Жонка палітыка Міколы Статкевіча Марына Адамовіч паведамляе ў сацсетках, што яе муж зноў зьнік і не азываецца. Тэлефон палітыка адключаны. У пастарунках па тэлефонах адказваюць, што ў іх яго няма. Марына Адамовіч зьбіраецца заўтра шукаць мужа ў судах.
На 1 траўня Мікалай Статкевіч арганізуе чарговую вулічную акцыю. Ён перадаў у Менгарвыканкам сваю заяву, у якой паведаміў аб правядзеньні 1 траўня сьвяточнага сходу на Кастрычніцкай плошчы.
«У адпаведнасьці з правам, гарантаваным артыкулам 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і падпісанымі нашай краінай міжнароднымі пагадненьнямі, паведамляю пра намер Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу далучыцца да сьвяткаваньня дзяржаўнага сьвята — Дня Працы 1 траўня, і правесьці ў гэты дзень на Кастрычніцкай плошчы Менску сьвяточны сход», — гаворыцца ў заяве.
Калі за два дні да Маршу на Дзень Волі Мікола Статкевіч таксама перастаў выходзіць на сувязь, пазьней высьветлілася, што яго затрымалі і пратрымалі ў сьледчым ізалятары КДБ, выпусьціўшы толькі 27 сакавіка. Марына Адамовіч дапускае, што гэтым разам можа паўтарыцца той жа сцэнар альбо Статкевічу могуць прысудзіць напярэдадні акцыі арышт, і таму зьбіраецца заўтра шукаць яго ў судах.