужо фільме Аркадзя Мамантава прама кажуць, што мы ішлі ў цэнтар гораду пабіцца. Людзі, якім удалося выратавацца з ахопленага агнём Дому прафсаюзаў, адзначаюць: «Мы заходзілі ў будынак, але ня думалі, што будзем тут паміраць». Яны кажуць пра нескаардынаванасьць, спантаннасьць рашэньня пры адсутнасьці адзінага кіраўніцтва, пра выхад з-пад кантролю часткі «Адэскай дружыны». І ў гэтай сытуацыі сьцьвярджаць аб нейкім пляне, у якім былі задзейнічаныя тысячы людзей з рознымі палітычнымі поглядамі, з розных лягераў, думаю, проста немагчыма.
— Намесьнік кіраўніка Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны, начальнік Галоўнага сьледчага ўпраўленьня Аляксандар Вакуленка напярэдадні паведаміў, што «пажарна-тэхнічная экспэртыза пацьвердзіла, што прычынай такой вялікай колькасьці загінулых у Доме прафсаюзаў стала бязьдзейнасьць пажарных». Ці толькі яны вінаватыя ў гэтай трагедыі?
— Мне здаецца, што прычына ўсіх сьмерцяў, якія былі ў той дзень, — гэта дэградацыя дзяржаўных органаў, праваахоўных і сілавых у тым ліку, у прыватнасьці, і выратавальнай службы, у якіх на працягу многіх гадоў панавала карупцыя.
Міліцыянты ня здолелі ўвесьці ў дзеяньне плян «Хваля», закліканы прадухіліць масавыя беспарадкі, у выніку якіх загінулі людзі
Гэта адбылося з-за бязьдзейнасьці, непрафэсіяналізму тады яшчэ міліцыі (летам 2015 года ва Ўкраіне міліцыю перайменавалі ў Нацыянальную паліцыю ў рамках рэформы сыстэмы МУС. — РС), якая фактычна самаўхілілася ад падтрыманьня парадку і вяла гульні там, дзе іх ня трэба было весьці. Непрафэсіяналізм міліцыі выявіўся і ў тым, што яна ня здолела ўвесьці ў дзеяньне плян «Хваля», закліканы прадухіліць масавыя беспарадкі, у выніку якіх загінулі людзі. Гэта і непрафэсіяналізм Уладзіміра Бадэлана, экс-начальніка ўпраўленьня Дзяржаўнай службы па надзвычайных сытуацыях (ДСНС) у Адэскай вобласьці (уцёк і хаваецца, арыштаваны завочна. — РС), які даў распараджэньне пажарнікам не выяжджаць на выклікі да Дому прафсаюзаў. Усё гэта ў комплексе — вынік шматгадовай карупцыі ў органах улады, якія ў такой экстранай, неплянаванай сытуацыі ня здолелі спрацаваць належным чынам.
— Генэральны пракурор Украіны Юры Луцэнка раней заяўляў, што, паводле адной з вэрсіяў, шэраг актывістаў, якія праніклі ў Дом прафсаюзаў, трапілі пад дзеяньне снатворнага газу. Ці выяўленыя дакладныя прычыны гібелі людзей у гэтым будынку?
— У верасьні летась была прызначаная паўторная судова-мэдыцынская экспэртыза. Паўторная, паколькі пасьля першай (яна была праведзеная Адэскім бюро судова-мэдыцынскай экспэртызы і, згодна зь яе высновамі, людзі загінулі ад агню і атручаньня газамі, пераважна вуглякіслым, якія вылучаліся пры гарэньні мэблі і іншых матэрыялаў. — РС) не былі атрыманыя адказы на пытаньні, якія былі ў следзтва. У верасьні 2016 году генпракурор Украіны Юры Луцэнка ў маёй прысутнасьці запрасіў праз кіраўніка назіральнай місіі ААН па правах чалавека экспэртаў зь любой краіны сьвету ўзяць удзел у такой экспэртызе.
