Дэмакратычныя прафсаюзы будуць вызначацца з фарматам «Першамаю»

Ілюстрацыйнае фота

28 красавіка ў офісе Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) адбудзецца паседжаньне аргкамітэту, удзельнікі якога прымуць канчатковае рашэньне пра фармат правядзеньня 1 траўня маршу салідарнасьці.

Напярэдадні кіраўніцтва БКДП атрымала адказ з подпісам намесьніка старшыні Менгарвыканкаму Ігара Юркевіча на заяўку аб правядзеньні 1 траўня шэсьця і мітынгу ў сталіцы.

Спаслаўшыся на артыкул 9 закону «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь» («забарона на правядзеньне масавых мерапрыемстваў у адным і тым жа месцы або адным і тым жа маршрутам руху»), Менгарвыканкам адмовіў у правядзеньні шэсьця ад Акадэміі навук да плошчы Бангалор. Але дазволіў мітынг у наступным парадку: збор удзельнікаў у парку Дружбы народаў 1 траўня ад 17.00 да 17.30; мітынг на сцэнічнай пляцоўцы там жа ад 17.30 да 19.30 з агульнай колькасьцю ўдзельнікаў да 2 тысяч.

Аляксандар Ярашук

«Мы зьбіраемся высьвятляць у Менгарвыканкаме абгрунтаванасьць адмовы БКДП у шэсьці. Гарадзкія ўлады павінны даць адказ, хто яшчэ, акрамя нас, 1 траўня мае намер праводзіць масавае мерапрыемства ад 16.00 да 17.00 па маршруце Акадэмія навук — плошча Бангалор», — тлумачыць старшыня БКДП Аляксандар Ярашук.

У іншых гарадах Беларусі (за выключэньнем Гомлю), дзе прафсаюзныя арганізатары падавалі заяўкі на правядзеньне мерапрыемстваў 1 траўня, у такім праве арганізатарам было адмоўлена.