Жаночае аблічча беларускага валянтэрства

Наста Захарэвіч

Часам мне здаецца, што да актывізму ў «шырокай грамадзкасці» больш пытаньняў і прэтэнзій, чым да ўлады і камэрцыйных арганізацый.

Ствараючы валянтэрскую групу, людзі нібыта кажуць: «Мы маем шмат вольнага часу і ня ведаем, як яго разьмеркаваць, таму выканаем любыя вашыя пажаданьні, шаноўныя грамадзяне і грамадзянкі». Насамрэч людзі, вядома ж, кажуць, што бачаць праблему, і хочуць дапамагчы яе вырашыць найлепшым чынам. Але навакольныя ўпарта чуюць просьбы даць валянтэрскай камандзе пару-тройку парадаў, а яшчэ лепш — загадаў.

Праз тое, што ў мэдыях зьяўляецца ўсё больш інфармацыі пра актывізм і валянтэрства, у «неабыякавых навакольных» значна пашыраецца прастора для няпрошаных інструкцый. Яны заўжды ведаюць, на каго трэба траціць час і сілы ў першую чаргу, як правільна зьбіраць і разьмяркоўваць грошы, як трэба рэклямаваць сваю дзейнасьць (найбольш папулярная заўвага — ніяк ня трэба рэклямаваць, і ўвогуле надакучылі ўжо сваім нэгатывам).

Абаронцы жывёлаў увесь час чуюць, што лепш бы гэтыя грошы трацілі на хворых дзяцей; тыя, хто дапамагае хворым дзецям — што бессэнсоўна траціць грошы на безнадзейных...

Абаронцы жывёлаў увесь час чуюць, што лепш бы гэтыя грошы трацілі на хворых дзяцей; тыя, хто дапамагае хворым дзецям — што бессэнсоўна траціць грошы на безнадзейных, бо яны ўсё адно хутка памруць; а на валянтэрак і валянтэраў, што працуюць зь бяздомнымі, увогуле глядзяць як на вар’ятаў, якія робяць шкодную справу.

Мэдыі робяць бачнымі тыя сфэры валянтэрскай працы, якія раней былі па-за фокусам увагі. Разам з тым яны паказваюць і нябачныя да гэтага праблемы (напрыклад, побыт дзяцей з рэдкімі захворваньнямі і іх сем’яў).

Адпаведна, робяцца заўважнымі пэўныя асаблівасьці дабрачынных ініцыятыў. Напрыклад, відаць, што сацыяльная сфэра ў Беларусі — спэцыфічна жаночая ня толькі ў прафэсійным ракурсе, але і ў валянтэрстве. Нездарма менавіта жанчына стварыла часопіс «Імёны», які расказвае жыцьцёвыя гісторыі і дапамагае тым, хто ня можа справіцца з бядой ці праблемай самастойна.

Сярэднестатыстычную дзяўчынку з раньняга дзяцінства вучаць клапаціцца пра навакольных.

Тлумачыць гэтую зьяву можна па-рознаму: «мацярынскім інстынктам», «прыроднай клапатлівасьцю», тым, што гістарычна так склалася, асаблівасьцю жаночай гендэрнай сацыялізацыі ў грамадзтве і іншымі фактарамі. Я ўпэўнена, што галоўную ролю грае ўсё ж сацыялізацыя: сярэднестатыстычную дзяўчынку з раньняга дзяцінства вучаць клапаціцца пра навакольных, называюць маленькай памочніцай і вучаць таму, што цярплівасьць, міласэрнасьць і прага да абслугоўваньня — гэта прыродныя жаночыя якасьці.

Безумоўна, існуюць і мужчынскія валянтэрскія ініцыятывы, але тэндэнцыя адназначная: усё, што тычыцца дагляду за хворымі і старымі, паляпшэньня якасьці жыцьця людзей зь безнадзейнымі дыягназамі, дапамогі бяздомным жывёлам, падтрымкі жанчын і дзяцей, пацярпелых ад хатняга гвалту, — гэта тыпова жаночыя некамэрцыйныя арганізацыі, валянтэрскія групы і дабрачынныя фонды.

Арганізацыя абароны жывёлаў «Эгіда» складаецца, паводле інфармацыі на яе сайце, з трынаццаці чалавек, дванаццаць з якіх — жанчыны. Дабрачынны фонд «Геном», які дапамагае дзецям з нэрвова-цягліцавымі захворваньнямі, быў створаны маці адной з такіх дзяўчынак, Ганнай Герынай, а вялізную дапамогу ў арганізацыі збораў грошай і пошуку спонсараў ёй аказвае журналістка Дар’я Царык. Грамадзкая арганізацыя «Пазытыўны рух», якая дапамагае нарказалежным і людзям зь ВІЧ-інфэкцыяй, на дзьве траціны складаецца з жанчын.

Ад таго, што ініцыятывы робяцца заўважнымі, карысьці у любым выпадку значна больш, чым шкоды.

Чым больш увагі мэдыі надаюць гэтым праектам, тым больш відавочна, наколькі шмат робяць валянтэркі, актывісткі і супрацоўніцы грамадзкіх аб’яднаньняў (іх праца звычайна таксама ўключае элемэнт валянтэрства). І хоць на адно ўхваленьне заўжды знойдзецца тры няпрошаныя парады, ад таго, што ініцыятывы робяцца заўважнымі, карысьці у любым выпадку значна больш, чым шкоды.

Мы падтрымліваем адна адну і натхняем на новыя дзеяньні. А разам мы можам напраўду шмат, хай часам і адчуваем сябе бездапаможнымі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.