Экспэртыза нават яшчэ не пачалася, і ўсе матэрыялы і дакумэнты знаходзяцца ў Кіеўскім бюро судова-мэдыцынскай экспэртызы, якому гэтае дасьледаваньне было даручанае
Наколькі мне вядома, дадзеная экспэртыза нават яшчэ не пачалася і ўсе матэрыялы і дакумэнты знаходзяцца ў Кіеўскім бюро судова-мэдыцынскай экспэртызы, якому гэтае дасьледаваньне было даручанае. Што тычыцца нашых экспэртаў — мы ня бачым ніякіх прыкмет прымяненьня якога-небудзь атрутнага газу і ўвогуле якіх-небудзь наўмысных дзеяньняў з мэтай гібелі людзей. Мы ня бачым нават тэхнічнай магчымасьці прымяненьня газу ў такіх аб’ёмах. Пасьля таго, як быў патушаны агонь, пажарнікі абышлі ўвесь будынак без супрацьгазавых сродкаў абароны. Мы гаварылі са сьведкамі тых падзеяў: блогерамі, журналістамі, відэастрымэрамі, а таксама з праўкраінскімі і прарасейскімі актывістамі, што заставаліся яшчэ ў задымленых памяшканьнях, і ніхто зь іх не атрымаў ўзьдзеяньня атрутных рэчываў. Таму няма ніякіх падставаў для заяваў аб тым, што былі нейкія іншыя прычыны гібелі людзей акрамя фактараў пажару: дыму, угарнага газу, высокай тэмпэратуры і падзеньня з вышыні.
— З самага пачатку гучала вэрсія аб расейскім сьледзе, пра тое, што гэтая трагедыя была закліканая дэстабілізаваць сытуацыю ў рэгіёне і стварыць перадумовы для яго захопу Расеяй. Цяпер яна адкінутая?
— Мы бачым, што пратэсты, якія тады былі ў Адэсе, інсьпіраваліся, фінансаваліся з-за мяжы, і гэта пацьвярджаецца працёкамі з электроннай пошты фігурантаў гэтай справы, такіх як, напрыклад, Кірыл Фралоў (расейскі палітычны актывіст, намесьнік дырэктара Інстытуту краін СНД Канстанціна Затуліна. — РС), і перахопамі тэлефонных перамоваў расейскіх палітыкаў з адэскімі актывістамі, агучаных у жніўні 2016 году Галоўнай вайсковай пракуратурай Украіны. Там называюцца канкрэтныя сумы, канкрэтныя падзеі, і яны цалкам карэлююцца з падзеямі, якія ў той пэрыяд адбываліся ў горадзе.
Людзі ўвайшлі ў Дом прафсаюзаў пасьля атрыманьня абсалютна ілжывай інфармацыі аб тым, што нібыта расейскія войскі рухаюцца з Прыднястроўя ў Адэсу
Мы бачым, калі казаць пра расейскі сьлед, напэўна, адзін вельмі важны ключавы момант — гэта той факт, што людзі ўвайшлі ў Дом прафсаюзаў пасьля атрыманьня абсалютна ілжывай інфармацыі аб тым, што нібыта расейскія войскі рухаюцца з Прыднястроўя ў Адэсу. Гэтую інфармацыю актывістам перадаў па тэлефоне з кантраляванага Расеяй Крыму Валеры Кавураў (старшыня Саюзу праваслаўных грамадзянаў Украіны, а таксама арганізацыі «Единое отечество». — РС), які зьяўляецца адным зь фігурантаў размоваў Канстанціна Затулина, Кавураў пастаянна каардынаваў свае дзеяньні з Фраловым і быў, можна сказаць, агентам Расеі. Кавураў за некалькі дзён да трагедыі ў нашым горадзе абвясьціў сябе прэзыдэнтам «Адэскай народнай рэспублікі», што тады выклікала абурэньне і сьмех у намётавым мястэчку на Куліковым полі. Тое, што адбылося тады ў Адэсе, — зьбег велізарнай колькасьці акалічнасьцяў. І гэтая сытуацыя праходзіла празь вялізную колькасьць паваротных пунктаў, на кожнай зь якіх усё магло пайсьці зусім па-іншаму. У гэта немагчыма паверыць, што менавіта так склаліся абставіны, і я асабіста ў гэта б не паверыў, калі б сам асабіста не прысутнічаў тады там, ня вёў здымку і ня бачыў сваімі вачамі, як такія неверагодныя супадзеньні адбываюцца. Ніхто не плянаваў гэтага масавага забойства.
