Кляйнэгартэны беларускай думкі

Эварыст Карпэнтְ’е «Дзяўчынка ў садочку»

«100 словаў», «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе»; укладальнік Ян Максімюк; Радыё Свабода 2017.

«Ён ляжаў, слухаў і думаў пра свае пчолы і сад. Ягоны рай на зямлі. Ня ведаў яшчэ, якім будзе ягоны рай на небе».
Валянціна Аксак

«Бандзюкі былі страшныя датуль, пакуль людзі не аб’ядналіся. Па вялікім рахунку, нават і мільён можа быць нічым, калі кожны сам па сабе».
Дзьмітры Гурневіч

Вандруючы па Эўропе на цягніках, вельмі люблю разглядаць, калі трапляюцца па дарозе, мініятурныя лецішчы абапал чыгункі. Дагледжаныя дзяляначкі з ажурнымі бытовачкамі, арэлькамі ды клюмбачкамі або парнічкамі, у нетрах якіх мірсьцяцца крамяныя, арганічным чынам прарошчаныя памідорчыкі… Або нават занядбаныя ўчасткі са скасабочанымі хлеўчукамі, скляпанымі з ламачча, — зусім як на нашых дачах пад Радашковічамі.


Найбольш такімі міні-вертаградамі славіцца Нямеччына.

кароткія тэксты вымагаюць доўгага асэнсаваньня

Чытаньне кнігі «100 словаў» нагадала мне гэткае разгляданьне чужых садкоў, аддзеленых адзін ад аднога сеткай-рабіцай. Стыль зьмяняецца стылем, настроі пераключаюцца, як агні сэмафору, мозг перапаўняецца ўражаньнямі. Кароткія тэксты вымагаюць доўгага асэнсаваньня.


Ініцыятары папулярнай рубрыкі «Радыё Свабода», якая лягла ў аснову кнігі, далі аўтарам поўную тэматычную свабоду, зрабіўшы адно — фармальнае — абмежаваньне: ня больш за сто словаў у тэксьце. Палічыўшы, відаць, што, не раўнуючы, як у вядомым аповедзе пра Шэрлака Голмса, дзе той інсцэніраваў пажар перад Ірэн Адлер, трапіўшы ў экстрэмальныя для сябе ўмовы сьціслага фармату, беларускія журналісты ды літаратары будуць змушаныя выдаць нам найважнейшае.


Так, па-мойму, і адбылося.

Ян Максімюк стварыў стракатую лапікавую коўдру

Нарэзаныя на аднолькавыя адцінкі тэксты самых размаітых жанраў — ад вершаў і лірычных мініятураў да размоваў, падслуханых на вуліцы, -укладальнік кнігі Ян Максімюк ператварыў у стракатую лапікавую коўдру, якую ўжо трапна ахрысьцілі «мэнтальнай мапай Беларусі».


Цікава, што нямецкія «кляйнэгартэны» абапал чыгунак і аўтабанаў утвараюцца падобным чынам. Малапрывабная для інвэстараў зямля дзеліцца на невялікія надзелы (звычайна па тры соткі). Муніцыпалітэты прадаюць гэтыя квадрацікі або здаюць у арэнду жыхарам, якія ня маюць уласных падворкаў, строга рэглямэнтуючы фармат выкарыстання зямлі. Нельга будаваць сталага жытла. Нельга заставацца на ноч. Нельга прадаваць ураджай. У некаторых частках Нямеччыны нельга садзіць дрэвы вышэйшыя за два мэтры.


У астатнім — рабі, што хочаш. Немцы выкарыстоўваюць свае кляйнэгартэны, каб адвесьці душу. Займець выспачку прыватнасьці ў вялікім, безаблічным горадзе.


«Адвесьці душу» — гэты выраз сустракаецца і ў прадмове да кнігі «100 словаў».

