Спартовец расказаў, што на курсы яго запрасіў заснавальнік Глеб Лабадзенка. На курсы «Мова нанова дзеткам» Віталь вадзіў сваю дачку.
«Вельмі добрая, сямейная атмасфэра, — падзяліўся са Свабодай Віталь Радзівонаў. — Уражаньні выключна станоўчыя, цікавая публіка, думаю, кантактаваньне было карысным для ўсіх».
Віталь кажа, што некалькі гадоў таму зрабіў сьвядомы выбар і схіліўся ў бок беларушчыны — зацікавіўся беларускай гісторыяй, пачаў удзельнічаць у беларускамоўных культурных праектах. А нядаўна ў беларускамоўную гімназію пайшла ягоная дачка.
Добрыя водгукі атрымаў беларускамоўны відэаролік «Футбол — гэта...» з Радзівонавым у галоўнай ролі.
У адным зь інтэрвію на Радыё Свабода Віталь Радзівонаў наракаў на адсутнасьць у Беларусі роўных умоваў для расейскай і беларускай моваў:
«На жаль, роўных умоваў няма. Не кажу нават пра школы і г.д. У нас увесь дакумэнтаабарот ідзе па-расейску, хоць яшчэ ня так даўно было прынамсі на дзьвюх мовах... Натрапіў на відэа 1990-х гадоў. Кінулася ў вочы, што тады нашмат больш людзей кантактавалі паміж сабой на роднай мове. І беларускамоўных перадач на тэлевізіі было куды больш. Але вось так паступова беларуская мова адсоўваецца. І ўвогуле такое адчуваньне, што ў саюзныя часы ў Беларусі па-беларуску гаварылі больш, чым цяпер. Не магу нічога сьцьвярджаць, з чым гэта зьвязана, — неяк сам сабой працэс ідзе.
Але дастаткова шмат вядомых людзей выказалі сваё паважлівае стаўленьне да беларускай мовы, падтрымліваюць яе, а значыць — прапагандуюць. Як вынік, іншыя людзі таксама зьвяртаюць на гэта ўвагу. Больш за тое, як мне здаецца, сёньня ў асяродку моладзі размаўляць па-беларуску нават становіцца модным».