— За працай украінскіх сьледчых працягвае назіраць Міжнародная кансультатыўная група (МКГ) Рады Эўропы, задача якой — сачыць за тым, каб расьсьледаваньне адпавядала міжнародным стандартам. МГК у канцы 2015 году заяўляла, што вядзеньне справы не адпавядае патрабаваньням Эўрапейскага суду ў пытаньнях правоў чалавека з-за прадузятасьці расьсьледаваньня, неэфэктыўнасьці сьледчых органаў і сумнеўных судовых працэсаў. Гэтая крытыка ўлічана украінскім сьледзтвам?
— Так, былі дадзены канкрэтныя рэкамэндацыі, накіраваныя на прывядзеньне сьледзтва да эўрапейскіх стандартаў расьсьледаваньня. Практычна ўсе выкладзеныя там рэкамэндацыі ня проста праігнараваныя, а былі прынятыя рашэньні, які ім супярэчаць. У першым пункце, у прыватнасьці, гаворка ішла пра неабходнасьць забесьпячэньня незалежнага расьсьледаваньня, перадачы справы максымальна незалежнаму органу ад міліцыі, у цэлым ад МУС і ДСНС. У выніку справу, якая знаходзілася ў Галоўным сьледчым упраўленьні Міністэрства ўнутраных справаў, перадалі ў сьледчае ўпраўленьне МУС у Адэскай вобласьці. Гэта значыць яе перадалі ў той орган, у якім служылі людзі, якія зьяўляюцца фігурантамі гэтай трагічнай гісторыі. Была рэкамэндацыя ўзмацніць узаемадзеяньне зь іншымі, альтэрнатыўнымі групамі, якія расьсьледуюць гэтую справу, у прыватнасьці, з нашай «Групай 2 траўня». Гэтая рэкамэндацыя выкананая часткова.
Я выйграў у трох судовых інстанцыях пазоў, у якім адстойваў сваё права як журналіста на доступ да экспэртных заключэньняў
На працягу мінулага году ўзаемадзеяньне ўзмацнілася, але прыкладна ў кастрычніку-лістападзе 2016-га спыніліся наогул любыя кантакты сьледчых органаў з нашай групай. Нас не дапускаюць да вынікаў экспэртызаў. Я выйграў у трох судовых інстанцыях пазоў, у якім адстойваў сваё права як журналіста на доступ да экспэртных высноваў. У адказ Генэральная пракуратура падала скаргу ў Вярхоўны суд Украіны і ўжо другі год не дапускае нас да гэтых дакумэнтаў. Адзначу яшчэ адзін важны момант: калі раней гэтую справу расьсьледавалі на ўзроўні кіраваньня міністэрства, то з канца мінулага году, калі зьмянілася сьледча-апэратыўная група, яе перадалі сьледчаму райаддзелу паліцыі Адэсы, гэта значыць істотна панізілі яе ўзровень да, прабачце, расьсьледаваньня кішэннага крадзяжу або згону аўтамабіля. Мы перадаем інфармацыю па гэтай справе ў Генэральную пракуратуру, пэрыядычна сустракаемся са сьледчымі пракуратуры, абменьваемся зь імі інфармацыяй, але з паліцыяй у нас няма ніякіх кантактаў.
— Што або хто замінае сьледзтву давесьці гэтую справу да канца?
