Прэмію Цёткі атрымаў тандэм Арлова і Татарнікава за кнігу «Айчына»

Вільня у сярэднявеччы. Выява з кнігі «Айчына» Ўладзімера Арлова і Паўла Татарнікава


28 красавіка адбылося ўручэньне Прэміі Цёткі, якая прысуджаецца ў дзьвюх намінацыях: за найлепшую кнігу для дзяцей і падлеткаў і яе мастацкае афармленьне. Другі год запар мастацкае і літаратурнае журы ўручае прэмію адной і той жа кнізе ў дзьвюх намінацыях.

Сёлета гэта кніга «Айчына: маляўнічая гісторыя ад Рагнеды да Касьцюшкі», якая ўзяла дзьве прэміі і была прызнаная журы гарманічнай як зь літаратурнага, так і з мастацкага боку.

Абвяшчэньне ляўрэатаў пачалося з агучваньня шорт-лістоў Прэміі Цёткі.

Шорт-ліст мастакоў склалі ўсяго тры намінанты:

  1. Кацярына Дубовік з кнігай «Сьнежны чалавек у Мінску»
  2. Стася Сакалоўская з кнігай «Чаму вожык не стрыжэцца?»
  3. Павал Татарнікаў з кнігай «Айчына: маляўнічая гісторыя ад Рагнеды да Касьцюшкі»


Як адзначыў сябра журы Валеры Славук, «фаварыт вызначыўся адразу, бо ён, як самазвал сярод ровараў, адразу вылучаецца і па аб’ёму, і па пяцігадовай працы».

Вядоўца імпрэзы Уладзь Лянкевіч абвясьціў пераможцу і ўручыў Паўлу Татарнікаву артэфакт з выявай Цёткі на дрэве махагон. У сваёй ўрачыстай прамове Павал Татарнікаў распавёў:

«Ілюстратар і мастак Артур Рэкфілд казаў, што калі мастаку перастае падабацца, што ён робіць, трэба спыніцца, падумаць, знайсьці месца і намаляваць у куточку сабачку. Калі і гэта не дапамагае, то трэба гэтаму сабачку перабінтаваць лапку. Я магу сказаць, што ў маіх кнігах гэтыя сабачкі ёсьць. Яны часам выглядаюць як коцікі, мядзьведзікі, зайчыкі... Магчыма, не ўсе кнігу „Айчына“ назавуць дзіцячай. Але дзіця яно і ў 5, і ў 10, і ў 15 гадоў дзіця. Гэтую кнігу я рабіў з галоўным крытэрам не для сябе як мастака, не для калег і не для пакупнікоў, а для сябе самога, таго хлопчыка гадоў 12-14 -ці, бо ў маім дзяцінстве такіх кніг не было. А цяпер ёсьць у мяне, ёсьць у майго сына, і ў іншых дзяцей».

Абвяшчаць літаратурны шорт-ліст выйшла сябра журы Вера Жыбуль і адразу адзначыла, што кнігі сёлета тэлепатычна зьвязаныя ў тры тэматычныя блёкі: канікулы, гісторыя і жывёльны сьвет.

Паколькі на Прэмію Цёткі сёлета прэтэндавалі 38 аўтараў і 22 мастакі, літаратурны шорт-ліст апынуўся больш аб’ёмным і складаецца з 10 кніг-намінантаў:

  1. Уладзімер Арлоў. Айчына: маляўнічая гісторыя ад Рагнеды да Касьцюшкі
  2. Генадзь Аўласенка. Зайка польку танцаваў
  3. Раіса Баравікова, Уладзімер Ліпскі. Пра Бусю, які жыве на Беларусі
  4. Надзя Бука. Бася і Піглас
  5. Тамара Бунта. Дзяўчынка зь Вішнёвага завулка
  6. Алена Масла. Мяне завуць Лахнэска
  7. Іван Муравейка. Званочкі ў блакіце
  8. Міхась Плавінскі. Прыгоды Васількі з Брачыслаўля
  9. Тацяна Прышчэпава. Апэльсінавы настрой
  10. Ксенія Шталенкова. Адваротны бок люстра

Уладзімен Арлоў

Ну а Прэмію Цёткі і каштоўны артэфакт за найлепшую кнігу для дзяцей і падлеткаў атрымаў Уладзімер Арлоў:

«Я вельмі рады за сваіх герояў, якія нам з Паўлам некалькі гадоў не давалі спакою, прыходзілі ў снах ці на хісткай мяжы паміж яваю і сном. Прыходзіў Мікалай Радзівіл Руды і казаў: «Глядзіце, не пераблытайце мяне з Мікалаем Радзівілам Чорным. Зьяўлялася Сафія Слуцкая і казала, што яна была замужам за Янушам Радзівілам, але не за вялікім гетманам, а за віленскім кашталянам. Сьніліся тыя дзяўчаты, якіх татары гналі ў палон пасьля перамогі пад Клецкам і якія зьвівалі нашым рыцарам вянкі з лугавых красак.

