Пасьля першамайскай акцыі зьнік Павал Севярынец

Пасьля першамайскай акцыі на Кастрычніцкай плошчы і шэсьця да Плошчы Незалежнасьці зьнік сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец.

Пра гэта Свабодзе паведаміў сустаршыня БХД Дзяніс Садоўскі:

«Перад тым, як пайсьці на акцыю, ён пакінуў тэлефон дома, таму сувязь зь ім фізычна немагчымая. Усе мы бачылі, што ён гэтую акцыю годна правёў. Апошні раз яго бачылі, калі ён разьвітаўся з усімі і пайшоў у бок станцыі мэтро Кастрычніцкая. Ён плянаваў ехаць дадому. Прайшло ўжо больш за 2 гадзіны. Дома ён не зьяўляўся, адпаведна ніякай інфармацыі ад яго не паступала. Таму ёсьць вялікая верагоднасьць, што ён затрыманы».

***

Афіцыйныя ўлады не дазволілі лідэру «Беларускага нацыянальнага кангрэсу» Міколу Статкевічу правядзеньне 1 траўня акцыі а 14-й гадзіне на Кастрычніцкай плошчы. Напярэдадні арганізатар акцыі на Кастрычніцкай Статкевіч быў затрыманы і атрымаў 5 сутак арышту.

Нягледзячы на забарону, акцыя на Кастрычніцкай адбылася. Калі колькасьць удзельнікаў дасягнула сотні чалавек, на плошчы прайшоў кароткі мітынг, на якім выступілі Някляеў, Севярынец, Сіўчык, Адамовіч. Гучалі лёзунгі «Незалежнасьць!», «Жыве Беларусь!», «Свабоду палітвязьням!», мітынгоўцы патрабавалі адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі і ўраду. Пасьля мітынгу калёна пачала рухацца па ходніку ўздоўж праспэкту на плошчу Незалежнасьці. Насупраць будынку КДБ гучалі лёзунгі «Свабоду патрыётам!» і «Далоў КДБ!».

На плошчы Незалежнасьці каля Чырвонага касьцёлу прайшоў яшчэ адзін мітынг, на якім выступілі тыя ж самыя прамоўцы, што і на Кастрычніцкай плошчы. Паводле назіральнікаў, у акцыі ўзялі ўдзел ад 500 да 600 чалавек. Падчас акцыі затрыманьняў не было.