Падарожнік Яцэк Палкевіч прэзэнтуе ў Менску «Новы Шаўковы Шлях — 2017»

Яцэк Палкевіч (Jacek Pałkiewicz)

Усясьветна вядомы польскі падарожнік, сябра шматлікіх міжнародных геаграфічных таварыстваў, аўтар шэрагу кніг Яцэк Палкевіч наведае Беларусь 3–5 траўня. Пра гэта Свабодзе сказалі ў амбасадзе Польшчы ў Менску.

Палкевіч прэзэнтуе свой чарговы праект пад назвай «Новы Шаўковы Шлях — 2017». Мэта ягонай ідэі — прайсьці старажытны шлях у сучасных рэаліях. Празь некалькі месяцаў калёна пазадарожнікаў выправіцца з Польшчы ў Кітай, яе маршрут пройдзе празь Беларусь. Палкевіч хоча паказаць магчымасьці і шанцы, якія дае эўразійскае супрацоўніцтва ў XXI стагодзьдзі.

У Менску Яцэк Палкевіч возьме ўдзел у сустрэчах у МЗС і Міністэрстве спорту і турызму, а таксама паразмаўляе з моладзьдзю, студэнтамі і журналістамі.

На прэзэнтацыі праекту «Новы Шаўковы Шлях — 2017» можна будзе задаць пытаньні вядомаму падарожніку. Сустрэча адбудзецца ў менскім «Прэс-клюбе» па вуліцы Харужай, 3, офіс 601, у чацьвер 4 траўня а 16-й гадзіне.

Больш інфармацыі пра Палкевіча і ягоныя дасягненьні на пэрсанальным сайце palkiewicz.com.