На запрашэньне Беларускай фэдэрацыі футболу 27-29 красавіка Беларусь наведаюць Тыфані Робэртс Сагайдак і Зола Саламэнтэ — зоркі ўсясьветнага жаночага футболу са Злучаных Штатаў Амэрыкі. Пра гэта Свабодзе паведамілі ў амбасадзе ЗША ў Беларусі.
Гэта складнік праграмы ўраду ЗША «Пасланцы спорту», якая ажыцьцяўляецца па ўсім сьвеце. Амэрыканскія футбалісткі правядуць сустрэчы з моладзьдзю, а таксама стануць удзельніцамі адкрытых трэніровак у Менску і Магілёве.
Апроч таго, Тыфані і Зола наведаюць дзіцячую вёску SOS у Мар’інай Горцы на Меншчыне.
Тыфані Сагайдак — алімпійская чэмпіёнка, чэмпіёнка сьвету ў жаночым футболе, цяпер трэнэрка. Зола Саламэнтэ — чатырохразовая чэмпіёнка ЗША.