Я думаю зь вялікай удзячнасьцю пра ўсіх, хто працаваў над кнігай: пра рэдактара кнігі Зьмітра Санько, рэдактарку Уладзю Бурымскую, пра нашу карэктарку Марыю Кавальчук, пра мастацкага рэдактара Віталя Катовіча. І пра Паўла Бераговіча, які разам з Саюзам беларускіх пісьменьнікаў, Беларускім ПЭН-цэнтрам і фондам „Вяртаньне“ застанаваў Прэмію Цёткі. Мы з Паўлам Татарнікавым з удзячнасьцю думаем пра ўсіх нашых чытачоў, якія, магчыма, паўплывалі на меркаваньне журы.

Мы не чакалі такога посьпеху, калі за 2 тыдні толькі ў Менску быў прададзены першы наклад. 327 чытачоў (гэта рэкорд быў) за адну толькі аўтограф-сэсію падпісалі ў нас кнігі. Павал маляваў дзяўчынкам розных узростаў Птушку Шчасьця, а хлопчыкам — Пагоньку. Гэта былі, безумоўна, незабыўныя вечары. Прычына посьпеху гэтай кнігі ня толькі і ня столькі ў плёне нашай з Паўлам працы, але і ў тых працэсах, што адбываюцца ў нашым грамадзтве. Гісторыя вабіць да сябе многіх нашых чытачоў. Дзякуй усім і найперш Цётцы».

Наколькі нялёгка было абмінуць увагай мастацкія кнігі і даць ўрэшце прэмію навукова-папулярнай кнізе для дзяцей і падлеткаў, падзялілася Вера Жыбуль:

«Сёлета так атрымалася, што тут у адной кнізе сышлося ўсё: вельмі добрая літаратурная арганізацыя тэксту, прадуманая кампазыцыя, добрая структура, што для ўсякай кнігі цудоўна. У сваім кшталце гэта апынулася адзіная кніжка. Былі кнігі, якія мы вылучалі і дыскутавалі, але да кожнай з гэтых кніг былі пытаньні. А вось хацелася даць прэмію кнізе, якая стала падзеяй. Таму менавіта „Айчына“ абышла ўсіх на фінішы».
Цікавую тэндэнцыю два ў адным, якую задала летась кніга «Сем ружаў» і сёлета працягнула «Айчына», пракамэнтаваў Свабодзе Уладзімер Арлоў:

«Тут ёсьць свая лёгіка. Калі складаецца творчы тандэм мастака і пісьменьніка, яны адно аднаго дапаўняюць і падцягваюць. Наша кніжка — гэта той рэдкі выпадак, калі імя пісьменьніка побач з імем мастака на вокладцы стаіць. Ня толькі Павал ілюстраваў тое, што я напісаў, але і я ілюстраваў тэкстамі тое, што Павал намаляваў. Таму што ён адыходзіў ад літаратурнай асновы. Ён маляваў сюжэты і партрэты, якія мяне змушалі пісаць новыя апавяданьні. Так узьнікла гісторыя пра князя Давыда Гарадзенскага, так узьніклі два апавяданьні пра Радзівілаў. Спачатку меркавалася, што будзе адно невялікае апавяданьне, але Павал намаляваў каля 10 партрэтаў Радзівілаў, намаляваў Мікалая Крыштофа Радзівіла Сіротку на вярблюдзе каля эгіпэцкіх пірамідаў. А ён напраўду там быў. І ў выніку я напісаў 2 апавяданьні: „Радзівілы: ваяры і палітыкі“ і „Радзівілы: мэцэнаты і творцы“ і сам для сябе цікавыя імёны ў родзе Радзівілаў адкрыў».

Адмысловым дыплёмам было таксама ўганараванае выдавецтва «Тэхналёгія», якое выдала кнігу «Айчына» выдатнай паліграфічнай якасьці. Як адзначыў Павал Татарнікаў у інтэрвію Свабодзе, выдатныя ілюстрацыі можа дашчэнту спаскудзіць няякасны друк, як гэта адбылося, скажам, з малюнкамі Юрыя Алісевіча да кнігі Валерыя Кастручына «Апошні рыцар, ці Казкі жука-аленя». Увага Прэміі Цёткі да выдавецкай справы вельмі карысная з пункту погляду павышэньня ўзроўню паліграфічнай якасьці беларускіх выданьняў з арыентацыяй на сусьветныя узоры.

У журы сёлета ўваходзілі мастакі Валеры Славук, Васіліса Паляніна-Календа, Тамара Шэлест і літаратары Вера Бурлак, Вольга Гапеева, Пятро Васючэнка, Вольга Мазурава, Андрэй Хадановіч.


Ляўрэаты Прэміі Цёткі, апрача дыплёмаў і памятных артэфактаў, атрымалі таксама сэртыфікаты на суму ў 2000 тысячы даляраў.