Прыморскі раённы суд Адэсы арыштаваў грамадзяніна Беларусі — былога намесьніка генэральнага дырэктара Адэскага нафтаперапрацоўчага заводу, які падазраецца ва ўдзеле ў арганізаванай злачыннай групоўцы, што займалася продажам не аформленых на мытні нафтапрадуктаў на тэрыторыі Ўкраіны.
Апошнім часам ён працаваў кіраўніком сеткі заправак «SUN OIL». Аднак, ні ў кампаніі, ні ў рашэньні суду прозьвішча не ўдакладняецца.
Згодна з судовым рашэньнем, беларус, ураджэнец Мазыра, арыштаваны на 60 дзён з правам унясеньня залогу памерам 15 мільёнаў грыўняў (больш як паўмільёна даляраў у эквіваленце) і пакуль утрымліваецца ў адным са сьледчых ізалятараў Адэсы.
Паводле сьледзтва, пад ягоным кіраўніцтвам на Адэскім нафтаперапрацоўчым заводзе у парадку рээкспарту аформлены фіктыўны вываз праз прадпрыемства больш як 700 тысяч тон сьветлых нафтапрадуктаў, якія, фактычна, рэалізаваліся праз падкантрольныя фіктыўныя прадпрыемствы на тэрыторыі Ўкраіны бяз выплаты мытных плацяжоў. У выніку дзяржаўны бюджэт Украіны не атрымаў каля 2 мільярдаў грыўняў (1 даляр — 26,55 грыўняў).
У часе расьсьледаваньня гэтай справы пракуратура Адэскай вобласьці супольна з органамі паліцыі і Адэскім упраўленьнем Службы бясьпекі Ўкраіны паведамілі пра падазрэньні 16 фігурантам. Яшчэ некалькі мэнэджэраў Адэскага нафтаперапрацоўчага заводу абвешчаныя ў вышук. Сьледзтва не выключае, што яны хаваюцца ў Расеі.
Ва Ўкраіне гэтую справу называюць «справай Сяргея Курчанкі» — аднаго з паплечнікаў ды галоўных фінансістаў былога прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча. У лютым 2013 года ягоная група выкупіла ў «Лукойлу» 99,6% акцый Адэскага нафтаперапрацоўчага заводу.
Адразу ж пасьля ўцёкаў з Украіны Віктара Януковіча ў лютым 2014 году з офісу кампаній Сяргея Курчанкі былі вывезеныя і зьнішчаныя ўсе дакумэнты. У сакавіку супраць яго былі адкрытыя 11 крымінальных спраў і арыштаваная ягоная ўкраінская маёмасьць. Паводле сьледзтва, менавіта Сяргей Курчанка, які зараз знаходзіцца ў Расеі і атрымаў расейскае грамадзянства, распрацаваў схему продажу нафтапрадуктаў на падставе фіктыўнага рээкспарту.