У Вэнэсуэле не спыняюцца вулічныя акцыі пратэсту. Падчас сутыкненьняў паміж праціўнікамі прэзыдэнта-сацыяліста Нікаляса Мадуры і паліцыяй ды баліварыянскай гвардыяй, загінулі ня менш за 26 чалавек. Пра гэта напярэдадні паведаміла генэральны пракурор Вэнэсуэлы Люіза Артэга Дыяс.
У супрацьстаяньні таксама ўдзельнічаюць і прыхільнікі цяперашняга рэжыму. На днях Мадура паабяцаў мабілізаваць яшчэ больш дружыньнікаў з цывільнага насельніцтва і раздаць ім зброю, каб здушыць маршы апазыцыі.
Міністар замежных спраў Вэнэсуэлы Дэлсі Радрыгес прыстрашыла, што краіна выйдзе з Арганізацыі амэрыканскіх дзяржаў, у якую ўваходзяць усе дзяржавы рэгіёну за выключэньнем Кубы. Гэта здарыцца, калі арганізацыя правядзе пасяджэньне пра сытуацыю ў Вэнэсуэле бяз згоды вэнэсульскіх уладаў, сказала яна. У канцы сакавіка, пасьля таго, як Вярхоўны суд Вэнэсуэлы заблякаваў працу парлямэнту, кіраўнік Арганізацыі амэрыканскіх дзяржаў Люіс Альмагра назваў тое, што адбылося «самастойным пераваротам» ўраду.
Пратэсты ў Вэнэсуэле працягваюцца ўжо больш за тры гады — увесь гэты час у краіне не хапае прадуктаў і мэдыкаментаў, многія лідэры апазыцыі знаходзіцца за кратамі.
Генпракурор Люіза Артэга Дыяс настойвае, што пратэстоўцы загінулі ад рук снайпэраў, якія спэцыяльна страляюць па ўдзельніках пратэстных акцый, каб скампрамэтаваць урад.
Тым часам прафсаюз журналістаў Вэнэсуэлы заявіў, што падчас акцый пратэсту ахвярамі нападаў сталі каля 100 журналістаў, а 14 апынуліся за кратамі. Прэзыдэнт Нікаляс Мадура называе людзей на вуліцы тэрарыстамі, абвінавачваючы іх у сувязях з ЗША.
Your browser doesn’t support HTML5
Вэнэсуэла валодае самымі буйнымі разьведанымі запасамі нафты ў рэгіёне, але з-за асаблівасьцяў гэтага гатунку вуглевадароду страціла магчымасьць здабываць яе самастойна. Вось як гэта тлумачыць прадстаўнік расейскай кампаніі RusEnergy Міхаіл Круціхін:
Каб гэтая нафта цяжкая пацякла нейкім чынам у танкеры, трэба яе разводзіць лёгкімі гатункамі.
— Рэч у тым, што калі там працавалі замежныя кампаніі, у прыватнасьці амэрыканскія, то Вэнэсуэла вельмі актыўна гандлявала сваёй нафтай, пастаўляючы яе на амэрыканскія нафтаперапрацоўчыя заводы на поўдні ЗША, у Люізіяне і Тэхасе. Рэч уся ў тым, што нафта гэтая вельмі цяжкая, з высокім утрыманьнем серы, і заводы нафтаперапрацоўчыя ў тых раёнах ЗША былі нібыта заточаныя менавіта пад такі гатунак нафты. Але адбылося наступнае: каб гэтая нафта цяжкая, амаль бітумінозная, пацякла нейкім чынам у танкеры, яе можна было экспартаваць, трэба яе разводзіць лёгкімі гатункамі, інакш яна не пацячэ.
...Ёсьць два розных рынкі — ёсьць рынак цяжкай нафты, ёсьць рынак лёгкай нафты. Вось калі звышцяжкая нафта, звышгустая, дык яе трэба разводзіць. Дарэчы, з-за гэтага прыйшлося заключаць пагадненьне вэнэсуэльцам з «Раснафтай». «Раснафта» паабяцала лёгкую нафту з Расеі пастаўляць туды для таго, каб можна было нешта разводзіць. Паколькі пасьля таго, як былі выгнаныя фактычна замежныя кампаніі, заходнія кампаніі, скажам, з Вэнэсуэлы, новае кіраўніцтва краіны сацыялістычнае, левае кіраўніцтва краіны вельмі хутка стала эксплюатаваць радовішча лёгкай нафты. І фактычна там засталося зусім трошкі, і разводзіць цяжкую нафту няма чым.
— Гэта значыць, яны празь няправільную тэхналёгію проста вычарпалі магчымасьці пастаўляць сваю нафту на рынак?
— Гэта не няправільная тэхналёгія. Гэта, хутчэй, некампэтэнтнасьць і безгаспадарчасьць.