Лукашэнку патрэбен ад Парашэнкі досьвед эўраінтэграцыі, а прэзыдэнту Ўкраіны цікавая думка беларускага калегі пра абыходжаньне з агрэсіўнай пуцінскай Расеяй. Менавіта пра гэта перш за ўсё размова 26 красавіка на перамовах Пятра Парашэнкі і Аляксандра Лукашэнкі, адзначае ў інтэрвію ўкраінскай службе Радыё Свабода кіеўскі палітычны экспэрт Віктар Небажэнка.
На яго думку, насуперак рэнамэ «апошняга дыктатара Эўропы», майстар палітычнага манэўру Лукашэнка як можа супраціўляецца Крамлю. І нядаўняе выказваньне «бацькі» пра беларускія «майданутых», якія нібыта езьдзілі ў Кіеў набываць практыку правакацыяў, адрасаваны найперш расейскай аўдыторыі.
— Што могуць Парашэнка і Лукашэнка сказаць адзін аднаму?
— Нашы краіны мяжуюць адна з адной. Другая тэма іх зносін — анэкдоты пра Пуціна, зь якіх будуць вельмі рагатаць. Проста гледзячы ў вочы Лукашэнку, Парашэнка пацікавіцца: «А ці праўда, што расейскія войскі неўзабаве ўварвуцца на тэрыторыю Беларусі?» На што дасьціпны Лукашэнка адкажа: «Яны ўжо знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі». Гэта значыць, Парашэнка і Лукашэнка, вядома, абмяркуюць свайго паўночнага суседа. І ў прыватнасьці гаворка пойдзе, напэўна, пра вялікі нелегальны гандаль, што адбываецца паміж Украінай і Беларусьсю і Беларусьсю і Расеяй. І менавіта для Беларусі вельмі важнае мяккае ўваходжаньне ў Эўропу — вельмі, вельмі асьцярожнае і мяккае. І, бясспрэчна, досьвед Парашэнкі тут можа дапамагчы Лукашэнку.
— Прыгадаем: калі Майдан ва Ўкраіне перамог, тагачаснага выканаўцу абавязкаў прэзыдэнта Аляксандра Турчынава Лукашэнка прымаў у Менску (хоць Масква катэгарычна тады не прызнавала «постмайданавую» ўладу ў Кіеве). «Бацька» прыяжджаў на інаўгурацыю прэзыдэнта Парашэнкі. Успомнім некаторыя рэзкія заявы прэзыдэнта Беларусі ў адрас кіраўніцтва Расеі... А потым Лукашэнка палохае беларусаў «майданутымі» (менавіта такое слова ён ужывае)...
— Усё правільна. Проста Лукашэнка добра ведае, як дзейнічае расейская палітычная кухня. Ён дае нэгатывы пра Ўкраіну як ежу для расейскіх СМІ, якія адыгрываюць большую ролю, чым проста мэдыя. У той жа час Лукашэнка займаецца нармальнай палітыкай — як можа супраціўляецца Расеі. Прыгадайце, як ён на ўсю краіну расказваў (гэта ягоны славуты выступ месяц таму), што Расея за 500 млн даляраў зладзіла грандыёзны прэсінг усёй Беларусі. Ці гэта ня доказ, што ніякага Эўразійскага, а тым больш Мытнага саюзу не існуе. Лукашэнка ўмее манэўраваць. Калі трэба, ён укідае нэгатывы ў дачыненьні Беларусі і Расеі. Калі трэба — у дачыненьні Беларусі і Ўкраіны. А галоўнае, Лукашэнка вельмі акуратна, ня дражнячы Расею, спрабуе пракласьці масты супрацоўніцтва з Захадам.
— Хто з гэтых двух прэзыдэнтаў больш патрэбен другому: Парашэнка Лукашэнку альбо Лукашэнка Парашэнку?
— Адзін аднаму патрэбныя аднолькава. Абмеркаваньне жа ў іх адно — што рабіць зь непрадказальнай агрэсіяй Расеі. Беларусь ня можа дазволіць сабе ніякіх жорсткіх крокаў, а Ўкраіна знаходзіцца ў стане вайны. Плюс, паўтараю, — прасоўваньне Беларусі (хоць і вельмі асьцярожнае) у Эўропу, што робіць Украіна. Тое, што Лукашэнка заказвае для Беларусі нафту ў Іране, якую будуць пастаўляць праз Украіну, сьведчыць, што любові паміж Менскам і Крамлём ужо няма.