Сябры прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці Аляксей Паўлоўскі і Аляксандар Хамратаў патрабуюць прыцягнуць да адказнасьці Аляксандра Лукашэнку за парушэньне ім правілаў тэхнікі бясьпекі на будоўлі. Пакараньня, на іхную думку, заслугоўваюць і тыя, хто дапусьціў на абʼект «неатэставаную асобу» бяз сродкаў індывідуальнай абароны.
Прафсаюзьнікі зьвярнуліся ў Дэпартамэнт па працы і сацыяльнай абароне, калі пабачылі растыражаваныя дзяржаўнымі СМІ відэа- і фотаздымкі, на якіх кіраўнік дзяржавы на суботніку 22 красавіка бяз каскі залівае бэтон на будоўлі гімнастычнага комплексу.
«Паколькі будоўля — гэта абʼект павышанай небясьпекі, то знаходжаньне на ёй неатэставаных працаўнікоў, а пагатоў бяз сродкаў індывідуальнай абароны, забаронена заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.
«Тое, што мы пабачылі на фота і відэа — гэта відавочнае парушэньне правілаў бясьпекі. Любая праверка за такое парушэньне карае і працаўніка, і адміністрацыю арганізацыі-наймальніка. А тут кіраўнік дзяржавы „паказвае прыклад для перайманьня“. Каму такая праца патрэбная? Відаць, Лукашэнка лічыць, што законы ды патрабаваньні не для яго і ён можа вытвараць што хоча. Але такая практыка заганная. Некалі можа канцом бэтонаправода дужа добра яму перапасьці», — кажа Аляксей Паўлоўскі.
«Бэтонаправод знаходзіцца пад ціскам, і існуе верагоднасьць самаадвольнага хаатычнага перасоўваньня, з прычыны чаго магчымы гідраўдар па неабароненых месцах цела, — патлумачылі прафсаюзьнікі. — Патрабуем прыцягнуць да адказнасьці вінаватых, якія дапусьцілі неатэставаную асобу бяз сродкаў індывідуальнай абароны. І не дапускаць надалей такіх правапарушэньняў».
Аляксандар Хамратаў у магілёўскім прадстаўніцтве прафсаюзу РЭП аказвае юрыдычныя кансультацыі, у тым ліку ў пытаньнях парушэньня наймальнікамі правілаў тэхнікі бясьпекі.
Аляксей Паўлоўскі адпрацаваў на будоўлі 35 гадоў. Цяпер беспрацоўны. Кажа, што ня можа знайсьці працу, бо бароніць правы працоўных. Таксама настойвае, каб адміністрацыі будаўнічых арганізацыяў выконвалі патрабаваньні тэхнікі бясьпекі.
У 2012 годзе Аляксей Паўлоўскі ўжо скардзіўся ў Дэпартамэнт дзяржаўнай інспэкцыі працы. Тады нагодай для звароту стала прысутнасьць на будаўнічым аб’екце Аляксандра Лукашэнкі, які быў бяз каскі, ягонага непаўналетняга сына, а таксама спартоўкі Дар’і Домрачавай. Паўлоўскі тады прасіў пакараць брыгадзіра і прараба, якія дапусьцілі парушэньні.
У адказе з дэпартамэнту прафсаюзьніку адпісалі, што асобы, якіх ён згадаў, ні працоўных, ні грамадзянска-прававых адносін з арганізацыяй, якая будуе аквапарк, ня маюць. Таму караць спэцыялістаў, адказных за допуск, няма падставаў.