Адсутнічае палітычная воля кіраўніцтва і, напэўна, адсутнічае нейкі прафэсійны гонар давесьці гэтую справу да канца
— Падзеі 2 траўня 2014-га ў Адэсе ў свой час былі прадметам разгляду на пасяджэньні Рады бясьпекі ААН, ня кажучы ўжо пра ўвагу да іх з боку АБСЭ, Рады Эўропы, Вярхоўнай Рады, у якой была створаная часовая сьледчая камісія. Яшчэ год таму я сумняваўся: ці то сьледзтва ня можа гэта зрабіць у сілу асаблівасьцяў працэсуальнага закону, напрыклад, альбо іншых аб’ектыўных прыкметаў, альбо ня хоча зь нейкіх прычынаў. Год таму, паўтаруся, я яшчэ сумняваўся, але калі год таму сьледзтва, пасьля перадачы справы ў Адэсу, усё ж актывізавалася і пачаліся сьледчыя дзеяньні і нават былі зьнятыя запісы з камэраў назіраньня на Куліковым полі і Доме прафсаюзаў, якія два гады нікога не цікавілі, я зразумеў, што ў іх не было жаданьня гэта расьсьледаваць. І цяпер, калі сьледзтва зноў затармазілася, я магу адназначна сказаць: адсутнічае палітычная воля кіраўніцтва і, напэўна, адсутнічае нейкі прафэсійны азарт, прафэсійны гонар для сьледчага давесьці гэтую справу да канца. Гэтага няма і, адпаведна, няма матывацыі і выніку, — лічыць Сяргей Дзіброў.
Па справе аб масавых беспарадках тры гады таму ў Адэсе застаюцца пад вартай прадстаўнікі Антымайдану Максім Сакауаў, Яўген Мяфедаў, Сяргей Далжанкоў, Уладзіслаў Раманюк і Сяргей Карчынскі. Адэсіта Сяргея Далжанкова і грамадзяніна РФ Яўгена Мяфедава абвінавачваюць, у прыватнасьці, у арганізацыі захопу Дому прафсаюзаў. Некалькі ўдзельнікаў гэтых падзеяў знаходзяцца пад падпіскай аб нявыезьдзе і рэгулярна ходзяць на судовыя пасяджэньні. Сярод іх і абвінавачаны ў гібелі некалькіх антымайданаўцаў актывіст «Правага сэктару» Сяргей Хадзіяк. Яшчэ 14 чалавек абвешчаныя ў вышук.
Як заявіў 28 красавіка начальнік Галоўнага ўпраўленьня Нацыянальнай паліцыі ў Адэскай вобласьці Дзьмітры Галавін, расьсьледаваньне гэтай трагедыі істотна прасунулася і з пачатку бягучага году «сьледчай групе ўдалося зрабіць больш, чым за ўвесь 2016-ты». Прызначаныя дзьве новыя экспэртызы — хімічная і судова-балістычная, паведамлена пра падазрэньні тром удзельнікам падзеяў, пасьля чаго яны былі абвешчаныя ў вышук, а адзін зь фігурантаў справы (яго імя паліцыя не называе. — РС) затрыманы і цяпер знаходзіцца пад вартай.
Паводле дадзеных адэскага інтэрнэт-выданьня"Думская«, новы падазраваны — прарасейскі актывіст Яўген Гур’еў, які тры гады знаходзіўся ў вышуку. Распавядае каардынатар «Групы 2 траўня» Тацяна Герасімава:
— Яўген Гур’еў — адзін з актывістаў, затрыманых 2 траўня 2014 году ў адэскім гандлёвым цэнтры «Афіна» яшчэ да падзеяў у той дзень на Куліковым полі і ў Доме прафсаюзаў. Гэта прадстаўнік прарасейскай «Адэскай дружыны» Сяргея Далжанкова, больш вядомага пад мянушкай «Капітан Какава». Яны ў той дзень ішлі па горадзе паралельна маршу «За адзінства Ўкраіны», потым у нейкі момант па камандзе Далжанкова разгарнуліся і пайшлі напярэймы ўдзельнікам гэтай акцыі. Прытым што ў «Адэскай дружыне» было чалавек 200, а ў маршы — пара тысячаў. Накіраваўшыся насустрач праўкраінскім актывістам, яны тым самым справакавалі гэтыя беспарадкі. Затым у ходзе сутыкненьняў прагучалі стрэлы і загінулі першыя шэсьць чалавек.