садаводзтва, гародніцтва, вёска – скразная тэма кнігі

Стаслоўныя абразкі строга падзеленыя («сеткай-рабіцай») на тэматычныя блёкі: моўнае, невымоўнае, паэтычнае, траўматычнае… Кулінарнае, любоўнае, кнігалюбнае… Паказальна, што «садова-агароднае» займае тут асобную дзялянку. Але садаводзтва, гародніцтва, вёска — скразная тэма кнігі. Для прыкладу, у рубрыцы «Грамадзкае» Аксана Спрынчан расказвае, як яе непітушчая калега здымае стрэс ад атрыманага заробку гарэлкай, у той час як яна сама з такога ж заробку і таксама, каб зьняць стрэс, набывае насеньне для лецішча. І падсумоўвае: «…якое шчасьце мець маленькі лапік зямлі, які натхняе».


Абразкі Аксаны Спрынчан, а таксама Валянціны Аксак і Альжбэты Кеды і былі той прычынай, па якой мне згадаліся нямецкія кляйнэгартэны.


Але ў маім тэксьце ёсьць і другі эпіграф.


Словы Дзьмітрыя Гурневіча як найлепей дапаўняе абразок Ціхана Чарнякевіча «Плошча Ленана»:


«З найбольшых уражаньняў за апошнія пару гадоў — цырымонія закрыцьця лёнданскай Алімпіяды, дакладней, невялікі адтуль эпізод, калі на вялікім стадыённым экране паказаўся Джон і зайграў на белым раялі «Imagine», а пакуль іграў, з розных канцоў стадыёну, проста ў цёмны ягоны цэнтар, памкнуліся асьветленыя дробачкі-фрагмэнты і ўтварылі ўрэшце сьветлы ленанаўскі твар, што праіснаваў усяго сэкундаў дзесяць і распаўся з апошнім акордам.


Калі пачынаюцца выбухі, падае долу пасажырскі самалёт і на парад выпаўзаюць чарговыя танкі, заплюшчваю вочы, уяўляю сябе чалавекам з кавалачкам ленанаўскага твару на плячах, і справа мая — дайсьці ў патрэбную кропку. Пакуль не прагучала «and the world will live as one».

усё гэта пра ўнутраную эміграцыю

Кніга «100 словаў», як мне здаецца, дэманструе бясьсільле беларускіх думаньнікаў у супрацьстаяньні беларускай штодзённасьці ды глябальным выклікам. Апатыю ад немагчымасьці нешта зьмяніць. Падсьвядомая прага зашыцца ў свае градкі, кухні, кнігі, песьні ды іншыя надзейныя, камфортныя для псыхікі сховы — усё гэта пра ўнутраную эміграцыю. Мы даўно падазравалі гэты дыягназ паводле сымптомаў, але цяпер добры доктар Ян Максімюк пацьвердзіў яго анамнэзам. І гэта зусім не пра «ўсеагульную млявасьць і абыякавасьць да жыцьця». Зусім не пра брак ёду ці залішак крухмалу. Гаворка пра асаблівую адвагу — адвагу паказаць сваю слабасьць. Што, канешне, не азначае, нібы «100 словаў» — слабая кніга.


Безумоўна, меў рацыю Вальтэр, і яно, канешне, варта ўзрошчваць свой сад, паменш вытыркаючы носа ў суседзкія. Але з дапамогай кнігі «100 словаў» мы атрымалі магчымасьць зазірнуць у садочкі, якія не маюць ніякіх шанцаў скласьціся ў адзін вялікі цэльны парк. І гэта ў ёй самае сумнае.


А ведаеце, што самае цудоўнае ў гэтай кнізе? Я напісаў пра тое, што адгукнулася менавіта мне. Магчыма таму, што вясна, вёска і навокал прыбіраюць падворкі і садзяць грады. Кожны з вас можа прачытаць абсалютна, неймаверна, неверагодна іншую кнігу.


Тры нямецкія соткі, сто беларускіх словаў.