У Маскве невядомы абліў зялёнкай апазыцыянэра Аляксея Навальнага. Як паведаміла прэс-сакратар палітыка Кіра Ярмыш, гэта адбылося на выхадзе з офісу Фонду барацьбы з карупцыяй, адкуль Навальны накіроўваўся на выступ на Global Event Forum.
Пасьля нападу апазыцыянэра забралі ў бальніцу — зялёнка трапіла яму ў вока. Палітыку дыягнаставалі «хімічны апёк правага вока».
Кіраўнік перадвыбарчага штаба Навальнага Леанід Волкаў распавёў Радыё Свабода, што цяпер палітык знаходзіцца ў шпіталі: «Ён пакуль знаходзіцца там. Вока бачыць, але баліць. Да чаго гэта прывядзе, пакуль незразумела. Паліцыянты прынялі заяву, але адбіраць [запісы] камэры відэаназіраньня відавочна не сьпяшаюцца. Мы будзем патрабаваць расьсьледаваньня і ўзбуджэньня крымінальнай справы. На кампанію гэта [напад] не паўплывае», — распавёў Волкаў.
У сакавіку Навальнага аблілі зялёнкай на адкрыцьці яго перадвыбарчага штабу ў Барнауле. Нягледзячы на напад, палітык выступіў перад сваімі прыхільнікамі.
Юрыст Фонду барацьбы з карупцыяй Іван Жданаў апублікаваў у твітэры фота меркаванага нападніка.
Аляксей Навальны мае намер удзельнічаць у выбарах прэзыдэнта Расеі ў 2018 годзе. Вылучэньне апазыцыянэра ўжо падтрымалі больш за 400 тысяч расейцаў, па ўсёй краіне да цяперашняга часу адкрытыя 25 перадвыбарчых штабоў палітыка.
У сакавіку заснаваны Навальным Фонд барацьбы з карупцыяй апублікаваў расьсьледаваньне аб незадэкляраванай нерухомасьці кіраўніка ўраду Дзьмітрыя Мядзьведзева. Пасьля гэтага па ўсёй Расеі прайшлі антыкарупцыйныя акцыі пратэсту.