Бацькам Міхася Жызьнеўскага беларускія мытнікі ўчынілі паглыблены дагляд

Ніна і Міхаіл Жызьнеўскія. Здымак Кастуся Жукоўскага.

Бацькам героя Нябеснай Сотні Міхася Жызьнеўскага, Ніне Васільеўне і Міхаілу Пятровічу Жызьнеўскім, беларускія мытнікі на пункце пропуску «Новая Гута» ўчынілі паглыблены асабісты дагляд.

«Дзьве гадзіны трымалі ў боксе паглыбленага дагляду, ледзьве даехала дадому. Зараз прашу дачку, каб зрабіла ўколы, бо сэрца з грудзей выскоквае, — кажа Ніна Жызьнеўская.

Бацькі героя Нябеснай Сотні езьдзілі ў Кіеў, каб паглядзець народны мэмарыял сыну на вуліцы Грушэўскага, у які ў чарговы раз урэзалася машына.

На зваротным баку ўкраінскія памежнікі нават не прапаноўвалі Жызьнеўскім выйсьці з аўтамабіля — самі ўзялі і адзначылі пашпарты і паставілі штамп на перасячэньне мяжы.

«На беларускай мяжы, — апавядае Ніна Жызьнеўская, — муж мой разам з Віктарам Рубцовым і Кастусём Жукоўскім, які вазіў нас у Кіеў, панесьлі пашпарты на рэгістрацыю. А я засталася ў аўтамабілі. Мы нічога ня везьлі такога. Нас праверылі, а потым загадалі заехаць у спэцыяльны бокс. Усе мы апынуліся за зачыненымі дзьвярыма. Тут давай дэталёва аглядаць і машыну, і ўсіх нас. Я кажу: „Людцы, мне кепска, даце хоць пігулку выпіць“. Думаю, гэта робіцца дзеля таго, каб мы ня езьдзілі ў Кіеў, ня ставілі сьвечкі, не маліліся за сына».

Ніна Васільеўна кажа, што правяралі ўсіх. Нават яе сумачку зь лекамі перагледзелі.

Праз дзьве гадзіны Жызьнеўскіх адпусьцілі. Кастусь Жукоўскі і Валер Рубцоў запатрабавалі скласьці пратаколы, што нічога забароненага празь мяжу не перавозілася.

«Дабраліся да Гомеля ў расстроеных пачуцьцях. Сэрца баліць, ціск падняўся. Трэба мець здароўе, каб пераехаць беларускую мяжу», — лічыць Ніна Жызьнеўская.