Мясніковіч пракамэнтаваў графіці са сваёй выявай у Менску

Міхаіл Мясьніковіч.

Старшыня Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясьніковіч сказаў, што яго «зачапілі» графіці на «сьцяне Шчоткінай» у Менску.

Мясьніковіча цытуе партал sputnik.by:

«Увогуле, я таўстаскуры, але такія рэчы (графіці) чапляюць, вядома», — сказаў ён журналістам у кулюарах маладзёжнага конкурсу «100 ідэй для Беларусі-2016». — Але нічога, і гэта таксама перажывем«.

Мясніковіч таксама паведаміў, што пакуль не зьбіраецца станавіцца актыўным карыстальнікам сацыяльных сетак і адкрываць сваю старонку ў інтэрнэце. Гэтае рашэньне ён тлумачыць тым, што пра яго і так шмат усяго пішуць на форумах.

«Вы адкрыйце форум вядомага парталу, там столькі ўсяго напісана пра мяне», — дадаў ён.

Наклейка з выявай Мясьніковіча і надпісам «Гэта я ўвёў дарожны падатак. А паліўны акцыз цяпер ідзе кудысьці ў бюджэт» зьявілася на сьцяне будынка на вуліцы Дружнай у Менску 15 сакавіка.

Першая ж падобная налепка, але з членам Савету Рэспублікі і экс-міністрам працы Мар’янай Шчоткінай і надпісам «Гэта я аўтар падатку на беспрацоўных» была заўважаная на плоце ў цэнтры сталіцы 5 сакавіка.

Надпісы хутка выдалялі камунальнікі. 15 сакавіка на месцы графіці са Шчоткінай зьявіліся мноства маленькіх аплікацый з Мясьніковічам, нагадвае Tut.by.