Гэта была выпадковасьць, але пракуратуры і паліцыі гэта дало падставу заявіць аб істотным прарыве ў расьсьледаваньні падзеяў аб масавых беспарадках 2 траўня
Прадстаўнікоў Антымайдану пасьля гэтага загналі ў гандлёвы цэнтар «Афіна», арыштавалі, там было дастаткова шмат людзей, але да суду дайшлі толькі 20 чалавек. Вось гэты судовы працэс цяпер ідзе ў нас у Малінаўскім райсудзе Адэсы ўжо амаль тры гады. Дык вось, Гур’еў таксама праходзіць па гэтым самым абвінаваўчыма акце. Якім чынам у свой час яму ўдалося ўцячы, ня ведаю, але, згодна з нашымі крыніцамі ў праваахоўных органах, ён увесь гэты час спакойна жыў у Адэсе. Ніхто не займаўся яго вышукам, проста Гур’еў вясной гэтага году патрапіў у нейкую складаную асабістую сытуацыю, прыйшоў у Кіеўскі райаддзел паліцыі Адэсы, каб напісаць заяву, і калі яго дадзеныя праверылі па базе, то яны супалі з дадзенымі шуканага Гур’ева, вось яго і затрымалі. Гэта была выпадковасьць, але пракуратуры і паліцыі гэта дало падставу заявіць аб істотным прарыве ў расьсьледаваньні падзеяў аб масавых беспарадках 2 траўня. Але гэта толькі яшчэ адзін дробны выканаўца, такі самы, як і астатнія 20 актывістаў Антымайдану, віну якіх зусім ганебна і беспэрспэктыўна спрабуюць даказаць у судзе.
— Вы згодныя з сьцьвярджэньнем сьледзтва, што адэскія падзеі, якія прывялі да гэтак шматлікіх ахвяраў, былі арганізаваныя і спэцыяльна сплянаваныя?
— Усё, што адбылося 2 траўня, вельмі складаная карціна, дзе сышліся інтарэсы сапраўды вельмі шматлікіх груп. І тых, якія былі нейкім чынам зьвязаныя з Расеяй — Валерыя Кавурава (старшыні арганізацый «Саюз праваслаўных грамадзянаў Украіны» і «Единое отечество». — РС), Дзяніса Яцюка (адзін з кіраўнікоў «Адэскай дружыны». — РС), Дзьмітрыя Майданьніка (Адзінава) (кіраўніка ультраправага «Славянскага адзінства». — РС), якія яшчэ ў 2014-м былі абвешчаныя СБУ у вышук і падазраюцца ў закліках да зьвяржэньня канстытуцыйнага ладу, удзеле ў дзейнасьці незаконных узброеных фармаваньняў, замаху на тэрытарыяльную цэласьць краіны. Яны курыраваліся з Масквы дарадцам расейскага прэзыдэнта Сяргеем Глазьевым, дырэктарам Інстытуту краін СНД Канстанцінам Затуліным і іншымі. Таму можна казаць пра тое, што ў справе 2 траўня ёсьць відавочны расейскі сьлед, і гэта ўжо не патрабуе асаблівых доказаў. Але тое, што ў справе 2 траўня знайшлі адлюстраваньне і падзеі мясцовых груп, — гэта, у прынцыпе, таксама выяўлена.
