А ўсё ж мае сэнс іншым разам глядзець расейскую тэлевізію: можна зрабіць карысныя высновы і атрымаць культуралягічную асалоду ад убачанага. Так падумаў я 1 траўня 2017 году, калі дома за сьняданкам ўключыў канал «Россия-24».
Што мы ведаем пра формы нацыянальнага жыцьця? Ведаем, што яны бываюць розныя. Калі не гуляцца з мадэрнымі тэрмінамі кшталту «народ», «нацыя», «формы патрыятызму» і гэтак далей, то можна сказаць што ў беларусаў нацыянальнае жыцьцё да ХІХ стагодзьдзя існавала ў форме фальклёру і традыцыйнага сялянскага побыту. (Дарэчы, ня ўсе нават беларускія інтэлектуалы сёньня разумеюць, што беларускія сяляне захавалі да ХІХ стагодзьдзя тое, што ў XVI-XVII стагодзьдзях было ўласьцівае і беларускаму гораду.)
Праваслаўе, Расейская Праваслаўная царква зьяўляюцца формай нацыянальнага існаваньня расейскага народу.
Расейскія славянафілы ў тым жа ў ХІХ стагодзьдзі зразумелі і сфармулявалі найважнейшую выснову пра свой народ, зь якой пагаджаліся і пагаджаюцца ўважлівыя назіральнікі і ў ХХ стагодзьдзі, і ў наш час. А менавіта, што Праваслаўе, Расейская Праваслаўная царква зьяўляюцца формай нацыянальнага існаваньня (нацыянальнага быцьця) расейскага народу.
Адзін з галоўных ідэолягаў славянафільства ў Расеі Канстанцін Аксакаў у 1857 годзе пісаў: «История русского народа есть единственная во всем мире история народа христианского не только по исповеданию, но по жизни своей, по крайней мере, по стремлению своей жизни... Дух нашего народа есть христианско-человеческий... Русская история имеет значение Всемирной Исповеди. Она может читаться, как жития Святых...»
Нехта можа з гэтым паспрачацца. Але вось праз 65 гадоў пасьля Аксакава выдатны беларускіх рэлігійны і нацыянальны дзяяч ХХ стагодзьдзя, прафэсар Санкт-Пецярбурскай Рымска-каталіцкай духоўнай акадэміі, пазьней магілёўскі дэкан айцец Язэп Белагаловы, загублены бальшавікамі на Салаўках, таксама пісаў: «Можа быць няма на сьвеце іншага народу, у якога рэлігійныя пачуцьці былі ў такой ступені сплеценыя зь яго нацыянальным жыцьцём і гістарычным мінулым, як у расейскага; для расейскага народу яго «праваслаўная вера» ні што іншае, як містычнае ўяўленьне аб нацыянальным жыцьці і гістарычным мінулым».
Нацыянальнае жыцьцё — гэта ня жарты.
Я пагаджуся і з Аксакавым, і зь Белагаловым. Дадам толькі, што час уносіць свае карэктывы ва ўсе працэсы, у тым ліку і ў нацыянальныя. І сёньня тое, што многія пагардліва называюць «савок», «саўковая псыхалёгія», на нашых вачах ператвараецца ў нацыянальную прыкмету. А нацыянальнае жыцьцё — гэта ня жарты, гэта таямніца і грамадзтва, і прыроды, амаль біялёгія плянэты.
Ідэалёгія можа набываць форму рэлігіі, а рэлігійнае пачуцьцё, у сваю чаргу, можа пазычаць звонку новыя ідэалягемы. У 2014 годзе, калі ўсход Украіны, падбухтораны паўночным суседам, паўстаў супраць новых уладаў Украіны, мне запомнілася моладзевая працэсія недзе ў Данбасе ў пачатку траўня. Маладыя людзі несьлі велізарную, на некалькі дзясяткаў мэтраў георгіеўскую стужку і пелі савецкія песьні. Погляд выхапіў з калёны прыгожага 25-гадовага хлопца з чыстым і адкрытым тварам, з сумленнымі і глыбокімі вачыма, які шчыра і вельмі прачула пеў:
Как-то летом на рассвете
Заглянул в соседний сад,
Там смуглянка-молдаванка
Собирает виноград...
Мяне працяла электрычным токам спагады і адкрыцьця. Я зразумеў, што для хлопца гэтая песьня нешта большае, чым проста савецкая традыцыя і павага да вэтэранаў. Гэта была частка яго нацыянальнай спадчыны, нацыянальнай традыцыі, частка яго нацыянальнасьці. Час унёс свае карэктывы, і людзі ў Данбасе баранілі ад «бандэраўцаў» ня толькі свае праваслаўныя цэрквы, але і помнікі Леніну.
Что ж вы перестали петь, вы же пели до начала репортажа?
Сёньня карэспандэнт каналу «России-24» падышоў у Маскве да групы немаладых жанчын у жоўтых майках і бэйсболках партыі «Справедливая Россия», якія пачалі казаць у мікрафон, што «праздник 1 Мая — это наш любимый праздник труда, мира, мая, весны...» А журналіст ім: «Что ж вы перестали петь, вы же пели до начала репортажа?» У адказ зайграў гармонік і члены партыі «Справедливая Россия» дружна грымнулі:
Виновата ли я, виновата ли я,
Виновата ли я, что люблю,
Виновата ли я, что мой голос дрожал,
Когда пела я песню ему...
А пасьля камэра павярнулася да выступоўца, які з трыбуны крычаў: «Да здравствует праздник труда 1 Мая! Да здравствует великая и могучая Россия!»
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.