Шмат каго не задавальнялі намёты на Куліковым полі, перш за ўсё — тагачаснага губэрнатара Адэскай вобласьці Уладзіміра Неміроўскага
Шмат каго не задавальнялі намёты на Куліковым полі. Перш за ўсё гэта не задавальняла тагачаснага губэрнатара Адэскай вобласьці Уладзіміра Неміроўскага, які вельмі хацеў правесьці 9 траўня на Куліковым полі парад, прымеркаваны да Дня Перамогі. Не задавальняла гэта і саміх «кулікоўцаў», яны разумелі, што яшчэ тыдзень-другі, і на Куліковым полі немагчыма будзе знаходзіцца — сьпякота, а вакол толькі асфальт, ніводнага дрэўца. І трэба было сысьці з Кулікова поля прыгожа, каб маскоўскія куратары, якія ім грошыкі пасылалі, думалі, што яны — ахвяры тых самых крыважэрных правасекаў, пра якіх на расейскай тэлевізіі ўвесь час распавядае таварыш Мамантаў. І гэтыя намёты ўжо даўным-даўно былі пагрозай для бясьпекі гораду, таму што да таго часу ўжо пачалася вайна ў Данбасе, група Ігара Стралкова ўжо захапіла Славянск, і людзі паволі пачыналі разумець, што тая частка актывістаў, якія пад сьцягамі «Данецкай народнай рэспублікі» ходзяць на Кулікова поле і патрабуюць, каб Уладзімір Пуцін увёў войскі ў Адэсу, яны проста ўжо ўяўляюць небясьпеку для ўсяго гораду. Таму гэтыя намёты не былi выгадныя нікому. Тут сышліся інтарэсы вельмі многіх груп, але такога зыходу падзей, як пажар у Доме прафсаюзаў, натуральна, я думаю, не хацеў ніхто.
— Акрамя пажарных, бязьдзейнічала тады і адэская міліцыя, на вачах якой таксама разгортваліся тыя страшныя падзеі на Куліковым полі і ў Доме прафсаюзаў.
— Па міліцыі ёсьць некалькі справаў, і іх працягвае расьсьледаваць Генэральная пракуратура Ўкраіны, у прыватнасьці, дэпартамэнт спэцрасьсьледаваньняў. Яны ўжо перадалі ў суд абвінаваўчы акт у дачыненьні да былога начальніка Галоўнага ўпраўленьня МУС Украіны ў Адэскай вобласьці Пятра Луцюка. Ён нікуды ня зьехаў з краіны. Кожны месяц прыяжджае ў Адэсу са сваім адвакатам і наведвае ўсе пасяджэньні суду і паводзіць сябе як законапаслухмяны грамадзянін. Прэтэнзій да яго па гэтай частцы няма. Ён будзе адказваць за падзеі 2 траўня і хоча, вядома ж, каб яго апраўдалі. Луцюку інкрымінуюць тое, што ён ня ўвёў у дзеяньне плян «Хваля» і службовы падлог.
Адказ на пытаньне аб тым, хто ня даў Луцюку ўвесьці ў дзеяньне апэратыўны плян «Хваля», каб лякалізаваць беспарадкі — адзін з ключавых у гісторыі гэтай трагедыі. Яшчэ адна справа расьсьледуецца ў дачыненьні да былога кіраўніка гарадзкога ўпраўленьня міліцыі Андрэя Нятрэбскага, начальніка ізалятара гарадзкога ўпраўленьня ўнутраных спраў на Праабражэнскай Віталя Прыймы і дзяжурнага інспэктара ІЧУ Руслана Кандратава. Ім ставіцца ў віну, што 4 траўня 2014 году пад ціскам натоўпу яны выпусьцілі ўсіх затрыманых 2 траўня. І дарэчы, тады ўжо абласную паліцыю ўзначальваў замест адхіленага ад пасады Луцюка Дзмітры Фучэджы (выстаўлена завочнае абвінавачаньне, уцёк у Прыднястроўе. — РС). Сьцьвярджаецца, што нібыта Фучэджы аддаў загад вызваліць усіх затрыманых. Падпарадкаваных Фучэджы, як і падпарадкаваных Бадэлана, цяпер судзяць. Працэс цягнецца ўжо амаль тры гады, — кажа Тацяна Герасімава.
Першай ахвярай 2 траўня 2014 году быў эўрамайданавец, дзясятнік адэскага «Правага сэктару» Ігар Іваноў. На думку сьледчых, ёсьць усе падставы сьцьвярджаць, што ён быў забіты з зброі Віталя Будзько па мянушцы Боцман, кіраўніка так званай «мабільнай групы» Кулікова поля, яго баявога крыла. Будзько, як і Фучэджы, хаваецца ў Прыднястроўі.
Многія доказы не былі сабраныя з самага пачатку, а пасьля яны былі зьнішчаныя
— Ці рэальна даказаць віну таго самага Боцмана будзе складана, таму што не ўсталяваная ўзаемасувязь паміж сьмерцю Іванова і дзеяньнямі Боцмана, — лічыць рэдактар інтэрнэт-выданьня «Таймэр» Юры Ткачоў, які з-за рознагалосьсяў пакінуў «Групу 2 траўня», у якой ён быў адзіным прадстаўніком Антымайдану. Цяпер ён працягвае самастойнае журналісцкае расьсьледаваньне адэскай трагедыі. — Прычына гэтага — бяздарнае расьсьледаваньне, абсалютна бяздарна праведзеныя экспэртызы. Многія доказы не былі сабраныя з самага пачатку, а пасьля яны былі зьнішчаныя. Куля, вынятая зь цела Іванова, як высьветлілася, не магла вылецець з паляўнічага карабіна, які афіцыйна зарэгістраваны на Боцмана, а зброі забойства сьледзтва ня мае.
Што тычыцца вэрсіі пра снатворны газ у Доме прафсаюзаў, пра што раней згадваў генпракурор Луцэнка, то такія здагадкі зьявіліся пасьля атрыманьня сьледзтвам пэўных дасьледаваньняў, па выніках якіх былі выяўленыя сьляды нейкіх хімічных рэчываў, у прыватнасьці, хляраформу. Гэтаму ёсьць простае тлумачэньне: гэткія рэчывы маглі зьявіцца ў Доме прафсаюзаў пасьля выкарыстаньня «кулікоўцамі» вогнетушыцеляў. Ці былі распыленыя там атрутныя рэчывы? Некалькі актывістаў, якім удалося пакінуць ахоплены полымем Дом прафсаюзаў, казалі мне, што бачылі нейкі дзіўны жаўтаваты дым. Аднак уся карціна пажару і яго наступстваў, якія мы назіралі, не паказвае на тое, што нейкія атрутныя рэчывы былі ўжытыя. Гэта вельмі вялікі будынак, былі адчыненыя вокны, рухаліся паветраныя патокі, і ў гэтай сытуацыі, каб кагосьці чымсьці сур’ёзна атруціць, патрэбныя былі такія аб’ёмы атрутных рэчываў, што эфэкт ад іх адчулі б і людзі, якія знаходзіліся звонку будынка. Зрэшты, нельга на 100% выключаць, што там магло зьявіцца нейкае атрутнае рэчыва пасьля таго, як нехта мог запаліць, скажам, хлёрпікрынавую шашку. Але нават калі і былі там якія-небудзь атрутныя рэчывы, на маю думку, яны б не адыгралі значнай ролі ў гэтай трагедыі.
Паводле Ткачова, праз тры гады пасьля трагічных падзеяў у Адэсе яшчэ сотні пытаньняў застаюцца без адказу. Напрыклад, якая роля людзей, якія на розных этапах падзеяў 2 траўня бралі ў іх удзел то на адным, то на другім баку? Хто гэтыя людзі? Што імі рухала? Якія мэты яны мелі?
— Ёсьць дастаткова інфармацыі на гэтую тэму, некалькі відэа у тым ліку, якія пацьвярджаюць удзел па меншай меры трох асобаў на розных этапах то з аднаго, то з другога з канфліктуючых бакоў. Ці былі гэта сьвядомыя правакатары альбо гэта былі гарадзкія вар’яты, якія проста бегалі па горадзе і ня маюць ніякага дачыненьня да гэтых падзеяў? Такое таксама можа быць. У гісторыі з масавымі беспарадкамі мы падобнае назіралі, аднак сам факт наяўнасьці такіх людзей зафіксаваны, і неабходна выявіць асобы іх усіх, аднак пакуль гэтага зрабіць не ўдалося, — канстатуе Юры Ткачоў.